Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абыякавасьць людзей да ўласнага здароўя расьце з году ў год”


Тацяна Барэль
Тацяна Барэль

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — дзіцячы тэрапэўт з Асіповічаў Тацяна Барэль. Мае сына і дачку. Сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Даўно слухае Радыё Свабода, на нашых хвалях часта гучаць яе водгукі на тое, што адбываецца ў краіне і рэгіёне.


Паводле ўладаў, эпідэмія ідзе на спад, таму, маўляў, досыць панікаваць... Праўду кажуць?


Паглядзім пасьля выходных, бо на іх людзі больш кантактуюць, і звычайна гэта спрыяе росту захворваньняў. Аднак ад мінулага панядзелка да пятніцы выклікаў у нас сапраўды стала ўдвая менш.

Напярэдадні сэзону ішла нейкая дэталёвая размова з тэрапэўтамі?

Ну, так — эпідэмія чакалася менавіта да Новага году.

Калі чакалася, то што рабілі, каб яе зьмякчыць?

Напрыклад, тры тыдні таму прывезьлі прышчэпкі. Аднак я б не сказала, што людзі ў нас ну проста ляцяць прышчапляцца супраць сэзоннага грыпу. А супраць сьвінога, каліфарнійскага яны неэфэктыўныя.

Атрымліваецца, падрыхтоўка была як мінімум так сабе? Лекаў хоць было назапашана ў дастатковай колькасьці?

Усё як звычайна. Ну, а пустыя аптэчныя палічкі — вынікі людзкой рэакцыі на падзеі ва Ўкраіне, на сьмяротныя выпадкі, цяжкую пнэўманію тут, у Беларусі.

Адчулі, што дзяржава кідае іх сам-насам з хваробай?

Магчыма, магчыма... Аднак прэтэнзіі да ўладаў я асабіста ня надта чула. У нас пакуль што, дзякуй Богу, дзеткі папраўляюцца хутчэй і лепей, чымсьці дарослыя. Прэтэнзій да нейкіх афіцыйных інстанцый не выказваюць і за пустыя аптэкі. Чым усё гэта патлумачыць? Ведаеце, адказ просты і сумны: абыякавасьць квітнее... Што там грып, калі бацькі нават ведаюць пра пэўныя хранічныя захворваньні ці, скажам, пацьверджаны кардыёхірургамі парок сэрца — прычым лекары настойліва рэкамэндуюць як мага хутчэй рабіць апэрацыі, а дарослыя — цягнуць, адкладаюць, марудзяць, спадзяюцца хіба на “авось”? А наконт гастрыту там ці нечага падобнага наагул не зьвяртаюцца па дапамогу! Паўтару: абыякавасьць людзей да ўласнага здароўя расьце з году ў год.

Мо нестае сучаснай прапаганды мэдычных ведаў, здаровага ладу жыцьця?

Здаецца, тут шмат робіцца: і дні супраць паленьня, п’янства праводзяцца, іншыя мерапрыемствы... Так, штампаў у гэтым хапае, але ўсё роўна з нашага боку спробы біць у званы ёсьць. А вось грамадзкасьць... Раней, калі толькі прыйшла сюды з мэдынстытуту, кантактаваць з пацыентамі было нашмат лягчэй, я выразна адчувала зваротную сувязь з хворымі. А цяпер дагрукацца да чалавека бывае вельмі цяжка...

Ці даўно вы ў мэдыцыне?

Участковым пэдыятрам — ад 1982-га году. Людзей тут добра ведаю, бо сама тамтэйшая, з Асіповіцага раёну. У адрозьненьне ад ранейшага, зараз маладым людзям ну зусім ня стала дзе працаваць... Зьяжджаюць масава. Тыя, хто хоць аднойчы пабываў за мяжой, імкнуцца на Захад, бо ў Эўропе і Амэрыцы бачаць для сябе пэрспэктывы. Ну, а хто прасьцейшы, то ў вялікія гарады, найперш Менск.

Спадарыня Тацяна, вы стала тэлефануеце на “Свабоду”, дзеліцеся сваімі клопатамі — на працы гэткая незалежнасьць не адбіваецца? Найперш маю на ўвазе — з боку начальства...

Я даўно беларускамоўны чалавек, на мне “штамп” бэнээфаўкі... Размаўляю на працы на матчынай мове, вось толькі дакумэнты выпісываю па-расейску — нідзе не магу знайсьці мэдычны слоўнік... Народ рэагуе на мае паводзіны цалкам нармальна, добразычліва. Часам, праўда, пытаюцца: “А ці ня цяжка вам, бо ўсе ж вакол расейскай карыстаюцца?” Адказваю: а ў мяне няма такога бар’еру, бо я ж беларуска! І, натуральна, размаўляю на сваёй мове.

А ці ўваходзіце вы сапраўды ў БНФ?

Уваходзіла, аднак напісала заяву пра выхад — вырашыла падтрымаць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю. Чаму разьмінулася з Фронтам? Надакучыла назіраць, як яны там адзін аднаго грызуць, практычна ні за што... Нібыта павукі ў слоіку! І бачу — не за Беларусь спрачаюцца... Вось і вырашыла, што, можа, маладзейшыя болей зробяць. Аднак тут, у Асіповічах, у нас няма сварак ні паміж фронтаўцамі, ні паміж БНФ і прадстаўнікамі іншых партый, руху “За свабоду”. У нас ва ўсіх адны праблемы і пра адно думаем: нам трэба жыць лепей.

Вось даведаўся выпадкова, што ваш брат — Віктар Хурсік. Для слухачоў нагадаю: ён аўтар кнігі пра расстрэл партызанамі мірных вяскоўцаў у Старадароскім раёне, разам зь іншымі неабыякавымі людзьмі ўсталяваў у памяць аб тых падзеях крыж, за што трапіў на “суткі”. У Асіповічах да вас са спагадай ставіліся або асуджалі?

Людзі былі на нашым баку, яны за праўду... Таму спачувалі, нейкіх зласьлівых кпінаў ня чула.

А дзеці вашыя чым займаюцца?

Дачка скончыла вэтэрынарную акадэмію, працавала тут, у раёне, цяпер у дэкрэтным. А сын на пятым курсе аграрна-тэхнічнай акадэміі. Нікуды яны зьяжджаць пакуль не зьбіраюцца, бо любяць сваю зямлю. Асабліва сын — ён у нас байкер, аб’ехаў хіба ці ня ўсю Беларусь, шмат здымае, паказвае — вельмі хораша!

І на якім матацыкле, цікава, падарожнічае?

“Днепр” перарабіў.

Марыць пра якую-небудзь “Хонду”?

Гэта нармальна...

А пра што марыце вы, спадарыня Тацяна?

Каб у мяне былі здаровыя дзеці, а ў іх — добрая праца і дастойны заробак, каб болей унукаў мець... Я буду лічыць сябе шчасьлівай, калі пабачу шчасьлівымі сваіх дзяцей. І калі, канечне, усё будзе добра тут, на нашай зямлі. Каб было добра і ў нас на зямлі, і ў маіх дзяцей...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG