Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра абраньне Янукевіча


Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякіні, Станіслаў Шушкевіч і Павал Севярынец камэнтуюць абраньне Аляксея Янукевіча на пасаду старшыні партыі БНФ.

Камэнтуючы абраньне старшынём партыі БНФ Аляксея Янукевіча, старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што новая мятла па новаму мяце.

Анатоль Лябедзька
”Усё вырашаюць дэмакратычныя працэдуры. Калі большасьць дэлегатаў вырашылі, што гэта так, то ўсе астатнія павінны паважаць абраных праз дэмакратычную працэдуру. Баршчэўскі – гэта яснасьць, зразумеласьць, прагназуемасьць. У гэтым быў пэўны камфорт для мяне асабіста. Зараз я проста ня ведаю куды – направа, налева, наперад ці назад - будзе рухацца Аляксей і яго каманда. Трэба будзе сустракацца, праводзіць перамовы. Высьвятляць якія іх пляны і што будзе далей”.

Як паўплывае на дзейнасьць АДС абраньне старшынём Партыі БНФ Аляксея Янукевіча? Лідэр ПКБ Сяргей Калякін сказаў:

Сяргей Калякін
“Паглядзім, як гэта будзе. Абраньне кіраўніцтва арганізацыі – справа самой арганізацыі. Я добра ведаю Аляксея Янукевіча, мы разам узаемадзейнічалі. У мяне няма да яго ніякай прадузятасьці. Як яны будуць далей ўзаемадзейнічаць з АДС гэта справа Фронта. Пажывём, пабачым. У любой арганізацыі ёсьць барацьба за лідэрства, унутраныя супярэчнасьці. І тое, што адбылася зьмена кіраўніцтва – гэта ўнутраная справа БНФ. Для нас нічога не памянялася. Мы працавалі не з пэрсаналіямі, мы працягваем працаваць з БНФ у рамках АДС добра разумеючы, што ў нас ёсьць многа супярэчнасьцяў і адна агульная справа – вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі”.

Камэнтуючы зьмены ў кіраўніцтве Партыі БНФ, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч сказаў:

Станіслаў Шушкевіч
“Янукевіч – станоўчая постаць, але яму яшчэ доўга ўздымацца да ўзроўню Баршчэўскага. Але ён мне падабаецца, гэта прыстойны малады чалавек”.

Адносна таго ці прывядзе гэта да зьменаў у супрацы з АДС, Станіслаў Шушкевіч сказаў, што тут “пара ўжо каб прывяло”.

“Я ніколі не хаджу на мерапрыемствы АДС, бо яна пагразла ў ляпідарнай творчасьці, якая ніякай карысьці не прыносіць”.

Камэнтуючы абраньне новага кіраўніцтва Партыі БНФ, лідэр БХД Павал Севярынец сказаў:

Павал Севярынец
“Аляксей Янукевіч, Уладзімэр Лабковіч – гэта маладафронтаўцы. Зь імі мы калісьці марылі, якім магутным мы зробім БНФ, якія зьмены патрэбны ў самім БНФ, каб ён мог зьмяніць Беларусь. Я шчыра рады за хлопцаў і віншую зь перамогай. БХД разам з абноўленым БНФ будуць наймацнейшымі хаўрусьнікамі, каб вярнуць лідэрства нацыянальнаму руху”.

Адносна чаканьняў у дачыненьні руху “За свабоду” П.Севярынец адзначыў:

“Найбліжэйшым часам мы пагаворым пра стварэньне нацыянальнай, патрыятычнай кааліцыі, якая можа размаўляць пра супольную стратэгію на будучых кампаніях і пра супольную дзейнасьць па адбудове Беларусі. З гэтага моманту пачнецца вяртаньне лідэрства нацыянальнаму руху Беларусі, якое калісьці было страчана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG