Што для вас свабода?
Мажлівасьць выяўляць свае думкі.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Пакуль нішто, і спадзяюся на лепшае. У жыцьцёвым — хутка прыйдуць праблемы старасьці (memento mori).
Што для вас шчасьце?
Вельмі сьціпла: добрыя адносіны дома і на працы.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Цяпер пакуль нічога.
Які талент вы хацелі б мець?
Музыканта, на дадатак да маёй прафэсіі
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Прэзыдэнтам Украіны Віктарам Уладзімеравічам Юшчанкам.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Займацца сваёй прафэсійнай справай і пісаць свае ўспаміны.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Памылак у жыцьці было многа, але ж лёс свой ня зьменіш.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад свайго камандзіра партызанскага атраду, калі ў Чонках пад Гомелем у 1944 годзе, дзе мы знаходзіліся пасьля злучэньня з Чырвонай Арміяй і дзе я запісаўся ў нейкі “польскі” атрад спэцназначэньня i панёс яму на подпіс характарыстыку. Ён яе парваў і сказаў: “Ня лезь у польскае пекла”.
Які ваш улюбёны дэвіз?
“Праца!”
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У сваёй вольнай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У постсавецкую.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Вярнуў бы наш гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрыя, дзелавыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Ня ведаю. Я на сабе пакуль дыктатуры — той ранейшай, савецкай — не адчуваю.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Ня ведаю. Яна ўжо трошкі мяняецца ў лепшы бок.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Тады, калі па-беларуску загаворыць эліта.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Тады пра нас, як пра тых прусаў, будуць казаць: зьніклыя беларусы.