Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў, завулак Чкалава, 16


Дом “Кола сяброў”
Дом “Кола сяброў”
Шыльда свабоды:
Магілёў, завулак Чкалава, 16
Гэты дом, збудаваны ўласнымі сіламі дэмакратычнай грамады горада ў 1996 годзе, стаў культурным цэнтрам вольнай Магілёўшчыны. Аб’ядноўвала ініцыятывы і рухі грамадзкае аб’яднаньне “Кола Сяброў”, якое існавала з 1995 да 2006 году.

Больш за дзесяць гадоў у Магілёве існавала “Кола сяброў”. Такі назоў афіцыйна зарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня як найлепей кажа пра дух і справы групы аднадумцаў, апантаных ідэяй стварэньня ў сваім асяродзьдзі і грамадзтве свабоднай супольнасьці.

Ля вытокаў цэнтру стаялі Віталь Васількоў, Сымон Глазштэйн, Ігар Шары, Сяргей Шышкін, Аляксандар Ліцін, Валянціна і Ўладзімер Гвазьдзёвы, Алесь Асіпцоў, Валадар Цурпанаў і яшчэ багата людзей, якія не ўваходзілі ў арганізацыю, але лічылі сябе прыналежнымі да “кола”. Спачатку яны стварылі рэальны дэмакратычны, вольны асяродак між сабой. Яны нават склалі сваю маленькую канстытуцыю, у якой прапісалі супольныя прынцыпы і каштоўнасьці.

А ў 1995 годзе пашырылі сваё кола да “Кола сяброў” як асацыяцыі грамадзкіх ініцыятываў, праектаў, суполак. Зьбіраліся ў аднапакаёўцы на вуліцы Міру, 10. На 17 мэтрах часам не зьмяшчаліся ўсе, хто там хацеў быць. І тады яны прыдумалі свой дом і самі пабудавалі яго.

І да іх з усёй Беларусі паехалі такія ж людзі — Уладзімер Арлоў, Сьвятлана Алексіевіч, Валянцін Акудовіч, Алесь Камоцкі… А хто яшчэ там ня быў з зорак новага беларускага адраджэньня?!

“Кола сяброў” спрыяла разьвіцьцю самых розных грамадзкіх ініцыятываў, арганізацыяў, асацыяцыяў, супольнасьцяў, — кажа Ігар Шары:

“Добрым прыкладам будзе вядомы ў Магілёве клюб “Чароўны ўспамін”. Яны зрабілі сабе тусоўку ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Тусоўка, накіраваная на дасьледаваньне, пазнаньне свайго краю. А акцэнты зробленыя на нацыянальныя каштоўнасьці, на мову, на традыцыю, на гісторыю. Яны аб’езьдзілі ўсю Беларусь, наведалі багата месцаў за межамі, якія маюць тое ці іншае дачыненьне да Беларусі. Яны ў гэтыя вандроўкі цягнуць новых людзей. Яны ім адкрываюць Беларусь”.

Круглыя сталы, творчыя вечарыны, адукацыйныя сэмінары адбываліся без сакрэтаў, дзьверы былі адчыненыя для ўсіх. Сымон Глазштэйн падкрэсьлівае непалітычны характар арганізацыі:

“Мы аб’ядналіся з ідэяй дэмакратыі, якую робяць, умацоўваюць непалітычнымі сродкамі. Гэта быў цэнтар дэмакратычных сілаў па-за палітычнымі партыямі. Напэўна, таму, “Кола сяброў” заставалася досыць уплывовай арганізацыяй, бо мы не заклікалі безадказна куды папала, у той час як палітычныя партыі маргіналізаваліся. Мы ў “Коле сяброў” вучыліся і вучылі грамадзянскай адказнасьці”.

У 2006 годзе Магілёўскі абласны суд ліквідаваў аб’яднаньне. Але ніякія суды ня ў сілах скасаваць сяброўства свабодных людзей.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG