Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жыць стала цяжка: ледзь зводжу канцы з канцамі”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 14 кастрычніка 2009 году

У адным зь верасьнёўскіх выпускаў праграмы “Паштовая скрынка 111” прагучаў ліст Яўгена Стужыньскага зь Нясьвіжу, у якім аўтар выказаў меркаваньне, што ў грамадзкім жыцьці сёньняшняй Беларусі адбылося вяртаньне да савецкай традыцыі, калі афіцыйная няпраўда і крывадушнасьць лічыліся нормай.

На гэты ліст адклікнуўся наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Зьвяртаючыся да тэмы паездак прэзыдэнта Лукашэнкі па ўзорных гаспадарках, ён піша:

“Тое, ЯК адбываюцца гэтыя паездкі, толькі шкодзіць іміджу Лукашэнкі і ягонаму аўтарытэту, зьніжае ягоны рэйтынг.

Распавяду адну гісторыю.

…Гарадзеншчына, ясная жнівеньская раніца ў разгар жніва. На жытнёвым полі — з паўдзесятка камбайнаў, акуратна пастроеныя уступам. Тут жа, побач, некалькі грузавікоў, УАЗ-469, “Волга”, яшчэ пару легкавушак. Камбайнэры, вадзіцелі аўтамабіляў — на сваіх месцах, за стырнамі тэхнікі, усе апранутыя, як на кіназдымкі пра “тружанікаў сяла”. За якіх пару соцень мэтраў ад усяго гэтага, на бліжэйшым пагорку, стаіць малады мужчына зь… біноклем на шыі, час ад часу ён прыкладае сваю оптыку да вачэй і пільна ўглядаецца ўдалячынь. Мінае гадзіна, другая. Вось ужо і ранішняя раса зьнікла, выпарылася з набрынялага зернем калосься, сонейка пачало прыпякаць. Чаму ж стаяць камбайны, ня жнуць, час жа прысьпешвае? І што ж там робіць той, што на пагорку, куды ўглядаецца? З кабіны аднаго з камбайнаў вылазіць камбайнэр, пачынае спускацца па лесьвіцы. З уазіка спрытна, нягледзячы на стокіляграмовую вагу, выскоквае мажны мужчына і пагрозьліва крычыць:

— Пятро, ты куды, так тваю перагэтак! А ну, назад!

— Дык гэта, Іванавіч, я на хвіліначку, надта напёрла, ня вытрываю! Я тут, побач, кола памачу — і назад.

— Ах ты, гэтак тваю ператак! Давай, толькі бягом — і ў кабіну!

Мінае яшчэ дзьве гадзіны. Раптам той, зь біноклем, зрываецца з месца і бяжыць да камбайнаў, крычучы на ўвесь голас:

— БАЦЬКА ЕДЗЕ!!!

Мажны мужчына з уазіка крычыць: “ДАВАЙ!!!”

Грымнулі амаль адначасова рухавікі камбайнаў і грузавікоў, ажно здрыганулася зямля, залапаталі барабаны, зашамацела салома ў матавілах, пасыпалася зерне ў кузавы — вось яно, жніво, як яго паказваюць у тэленавінах. А на даляглядзе, на чорнай шашы, паказаліся спачатку некалькі міліцэйскіх машын з мігалкамі, пасьвістваючы час ад часу сірэнамі і крычучы нешта ў магутныя дынамікі, а потым праляцела калёна чорных легкавікоў, і зноў заміргалі міліцэйскія, і вось праімчаліся ўжо побач — і зьніклі, бы й ня было іх, пакінуўшы толькі мроіва над чорным асфальтам. Спыніліся камбайны і грузавікі, вылезьлі зь іх мужчыны, маладыя і старэйшыя, стомлена прыселі і прылеглі на ўзьмежку…

Цяпер скажыце мне — якая карысьць ад такіх спэктакляў краіне? Якая ад іх карысьць прэзыдэнту? І што будуць думаць пра прэзыдэнта і кіраўніцтва краіны ўдзельнікі гэтых агра-шоу? Каму патрэбная гэта паказуха?”


Самае дзіўнае, спадар Кастусь, што надта вялікага абурэньня і злосьці сярод удзельнікаў гэтых шоў няма. Мне таксама даводзілася размаўляць з тымі, хто ўдзельнічаў у падобных, так бы мовіць, “паказальна-пастановачных” імітацыях бурнай дзейнасьці. Так, пасьміхаюцца, так, бурчаць, але каб хтосьці наадрэз адмовіўся ўдзельнічаць у “масоўцы”, не апрануў адмыслова прывезены начальствам парадны камбінэзон — такога няма. Людзі ўспрымаюць гэта, як нейкі абавязковы рытуал, без якога, думаюць, — хто яго ведае — можа, і непрыстойна сустракаць высокае начальства?

Наш слухач Міхаіл Шавель зь Менску ў сваім лісьце выказвае наступную прапанову:

“Расказвайце па Свабодзе пра перасьлед журналістаў, якія крытыкавалі мясцовую ўладу ў савецкі час. Многія зь іх страцілі здароўе, а некаторыя — і жыцьцё. Сорак гадоў таму, увосень 1969-га году, у Рагачове быў забіты мой зямляк журналіст Сяргей Найдзёнін. Сіротамі засталіся двое ягоных дзяцей, аўдавела жонка. Тады рагачоўская “раёнка” зьмясьціла толькі некалькі радкоў пра сьмерць свайго загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі”.

Мясцовыя (і ня толькі мясцовыя) газэты у савецкі час былі цалкам падкантрольныя камуністычнай уладзе. Цяжка ўявіць, што нейкая зь іх адважылася б крытыкаваць уладу у прынцыповых пытаньнях. Што ў 60-ыя гады магла выкрываць “раёнка”? Нізкія тэмпы нарыхтоўкі кармоў у нейкім калгасе? Ці вясковае бездарожжа? Пра палітычны перасьлед журналістаў, як пра зьяву, у камуністычным Савецкім Саюзе гаварыць не выпадае. Журналісты аж да гарбачоўскай перабудовы былі зьвязанымі па руках і нагах. Зрэшты, магчыма, спадар Міхаіл, Вы маеце на ўвазе нейкі выключны выпадак, пра які дагэтуль не было шырока вядома ў Беларусі?

Наш слухач Уладзімер Іваноў са Смаргоні згадвае падзеі 13-гадовай даўніны — рэфэрэндум лістапада 1996-га году, у выніку якога ў Беларусі была кардынальна зьменена Канстытуцыя, і прэзыдэнт набыў права пажыцьцёва заставацца пры ўладзе. У сваім лісьце на Свабоду спадар Уладзімер піша:

“Я тады працаваў урачом у доме-інтэрнаце для псыхічна хворых у Верхнядзьвінскім раёне, і быў уключаны ва ўчастковую выбарчую камісію. На жаль, давялося ўдзельнічаць у тым падмане. На прыканцы галасаваньня мне прапанавалі выйсьці з пакоя, дзе падлічвалі галасы. Я чуў, як званілі па тэлефоне і патрабавалі забясьпечыць 90-працэнтны ўдзел у галасаваньні. Так што асабіста для мяне зразумела, як былі падлічаны тыя галасы.

Пад націскам адміністрацыі давялося ўступіць у БПСМ, так бы мовіць, засьведчыць сваю ляяльнасьць.

Цяпер я не працую. Зь верасьня 2008-га году — інвалід другой групы. Жыць стала цяжка, ледзь зводжу канцы з канцамі. Штомесяц залажу ў даўгі — недзе да ста тысяч рублёў. Уладкавацца на працу немагчыма: з другой групай інваліднасьці нідзе не бяруць. Так што наступствы фінансавага крызісу адчуваю на сабе.

Раз на год дапамагае Чырвоны крыж. А адрасная сацыяльная дапамога мне, аказваецца, “не паложана”. Калі яшчэ год таму я пры маіх даходах мог дазволіць сабе турпаездку, дык цяпер — не.

Калі б наша квітнеючая дзяржава дабавіла да пэнсіі хаця б сто тысяч — было б лягчэй. А так... Я аддаў лепшыя гады жыцьця дзяржаўнай сыстэме аховы здароўя. А ўлада спасылаецца на фінансавыя цяжкасьці. Хоць сама пры гэтым будуе лядовыя палацы, бярэ крэдыты на будаўніцтва небясьпечнай і, я лічу, непатрэбнай АЭС у Астраўцы. І прасьвету ня бачна”.


Такія ж ці падобныя пытаньні задаюць сёньня многія беларускія пэнсіянэры. Пэнсіі ў Беларусі не падвышалі ўжо больш як год, тым часам як гадавая інфляцыя ў краіне вымяраецца двухзначнай лічбай. Гэта значыць, жыцьцёвы ўзровень пажылых людзей ды інвалідаў пасьлядоўна, штомесяц зьніжаецца.

Ці павінна ў такіх умовах дзяржава па-ранейшаму выдаткоўваць мільёны даляраў на дарагія і зусім не першачарговыя будаўнічыя праекты? Ці маюць маральнае права высокапастаўленыя чыноўнікі і дэпутаты атрымліваць шматмільённыя зарплаты ў той час, калі значнай частцы пэнсіянэраў не хапае грошай на самае неабходнае?

Пытаньні выглядаюць рытарычнымі, але самі пэнсіянэры вельмі хацелі б пачуць на іх канкрэтныя і пэўныя адказы ад той улады, якая запэўнівае, што дужа клапоціцца пра ўсіх сацыяльна неабароненых.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — даўні сябар Свабоды Уладзімер Лугаўцоў зь Менску. Як і сотні іншых нашых слухачоў, ён зьвяртаецца з просьбай пра новую кнігу Сяргея Дубаўца “Як?”, што выйшла нядаўна ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Спадар Уладзімер піша:

“Слухаю Свабоду даўно, апошнія гады тры — штодзённа. Раней, калі яшчэ мог, з задавальненьнем хадзіў на прэзэнтацыі вашых кніг. Напамінам аб тым часе стаяць у мяне на паліцы “Быкаў на Свабодзе” і “Дуліна ад Барадуліна”. Аднак апошнім часам мае вандроўкі вельмі кароткія — толькі з кійком каля дому. Таму усё, што магу сёньня — гэта чытаць “Нашу Ніву” ды слухаць Свабоду: пра прэзэнтацыю новай кнігі “Як?”, пра разгон Ланцуга салідарнасьці на плошчы Каліноўскага, пра наведваньне Літвы Лукашэнкам...А тут зноў сэксоты ў цывільным. І зноў яны вакол, і зноў іх цэлы натоўп. І яны ўжо нікуды адсюль ня зьедуць — застануцца тут. Дык як жа гэта вытрымаць? Ці ўбачу я, як Мірон уздымае бел-чырвона-белы сьцяг над Домам урада? Няма адказу! Можа, знайшоў бы яго, калі б прачытаў кнігу “Як?” Але дзе мне яе здабыць?”

Настане момант, спадар Уладзімер — і не Мірон, а новая беларуская ўлада ўздыме над Домам урада гістарычныя нацыянальныя сымбалі, пад якімі Беларусь стала ў ‘91м годзе незалежнай дзяржавай і пад якімі, дарэчы, першы беларускі прэзыдэнт прысягаў на вернасьць гэтай дзяржаве. Зычым Вам, спадар Лугаўцоў, дачакацца гэтага часу. А новую кнігу з Бібліятэкі Свабоды і Вы, і дзесяткі іншых актыўных слухачоў, неўзабаве атрымаеце ў якасьці падарунка ад нашага Радыё.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG