Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данчык


Данчык (Багдан Андрусышын) нарадзіўся 3-га студзеня 1958 году ў Нью-Ёрку. Маці – Юлія, паходзіць з сям’і Луцкевічаў. Бацька – Паўло, нарадзіўся ў Украіне, быў бізнэсоўцам. Бабуля Данчыка, Яніна Каханоўская, у дзяцінстве даглядалася Максімам Багдановічам, ведала Янку Купалу, была найбліжэйшай сяброўкай Натальлі Арсеньнвай, працавала ў Нью-Ёрскім бюро Радыё Свабода. Мае брата Юрку, які працаваў у дзяржаўных ворганах ЗША. Скончыў факультэт журналістыкі Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту. З 1977 – супрацоўнічае з Радыё Свабода, у штаце з 1992-га году. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці беларускай дыяспары.


Што для вас свабода?


Цікава – я нядаўна прачытаў захапляльную кнігу славутага амэрыканскага псыхіятра – прафэсара Стэнфардзкага Унівэрсытэту Ірвіна Ялама, і ён піша, што ёсьць чатыры найважнейшыя рэчы, зь якімі ўсе людзі мусяць прымірыцца, каб дасягнуць псыхалягічнай цэласьці. Першыя тры страшнаватыя: першая – гэта непазьбежнасьць сьмерці, другая – непазьбежная адзінота чалавека (г. зн. ізаляцыя ўсіх індывідаў – мы нараджаемся і паміраем паасобку), трэцяя – адсутнасьць відавочнага сэнсу жыцьця, і чацьвертая – на дзіва – свабода! Доктар Ялам мае на ўвазе, што мы свабодныя рабіць у нашым жыцьці ўсё, што хочам, а пасьля мець справу з наступствамі. Думаю, што я зь ім пагаджуся: Свабода – гэта цудоўная, высакародная, добрая рэч, але гэта яшчэ і прывілей, а таксама адказнасьць, і да ўсяго гэтага ніколі нельга ставіцца легкадумна.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Страх зрабіць няправільны выбар.

Што для вас шчасьце?

Кахаць і быць каханым, шмат грошай у банку і добрая мэдычная страхоўка!

Чаго вы найбольш баіцеся?

Доўгай хваробы і залежнасьці любога роду – фізычнай, эмацыйнай, псыхалягічнай, матэрыяльнай...

Які талент вы хацелі б мець?


Я б хацеў быць акторам у тэатры на Брадвэі – які ўмее граць у тэатры, сьпяваць і танчыць. Мне гэта падаецца вяршыняй радасьці. Наагул, я захапляюся акторамі за іх адвагу і здольнасьць да суперажываньня, якіх патрабуе гэтая прафэсія.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Калі вы маеце на ўвазе амэрыканцаў, і жывых, і тых, каго ўжо няма, я б згрупаваў іх паводле прафэсіяў – але наперадзе ўсіх я б паставіў Гэлен Келер, сьляпую і глуханямую жанчыну, якая столькі ўсяго дасягнула ў жыцьці, нягледзячы на такія страшныя перашкоды. Сярод палітыкаў – я б вылучыў Фрэнкліна Рузвэльта, нашага цяперашняга прэзыдэнта Барака Абаму, а таксама жанчыну, якую я б хацеў бачыць прэзыдэнтам – Гілары Клінтан, сэнатара Раса Фэйнгоўлда і мэра Сан-Францыска Гэвіна Ньюсама. Сярод артыстаў гэта – Мэрыл Стрып, Гэлен Мірэн, Джэйн Фонда, Опра Вінфры, Г'ю Джэкман. Пісьменьнікі – Тэнэсі Вільямс, Эф Скот Фіцджэралд, Карсан Маккаларз, Гэрыет Бічэр Стоў... А ў маім асабістым жыцьці гэроем і узорам заўседы былы мая бабця, якая мела сапраўдны талент любіць жыцьцё і людзей.

Што вы найбольш любіце рабіць?


Я люблю сьпяваць – адзін, без аўдыторыі, калі ў мяне добры голас, што бывае не заўсёды – а апошнім часам ніколі. Я люблю чытаць – вы ніколі не пабачыце мяне бяз кнігі. Я люблю тэатар і опэру, а таксама люблю разгадваць складаныя крыжаванкі. Я ніколі не супакоюся, пакуль не разгадаю да канца вялікую крыжаванку нядзельнага выданьня New York Times – і я з гонарам магу сказаць, што часта мне гэта ўдаецца.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Адна з рэчаў, якіх я баюся – гэта тое, што рэінкарнацыя магчыма насамрэч існуе. Што да мяне, дык аднаго разу зусім дастаткова!

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Можа, гэта гучыць цынічна, але: “Не рабі іншым не дабра ні зла, і тады ўсе будуць цябе любіць”. На жаль, чым даўжэй я жыву, тым больш веру, што так яно й ёсьць, што ня надта добра сьведчыць пра чалавечую сутнасьць, прынамсі з майго жыцьцёвага досьведу.

Які ваш улюбёны дэвіз?

“І гэта таксама праміне”.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У лібэральнай капіталістычнай дэмакратыі (з умовай, каб я меў шмат грошай, што, як я ўжо казаў, я лічу неабходным, каб быць шчасьлівым).

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Нават з усімі яе недахопамі, я люблю маю краіну і не хацеў бы жыць нідзе, апрача Амэрыкі. А яшчэ я хацеў бы мець летні дом на астравах у Грэцыі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Я ня думаю, што нехта можа шчыра адказаць на такое пытаньне. Час, у якім чалавек нарадзіўся, у якім ён жыў, вызначае яго жыцьцё. Калі б чалавек нарадзіўся раней ці пазьней – нават на адну сэкунду, гэта быў бы ўжо зусім іншы чалавек.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Запатрабаваў бы перападлічыць галасы! Не ўяўляю сабе нешта больш непрыемнае, чым быць прэзыдэнтам ці дырэктарам чаго б там ні было.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Сяброўскія, але бяз здрады прынцыпам.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Вядома ж, такія самыя.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я не люблю ніякіх дыктатараў – ні ў палітыцы, ні ў маім асабістым жыцьці.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Думаю, з часам людзі стомяцца або раззлуюцца настолькі, што знойдуць спосаб усё зьмяніць. Розныя народы, як і розныя людзі, маюць розныя пераломныя моманты. Калісьці да такога моманту наблізіцца і Беларусь...

Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Тады, калі да іх вернецца самапавага – гэта значыць тады, калі яны стануць нацыянальна сьвядомыя і будуць гэтым ганарыцца.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Было б сумна, праўда? На жаль, гэта была б страта для ўсяго сьвету – у сусьветнай вясёлцы зьнік бы адзін колер. Але што здарыцца? Нічога! Я перакананы ў касьмічнай абыякавасьці сусьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG