Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы блёк ствараецца “пад Мілінкевіча”


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

27 кастрычніка адбудзецца прэзэнтацыя новай палітычнай кааліцыі, якая будзе называцца “Беларускі незалежніцкі блёк”. Новы блёк утвараюць Рух “За свабоду”, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Партыя БНФ, “Малады фронт”, Партыя свабоды і прагрэсу, “Правы альянс”, “Маладая Беларусь”, “Маладыя дэмакраты”. Ці стане новая кааліцыя альтэрнатывай Аб’яднаным дэмакратычным сілам, як могуць складацца дачыненьні паміж двума апазыцыйнымі блёкамі? Ці можна сказаць, што новае аб’яднаньне ўтвараецца дзеля падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча на наступных прэзыдэнцкіх выбарах? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.


Цыганкоў: “У нас ёсьць бачаньне, што пасьля стварэньня гэтага блёку ён будзе дамінаваць на беларускім палітычным поле”, — заявіў Свабодзе Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні Руху “За свабоду”. Наколькі апраўданы такія намеры БНБ, ці адпавядаюць яны цяперашнім тэндэнцыям у беларускім палітычным жыцьці?

Быкоўскі: Натуральна, палітык мусіць гучаць аптымістычна, каб за ім пайшлі людзі. Але калі глядзець на сацыялягічныя апытаньні, то ў Беларусі няма дамінаваньня людзей з правымі палітычнымі поглядамі, таму цяжка сказаць, ці спраўдзіцца пажаданьне Юрася Губарэвіча. Іншае пытаньне, што менавіта на гэтым полі (калі браць правыя сілы) гэты блёк можа канкураваць з АГП і заявіць, што ён заняў належнае месца. Але гэта яшчэ трэба пачакаць.

Цыганкоў: Калі казаць больш вузка, пра ўнутрыапазыцыйнае палітычнае поле — які лёс чакае АДС пасьля стварэньня БНБ?

Быкоўскі: Фармальна Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пакуль захоўваюцца, бо большасьць удзельнікаў новага блёку зьяўляюцца таксама сябрамі АДС. Іншае пытаньне, што, напрыклад, БНФ пасьля зьмены кіраўніцтва панізіла ўзровень сваёй прысутнасьці ў АДС, раней нешта падобнае рабіў рух “За свабоду”. Але яны не спалілі масты, і захоўваюць кантакты ў АДС, удзельнічаюць у пэўных праграмах АДС.

У дадзеным выпадку хутчэй можна чакаць, што будзе канкурэнцыя паміж канкрэтнымі палітычнымі сіламі, якія будуць аб’ядноўвацца напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі. Тут ужо будзе ня так істотна, ці ёсьць АДС альбо БНБ. Будзе важна, ці добры штаб, ці моцнае аб’яднаньне атрымаецца вакол пэўнай палітычнай фігуры.

Цыганкоў: Калі ўжо казаць пра пэўныя палітычныя фігуры… Ці можна сьцьвярджаць, што БНБ ствараецца “пад Мілінкевіча”, для ўдзелу Аляксандра Мілінкевіча ў прэзыдэнцкіх выбарах? Ці гэта больш стратэгічны крок, зьвязаны ня толькі з выбарамі, але і з далейшай палітычнай дзейнасьцю?

Быкоўскі: Праўдападобна, што блёк ствараецца выключна для ўдзелу ў выбарах Мілінкевіча. Наўрад ці хто здолее гэта абвергнуць. Але фармальна стваральнікі блёку так не заяўляюць. І ў БНФ, і ў БХД яшчэ застаецца адкрытым пытаньне, у якім фармаце і як яны будуць удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Але фактычна ўсе назіральнікі схіляюцца да думкі, што рэальна гэты блёк ствараецца для падтрымкі Мілінкевіча на выбарах.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG