Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра дзеяньні ўлады ва ўмовах грыпознай панікі


Як ацэньваюць палітыкі дзеяньні ўлады падчас панікі, выкліканай грыпам?

Паводле лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, у складаны час магчымай эпідэміі ўлада не падрыхтаваная да таго, каб гаварыць адкрыта.

Аляксандар Мілінкевіч
“Проста няма зваротнай сувязі “ўлада — насельніцтва” — ня толькі ў пытаньнях аховы здароўя, але і ўва ўсіх іншых. Адсюль гэтая няшчырасьць. Я лічу, трэба ўвесь час даваць даведкі ад улады, якая сытуацыя, колькі захворваньняў, ці ёсьць сьмяротныя выпадкі і гэтак далей. Таму без адкрытай інфармацыі нічога ня будзе. Але, зноў жа, згублены давер насельніцтва да таго, што гаворыць улада. Вось тут вялікая праблема. Калі б улада была больш шчырая і праўдзівая праз многія гады, давер быў бы. А так даверу няма: улада кажа адно, а людзі думаюць інакш”.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ўлады выявіліся непадрыхтаванымі да цяперашняй сытуацыі, хоць яна ня ўзьнікла раптоўна.

Аляксей Янукевіч
“Улады мелі час падрыхтавацца, нават зважаючы на тое, што выпадак у пэўным сэнсе выключны. Гэта таксама выявіла, што ўся сыстэма дзяржаўная ня мае ніякага запасу трываласьці ў пытаньні абароны людзей у розных складаных сытуацыях. Больш усё скіравана на нейкі штатны рэжым, і як нейкая складанасьць узьнікае, сыстэма адразу дае збой. Асобна стаіць пытаньне з інфармаваньнем людзей. Такая сыстэма інфармацыйнага вакуўму, спроба трымаць усю інфармацыю ў таямніцы, у тым ліку пра сытуацыю з разьвіцьцём хваробы, у асноўнай ступені спрыяе той паніцы ў грамадзтве і таксама пагражае здароўю і жыцьцю людзей. Таму гэтая сытуацыя яскрава прадэманстравала, што цяперашняя сыстэма ня можа надзейна гарантаваць абарону людзей у розных крызісных сытуацыях”.

Пётар Южык
Дэпутат, намесьнік старшыні камісіі па ахове здароўя ў Палаце прадстаўнікоў Пётар Южык кажа, што ня мае ніякай інфармацыі, апроч той, якую прачытаў у газэтах, і яшчэ ня быў у менскіх аптэках:

“Я не хаджу ні ў якія аптэкі, вяду здаровы лад жыцьця, на стадыён, у басэйн. Гарэлкі ня п’ю, не палю. І па аптэках не хаджу”.

АГП патрабуе адстаўкі міністра аховы здароўя. Яшчэ месяц таму кіраўніцтва партыі зьвярнулася да міністра з папярэджаньнем пра набліжэньне бяды. АГП патрабуе, каб улады зьвярнуліся па дапамогу да Эўразьвязу і казалі людзям праўду. Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук адзначае вельмі нізкую якасьць дзяржаўнага кіраваньня, бо ўлады нічога не зрабілі, каб падрыхтавацца да эпідэміі.

Яраслаў Раманчук
“Улады ня могуць мабілізавацца і адэкватна адрэагаваць на сытуацыю крзыісу ці больш-менш вялікага напружаньня. Няма адэкватнага пляну, не былі распрацаваныя адэкватныя захады, не падрыхтавана матэрыяльная база. Чыноўнікі дзейнічаюць, як у 1986 годзе, калі чыноўнікі хавалі праўду пра Чарнобыль. Няма добрага дыялёгу з насельніцтвам. Такі інстытут, як парлямэнтарызм, у нас не існаваў. Гэты крызіс пацьвярджае, што ў нас няма прадстаўнікоў народу, у нас людзі, прызначаныя ўладай. І калі здараюцца такія няшчасьці, як эпідэміі ці крызіс, то людзі могуць толькі разьлічваць на свае сілы. А ўлады робяць усё, каб пагоршыць стан. Калі б не было забаронаў ці абмежаваньняў на імпарт лекаў, то сытуацыя з грыпам была б лепшая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG