Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Павал Татарнікаў


Павал Татарнікаў – мастак-графік, сябра Беларускага саюзу мастакоў. Дацэнт Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў. Уладальнік шматлікіх прэмій на міжнародных конкурсах кніжных ілюстрацый, сярод якіх: прэмія “Залаты яблык” (Браціслава, 1999, 2009), залаты мэдаль “Месячны прамень” (ЗША, 2008), прэмія на выставе “Белыя вароны” (Нямеччына, 2009). Найлепшы ілюстратар 2007 году паводле вынікаў Беларускага нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Што для вас свабода?

Вольная творчасьць.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Комплекс самакантролю і самацэнзуры.

Што для вас шчасьце?

Любімая праца, блізкія людзі. А яшчэ для паўнаты шчасьця мужчыне патрэбная веліч Радзімы.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Баюся сваіх учынкаў, якія могуць зрабіць балюча блізкім людзям.

Які талент вы хацелі б мець?

Сьпявацкі, музычны, сталярскі.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Некаторымі сваімі сябрамі.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Маляваць.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Каюся ў сваіх грахах! Госпадзе, памілуй! Шмат чаго не рабіў бы…

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

На ўласным вясельлі на вуха: будзь цярплівы і цярпімы ў стасунках з жонкаю.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Рабі што трэба, і – будзь што будзе!

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У канстытуцыйнай манархіі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У сучасную.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Найперш зрабіў бы школу – беларускай.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Пакуль Эўразьвяз існуе, Беларусь павінна ў яго жадаць увайсьці.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Роўнасуседзкія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Існаваньне чужой дыктатуры трываць немагчыма.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Колькі Бог дасьць Лукашэнку… А пасьля год, два, тры магчымай анарха-бандыцкай улады перад узмацненьнем парлямэнту.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі загавораць школа і ўлада.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Магчыма, зьявіцца мадэрнісцкая беларуская мова, а народ і краіна будуць размаўляць па-ранейшаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG