Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 2 — 8 жніўня


Ад 3 жніўня набыла моц пастанова Савету міністраў № 991, якая забараняла пасярэдніцтва пры продажы беларускіх і імпартных тавараў. Дакумэнт выклікаў надзвычай крытычную рэакцыю ў Беларусі. Экспэрты заяўлялі, што ў краіне адбываецца самы натуральны перадзел рынку. Але літаральна праз дзень, 4 жніўня, урад нечакана адмяніў свой жа дакумэнт. Што сталася падставай да такога рашэньня?

Урадавая пастанова патрабавала, каб усе юрыдычныя асобы набывалі тавары толькі ў вытворцы ці празь гандлёвых прадстаўнікоў. Аналітыкі пасьпяшаліся заявіць, што чыноўнікі груба ўмешваюцца ў дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня. Старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін сказаў, што пастанова “чапляе” усіх удзельнікаў рынку. Да таго ж, нядаўна абмяркоўваліся іншыя пэрспэктывы:

Уладзімер Карагін
“На мінулым тыдні былі тры нарады ў віцэ-прэм’ераў — як разьвязаць рукі прадпрымальнікам, каб наладзіць экспарт беларускіх тавараў, каб можна было больш эфэктыўна працаваць. Увогуле, пасярэдніцкай дзейнасьцю займаюцца практычна ўсе суб’екты гаспадараньня. Вельмі рэдка хто не купляе для сябе, не перапрадае. Усе адзін аднаго абслугоўваюць. Сёньняшняя эканоміка — гэта комплекс узаемазьвязаных паміж сабой суб’ектаў розных формаў уласнасьці, рознай велічыні, розных частак сьвету. І секчы сякерай гэтыя сувязі бяз часу на перабудову, адаптацыю, нават пад самымі абгрунтаванымі прычынамі ў эканоміцы — недапушчальна ў прынцыпе”.

Адзін з паказальных прыкладаў існаваньня без пасярэднікаў — вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій” у Салігорску. Праблемы тут пачаліся пасьля таго, як паступіў загад адмовіцца ад пасярэднікаў пры рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Гаворыць прадпрымальнік Аляксандар Цацура:

Аляксандар Цацура
“Лукашэнка выступаў, сказаў, што ён добра ўсё зрабіў. Цяжка цяпер пагадзіцца з тым, што пасярэднікаў не засталося. З-за таго, што ўгнаеньні не прадаюцца, вытворчасьць „Беларуськалію“ пэрыядычна спыняецца, шахцёраў пераводзяць на 2/3 часткі ад заробку. Людзі сыходзяць у адпачынкі, каб хоць неяк зьберагчы свае грошы”.

Сёлета кіраўніцтва “Беларуськалію” плянавала здабыць 8,5 мільёна тон калійнай солі. Але ад пачатку году прадпрыемства прадало за мяжу найменшую за апошнія гады колькасьць угнаеньняў — каля 160 тысяч тон.

Аднак увечары 4 жніўня ўрад нечакана капітуляваў пад ціскам “прэзыдэнцкай волі”. Пасьля ўмяшальніцтва Аляксандра Лукашэнкі Савет міністраў прызнаў памылковай спробу ліквідаваць інстытут пасярэдніцтва ў Беларусі. Гаворыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
“Мінфін вельмі моцна ахрышчваўся ад гэтай пастановы. А вось у Мінэканомікі людзі падставіліся. Асабліва калі Зайчанку прымусілі тлумачыць, наколькі яна карысная — за дзень да таго, як пастанову адмянілі. Гэта выглядала зусім непрыгожа. Але тое, што адбылося, — станоўчы ўрок. Калі не думаць, што была нейкая інсцэніроўка ў стылі 1994-га „цэны — назад“, то даўно ўжо гаворка пра кулюарную барацьбу паміж двума блёкамі — фінансавым і прывязанымі да рэальнага сэктару Мінэканомікі і Мінпрамам. Адпаведна, кіраўніцтва Саўміну таксама на іхным баку”.

Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан кажа, што пасьля абурэньня бізнэс-супольнасьці ўрадавай пастановай чыноўнікі пачалі на хаду прыдумляць не прапісаныя ў дакумэнце рэчы. Да прыкладу, прэм’ер-міністар запэўніваў, што пастанова закране толькі дзяржаўныя структуры:

Валянцін Лопан
“Калі б так, то было б усё напісана ў тэксьце пастановы. Але там пра дзяржпрадпрыемствы нічога няма. І калі б не адмянілі, то гэта дзейнічала б для ўсіх без выключэньня. Бо юрысты працуюць з дакумэнтамі: ёсьць пастанова, і гэта закон. Таму ўсе тлумачэньні былі спробай захаваць твар. Ва ўмовах крызісу трэба здымаць як мага больш бар’ераў, каб эканоміка сябе свабадней адчувала. Каб выкарыстоўваць любую магчымасьць для продажу прадукцыі. А такія пастановы наадварот ствараюць непераадольныя бар’еры. І гэта не ўкладаецца ў лёгіку антыкрызісных захадаў”.

Паводле экспэртаў, скасаваньне ўрадавай пастановы прыпыніла шэраг непажаданых эканамічных наступстваў, сярод якіх прагназавалася банкруцтва бальшыні аптовых кампаній, закрыцьцё замежных прадстаўніцтваў, адток інвэстараў. Гэтаксама ў выпадку зьнікненьня інстытуту пасярэдніцтва пашыралася поле для карупцыі ў асяродку чыноўнікаў з дзяржаўных органаў, якія, згодна з дакумэнтам, атрымлівалі выключнае права на вызначэньне афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Тым часам у Беларусь вяртаецца практыка, калі з работнікамі разьлічваюцца не грашыма, а таварамі. Гэтак чыноўнікі выконваюць загад Аляксандра Лукашэнкі, які прыгразіў жорсткай адказнасьцю, калі адміністрацыі прадпрыемстваў не скароцяць складзкія запасы.


Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталяваньня (БАТЭ) стварыў на складах трохмесячны запас гатовай прадукцыі. Але стартэры і генэратары аўтазаводы не выкупляюць. У выніку на прадпрыемстве скарацілі працоўны тыдзень. Цяпер жа адміністрацыя мусіць ратаваць працаўнікоў ад голаду. Пра гэта паведаміла намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Ларыса Джалілава:

“Кожны працаўнік можа прыйсьці ў сталоўку і зьесьці гарачы абед. За гэта ня трэба плаціць наяўнымі, а дастаткова запісацца ў лік будучага заробку. Такім чынам адбываецца своеасаблівае крэдытаваньне на 1,5 месяца наперад. Не прадаём, а выдаём на ведамасьць, у тым ліку масла, сыр, малако, тварог, сьмятана. І яшчэ — птушку, рыбу, мяса…. Усе прадукты, што вырабляюцца ў Барысаве, выдаём сваім працаўнікам у крэдыт”.

БАТЭ — найбуйнейшае прадпрыемства ў Барысаве, тут цяпер больш як чатыры тысячы працаўнікоў. Ці шмат людзей незадаволеныя жыцьцём у крэдыт? Ларыса Джалілава ўдакладняе:

“Шмат незадаволеных. Бо калі сямейны бюджэт зьмяншаецца (а ў нас зьменшылася і колькасьць працоўных дзён), то ў такіх умовах людзей можна зразумець. У крамах жа цяпер усё толькі даражэе”.

Склады прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне запоўненыя, але ня кожнае можа зьнізіць кошты прадукцыі. На Гарадзенскім гарбарным аб’яднаньні, са слоў супрацоўніка аддзела маркетынгу, залежваецца прадукцыя прыкладна за два месяцы працы. Нядаўна Гарадзенскі гарвыканкам даў даручэньне дапамагчы службе маркетынгу аб’яднаньня ў пошуку рынкаў збыту. Але ў адміністрацыі заводу кажуць, што зрабіць гэта складана — у Беларусі пяць прадпрыемстваў, якія маюць канкурэнтных пастаўшчыкоў:

“У Расеі мы таксама ўсе абутковыя прадпрыемствы ведаем. І немагчыма завезьці нашу скуру за 3 тысячы кілямэтраў, патраціўшыся на транспарт, і прадаць яе таньней, чым расейскія вытворцы. А ў Расеі каля 300 такіх заводаў, як наш”.

Лідзкі завод “Інструмэнтальшчык”, на якім займаюцца мэталаапрацоўкай, вырабляюць штампы, праводзяць фрэзэрныя і такарныя працы, сутыкнуўся з характэрнай праблемай. Загадчык аддзелу маркетынгу спадар Уладзімер кажа, што прадпрыемства пакуль працуе поўны тыдзень, але даводзіцца зьніжаць кошты на сваю прадукцыю:

“Ёсьць праблемы даволі значныя, якіх у мінулым годзе не было. Буйныя беларускія заказчыкі адмовіліся ад прадукцыі: з Салігорску, Шчучына. А таксама зьнізіўся экспарт і гандлёвы абарот”.

Зараз у “Інструмэнтальшчыка” прынамсі ёсьць сэзонныя заказы, але ўзімку давядзецца цярпець з-за недахопу сродкаў, бо банкі не выдаюць доўгатэрміновых крэдытаў.

Камітэт дзяржкантролю правярае базавае прадпрыемства Жлобіну — Беларускі мэталюргічны завод. Ужо заяўлена, што БМЗ вырабіў за паўгода больш прадукцыі, чым летась, аднак атрымаў менш прыбытку. Паводле некаторых зьвестак, завод адпускаў прадукцыю дылерам па цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Былы начальнік аднаго зь бюро Марат Афанасьеў удакладняе:

“Гэта была літая загатоўка, якую накіроўвалі ў Латвію. Казалі, што гэта такія „кароткія грошы“: хутка зрабілі, хутка прадалі і хутка грошы паступілі на рахунак. Але яны ня ўсе вярнуліся. Атрымалася, што сабе на страту”.

Марат Афанасьеў кажа, што асноўная прадукцыя БМЗ перакачоўвае з канвэеру наўпрост на склады:

“Усё, што вырабілі, ляжыць на заводзе. Апрача арматуры. Арматура прадавалася досыць добра. Але яна не ратавала астатнюю вытворчасьць. З-за таго, што частка прадукцыі ляжала на заводзе й прадавалася са стратамі, рэнтабэльнасьць вытворчасьці за чэрвень склала ўсяго 2%. Большая частка працаўнікоў заводу не атрымлівае прэміі. Заахвочвалі толькі пракатчыкаў, якія выпускалі арматуру”.

Валер Рыбранка, які ў свой час працаваў на БМЗ намесьнікам начальніка цэху, апавёў пра трохмесячныя залежы корду на прадпрыемстве. Цяпер тут тэрмінова імкнуцца іх “разгрэбці”:

“Прыкладна 18 тысяч тон былі залежы корду. Каля 6 тысяч тон прадалі — сьпіхнулі кудысьці ў Расею. Кажуць, зьявіліся заказы з Расеі. І зараз трэці ўчастак кордавай вытворчасьці пакрысе зноў запрацаваў”.

Дзеля найхутчэйшай разгрузкі складоў мабілізаваны нават Дзяржаўны мытны камітэт. На рашэньне ведамства, з мэтай стымуляваньня экспарту скасаваныя абмежаваньні на вываз для фізычных асобаў тавараў, вырабленых у Беларусі.

Намесьнік старшыні камітэту Сяргей Барысюк адзначыў, што цяпер асноўнай умовай для вывазу прадукцыі будзе выключна наяўнасьць таварнага чэку ды дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць факт набыцьця тавару. Праўда, пра далейшы шлях грузу ўладальнік мусіць паклапаціцца сам.

Але ці чакаюць беларускія тавары ў іншых краінах? У Мытным дэпартамэнце пры Міністэрстве фінансаў Літвы кажуць: увоз тавараў для камэрцыйных мэтаў абкладаецца адчувальнымі падаткамі, што ў выніку зробіць яго неканкурэнтаздольным:

“Калі завозяцца з трэцяй краіны аднолькавыя побытавыя тавары, альбо адзеньне, і бачна, што ўсё гэта для продажу, то калі сума даходзіць да 700 эўра, вылічваецца 2,5% пошліны і падатак на даданую вартасьць (ПДВ) у памеры 19%. Калі на большую суму, то ўжо трэба глядзець па базе дадзеных, які канкрэтна ўсталяваны тарыф (дарэчы, ужо ёсьць пастанова аб падвышэньні ПДВ да 21%). То бок, складанасьцяў асаблівых няма, адно толькі што трэба плаціць, калі ўвозіцца тавар камэрцыйнага прызначэньня. Так што ня ведаю, ці варта займацца вашым грамадзянам такім бізнэсам…”.

У Дзяржаўным мытным камітэце адзначаюць: у той час, як на вываз беларускіх тавараў правілы будуць зьмякчацца, нормы ўвозу замежнай прадукцыі ў Беларусь набываюць ўсё больш жорсткія рысы. Мэта — абараніць беларускіх вытворцаў ад канкурэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG