Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Павал Севярынец


На пытаньні Свабоды адказвае лідэр стваранай партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” (БХД) Павал Севярынец.

Што для вас свабода?

Свабода – гэта калі я дакладна ведаю, чаго ад мяне зараз хоча Бог. У творчасьці адчуваю тое найпаўней.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Рэжым звонку і грэх унутры.

Што для вас шчасьце?

Быць з Богам – найвялікшае шчасьце.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Страціць сувязь з Госпадам.

Які талент вы хацелі б мець?

Дар суцяшэньня, пра які гаворыцца ў Бібліі як пра адзін з дароў Духа Сьвятога.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Зянонам Пазьняком, Эрнстам Сабілам, Аляксандрам Менем.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Перачытваць толькі што надрукаваную кнігу.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Шмат што. Сорамна за многія словы і ўчынкі. Дзякуй Богу, Які ўзяў на Свой крыж усе мае грахі.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

“Калі хто хоча ісьці за Мной –– хай адрачэцца сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (Мацьвея 16:24).

Які ваш улюбёны дэвіз?

Веру ў Бога і люблю Беларусь.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Хрысьціянская дэмакратыя.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі, канечне.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Тут і цяпер.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Адмяніў бы незаконныя пастановы апошніх 15 гадоў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Узаемавыгадныя.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Раўнапраўныя.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура сваёй не бывае.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі мы як асобы, як нацыя, як апазыцыя будзем гатовыя ўзяць адказнасьць за ўсю краіну. А як – ведае Бог. Ён дакладна ведае.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі будзе беларуская ўлада, Янка Брыль меў рацыю.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Страцяць Божы дар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG