Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прапанаваў камунальнікам памірыцца з БНФ


Сёньня ў Магілёўскім абласным гаспадарчым судзе адбыўся разгляд пазову жыльлёва-эксплюатацыйнай управы Ленінскага раёну Магілёва супраць рэгіянальнай арганізацыі руху БНФ “Адраджэньне”.

Паводле пазоўніка, грамадзкае аб’яднаньне не аплачвае арэндаванай плошчы, таму падлягае высяленьню. Актывісты прэтэнзіяў не прызнаюць і заяўляюць, што пазоў камунальнікаў — палітычны заказ, скіраваны на ліквідаваньне арганізацыі.

Разгляд пазову доўжыўся больш за гадзіну. Судзьдзя Жанна Конанава заслухала пазыцыі камунальнікаў і грамадзкага аб’яднаньня ды прапанавала заключыць міравое пагадненьне.

Прадстаўнік жыльлёва-эксплюатацыйнай управы Вадзім Антонаў з такой прапановай не пагадзіўся. Ён зазначыў, што для яго арганізацыі важна спагнаць запазычанасьць у чатыры мільёны рублёў і выселіць з памяшканьня недысцыплінаванага арандатара.

“Мы прадпрыемства, і нам трэба людзям заробак плаціць, таму хочам, каб у нас быў арандатар, які рэгулярна плаціў бы за памяшканьне. Нас цікавяць толькі грошы, якія мы патрабуем паводле дамовы”.

Прэтэнзіі фронтаўцам камунальнікі выставілі ад 2008 году. У сакавіку ж гэтага году, паводле старшыні фронтаўскай арганізацыі Рыгора Кастусёва, іх сядзіба была апячатаная, і фронтаўцы ёй не карысталіся, аднак арэндную плату ўносілі рэгулярна. Суду былі пададзеныя квіткі аплаты да сёлетняга верасьня на суму каля дзевяці мільёнаў рублёў. Кастусёў замірыцца з камунальнікамі ня супраць:

Рыгор Кастусёў
“Судзьдзя была вымушаная прызнаць, што ўсе дакумэнты ў парадку, што гэта надуманае высяленьне. Адназначна гэты палітычны заказ Магілёўскага гарвыканкаму. Таму камунальнікі так упарта ня хочуць памірыцца. Палітычны заказ можа быць які? Недзе мы ўладзе наступілі на хвост выкрыцьцём многіх фактаў карупцыі сярод вышэйшага чынавенства. Як у Магілёве, так і па вобласьці. І гэта некаму не падабаецца”.

Вадзім Антонаў не пагаджаецца з абвінавачваньнямі Кастусёва і ў пацьверджаньне апалітычнасьці прэтэнзіяў згадвае выпадак з БРСМ, які камунальнікі таксама выселілі за няплату:

“Паўгода прыкладна таму тое ж было і зь імі, таму палітычнай падкладкі з нашага боку тут няма ніякай. Абсалютна. Той жа Грамадзянскі кодэкс, тая ж дамова прадугледжваюць: у выпадку несвоечасовай аплаты цягам двух месяцаў можна скасоўваць дамову”.

Якую менавіта структуру БРСМ пазбавілі памяшканьня, высьветліць не ўдалося.

Нягледзячы на пазыцыю камунальнікаў, судзьдзя настаяла, каб бакі сустрэліся і ўзгаднілі сумы аплаты за арандаваную фронтаўцамі плошчу. І яшчэ раз прапанавала спрэчку вырашыць мірна. У выпадку згоды бакі маюць падаць ёй адпаведны дакумэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG