Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Андрэй Расінскі


Андрэй Расінскі – беларускі культуроляг і кінакрытык. Закончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя М. Ламаносава (біялягічны факультэт), асьпірантуру па спэцыяльнасьці “Гісторыя ўсясьветнай культуры”. Нарадзіўся і жыве ў Менску. Працуе ў тыднёвіку “Наша ніва”.

Што для вас свабода?

Свабода – дзе Дух Божы.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Я сам і абмяжоўваю.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Тое яшчэ ня здарылася.

Які талент вы хацелі бы мець?

Усе таленты, якія заслугоўваю, я ўжо маю.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Рэйтынг парадаў слушна падводзіць напрыканцы жыцьця. Я не зусім упэўнены, што ўжо прыйшоў час…

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Палітычная сыстэма неістотная, за выняткам абуральных выпадкаў (дэспатыя, ахлакратыя). Дэспатаў, звычайна, чакае пакараньне.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху Сярэднявечча.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Я жыву ўжо ў гэтай краіне.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што зрабілі б найперш?

Я не прэтэндую на пасаду кіраўніка Беларусі.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Эўрапейскія.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Суседзка-ветлівыя.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая.” А Вы?


Дыктатуры не бываюць сваімі. Яны ўсе чужыя для чалавека.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі абваліцца ўзровень індустрыяльнай занятасьці. Сцэнар зьменаў залежыць ад таго, якімі тэмпамі будзе ісьці гэты абвал.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Яны гавораць па-беларуску, але ціха і самі сабе.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Яны будуць па-беларуску маўчаць, але потым забудуць і гэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG