Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскім судзе — дзясяты


Валер Рыбчанка
Валер Рыбчанка

16 кастрычника ў Чыгуначным судзе Гомеля распачалі разгляд адміністрацыйнай справы супраць кіраўніка Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валера Рыбчанкі. Гэта ўжо дзясятая па ліку судовая справа ў дачыненьні 16-ці грамадзкіх актывістаў, якія роўна месяц таму спрабавалі зладзіць ланцуг памяці з нагоды зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Дзевяць актывістаў ужо аштрафаваныя на агульную суму 9 мільёнаў 625 тысяч рублёў.


Адміністрацыйную справу супраць Валера Рыбчанкі разглядае судзьдзя Ільля Сьвірыдаў. У адрозьненьне ад судзьдзі Віталя Козырава, які вёў ранейшыя справы, ён дапусьціў да ўдзелу ў разглядзе адміністрацыйнай справы прадстаўніка Рыбчанкі Васіля Палякова.

Выкліканыя былі й сьведкі — спэцназавец Васіль Бондар і ўчастковы інспэктар Альшэўскі. Заслухоўваліся таксама й двое сьведкаў з боку Рыбчанкі.

Сам Рыбчанка распавёў у судзе, што 16 верасьня, як і некаторыя іншыя актывісты, ішоў па ходніку вуліцы Палеская ў бок паштовага аддзяленьня. Калі з-за рогу агароджы выскачылі маладыя людзі ў цывільным і сталі хватаць тых, хто быў наперадзе, Рыбчанка прыняў іх за нейкую экстрэмісцкую групоўку. Ён стаў фатаграфаваць гвалт, каб перадаць фотаздымкі ў міліцыю. Аднак таксама быў схоплены, як высьветлілася, спэцназаўцамі й адвезены аўтобусам у пастарунак. На падставе рапарту міліцыянта спэцназу Васіля Бондара спадара Рыбчанку і абвінавацілі ў недазволеным шэсьці.

“Мінула больш як дзесяць дзён, але адказу і сёньня няма. Зацягваюць наўмысна, каб суд завяршыўся”
Дзеяньні міліцыі актывіст абскарджваў у пракуратуру Чыгуначнага раёну, але тая пераадрасавала ягоную заяву ў міліцыю. Тады ён паскардзіўся ў абласную пракуратуру. Абласная абавязала раённую пракуратуру не перасылаць заяву ў міліцыю, а самой разабрацца ў 5-дзённы тэрмін.

“Мінула больш як дзесяць дзён, але адказу і сёньня няма. Зацягваюць наўмысна, каб суд завяршыўся”, — лічыць Валер Рыбчанка.

Спэцназавец Бондар у судзе казаў, што Рыбчанка ішоў з разгорнутым партрэтам Віктара Ганчара. Як пры гэтым рабіў фотаздымкі — не зразумела.

Па сутнасьці, нічога ня мог патлумачыць участковы Альшэўскі — яму далі рапарт і пратакол асабістага дагляду, і ён аформіў адміністрацыйную справу супраць актывіста.

Спадар Рыбчанка і ягоны прадстаўнік запатрабавалі выклікаць у якасьці сьведкаў іншых двух сцэцназаўцаў. Судзьдзя Сьвірыдаў задаволіў хадайніцтва.

Разгляд адміністрацыйнай справы будзе працягнуты ў панядзелак, 19 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG