Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адэса -- Броды" пагоніць нафту ў Беларусь


Пасьля таго як Азэрбайджан абавязаўся пастаўляць нафту праз трубаправод Адэса — Броды, адным з прыярытэтных кірункаў праекту стануць рынкі Ўкраіны і Беларусі, паведамілі ў інтэрвію амэрыканскаму агенцтву UPI кіеўскія чыноўнікі.


Пабудаваны на пачатку 2000-х гадоў нафтаправод, які меўся зьвязаць між сабою рэгіёны Касьпійскага, Чорнага і Балтыйскага мораў, выкарыстоўваўся дагэтуль у рэвэрсным (зваротным) рэжыме дзеля транспартаваньня расейскай нафты.

Гэтымі днямі праўленьне міжнароднага трубаправоднага прадпрыемства “Сарматыя” (з удзелам Азэрбайджану, Грузіі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны) на паседжаньні ў сакратарыяце прэзыдэнта Віктара Юшчанкі адзначыла, што ўкраінскі ўрад павінен як найхутчэй прыняць пастанову пра авэрсны (прамы) рэжым выкарыстаньня нафтаправоду.

Як падае агенцтва, раней Украіна прапанавала Беларусі разгледзець магчымасьць свайго ўдзелу ў гэтым праекце, і беларускі ўрад адгукнуўся на гэтую прапанову.

На апошняй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску ўкраінскі амбасадар Ігар Ліхавы заявіў, што для Беларусі ўдзел у праекце паставак касьпійскай нафты праз нафтаправод “Адэса-Броды” важны ня толькі палітычна, але і эканамічна: “карысьць у гэтым для краіны будзе несумненная”.

Украінскі дыплямат выказаў надзею на тое, што празь некаторы час краіны чарнаморскага і балтыйскага рэгіёнаў “атрымаюць лёгкую касьпійскую нафту, у якой зацікаўленыя і беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG