Трэба не дыялёг, а супрацоўніцтва
Макоўская: “Хачу сказаць, што “Бацькаўшчына” сама па сабе не зьмянілася.
Тое, што адбываецца вакол яе, — магчыма, мяняецца. “Бацькаўшчына” як трымалася сваіх прынцыпаў, што Беларусь мусіць быць незалежнай краінай, нацыянальных сымбаляў, мовы, культуры, — усё гэта засталося нязьменным. І на мінулыя зьезды мы запрашалі прадстаўнікоў органаў улады. І тое, што яны цяпер адгукнуліся, кажа пра пэўныя канструктыўныя зрухі менавіта з таго боку. Чым яны прадыктаваныя — гэта пытаньне да прадстаўнікоў дзяржаўных структураў.
Але для нас гэта ёсьць пэўным крокам наперад, досыць важным крокам. Бо ўпершыню ў адной залі сабраліся прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі беларускіх суполак за мяжой, якія дзясяткі гадоў працуюць на беларускай ніве ў сваіх арганізацыях і цудоўна ўсьведамляюць, якую дапамогу яны атрымліваюць ад Рэспублікі Беларусь. І тое, што з боку дзяржаўных органаў не было гэтай перасьцярогі і атрымаўся непасрэдны кантакт, пытаньні і адказы — гэта вельмі добра. Бо раней было сапраўды як нейкія два розныя лягеры. А цяпер атрымаўся дыялёг. Але і дыялёг прадугледжвае два розныя бакі. А мне хацелася б, каб было ўзаемнае супрацоўніцтва. Каб фаза дыялёгу скончылася і пачалося супрацоўніцтва”.
Цыганкоў: “Калі адбываўся пазамінулы, трэці зьезд „Бацькаўшчыны“, дзяржаўныя органы арганізавалі фактычна альтэрнатыўны зьезд тых беларускіх суполак, якія падтрымліваюць сёньняшнюю ўладу. Як „Бацькаўшчына“ вырашае гэтую праблему, што амаль у кожнай краіне, дзе ёсьць шмат беларусаў, існуе некалькі суполак — звычайна з альтэрнатыўнымі палітычнымі поглядамі?”
“Бурбалкі” даўно сышлі
Макоўская: “У нас у кожным зьезьдзе бяруць удзел прадстаўнікі цалкам розных беларускіх суполак. Гэтым і ўнікальная “Бацькаўшчына”, і гэта яе асаблівасьць. Мы — грамадзкая арганізацыя, мы аб’ядноўваем усіх і адкрытыя да супрацоўніцтва з усімі беларусамі. Да нас зьвяртаюцца людзі, якія маюць зусім розныя погляды.
Але часы вострага палітычнага супрацьстаяньня, якое мы бачылі на другім зьезьдзе і водгукі якога чуліся на трэцім зьезьдзе, ужо праходзяць. Сёньня мы назіраем, што ў многіх краінах пачынаецца кантакт і супрацоўніцтва паміж палітычна рознымі арганізацыямі. Бо і тыя, і тыя сваёй дзейнасьцю пацьвярджаюць сваю жыцьцяздольнасьць.
“Бурбалкі” даўно сышлі. Нейкія ініцыятывы, якія ствараліся ў падтрымку ўладаў, але ніякім чынам не зарэкамэндавалі сябе ў дзейнасьці — іх ужо няма. Засталіся практычна тыя, хто працуе“.
Цыганкоў: “Што „Бацькаўшчына“ можа зрабіць, каб процістаяць працэсу страты нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусамі за мяжой?”
“Беларуская дзяржава павінна сказаць дыяспары —
“вы нам патрэбныя”
Макоўская: “Назіраючы за тэндэнцыямі сучаснага выезду беларусаў за мяжу, можна сказаць, што вельмі малы працэнт далучаецца да беларускіх арганізацыяў замежжа альбо стварае свае арганізацыі. І гэта якраз зьвязана з праблемай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Беларусы вельмі слаба нацыянальна ідэнтыфікаваныя. Таму наш зьезд паставіў гэтую праблему асноўнай мэтай, заклікаў разгледзець яе і знайсьці вырашэньне на дзяржаўным узроўні.
Мы як грамадзкая арганізацыя можам толькі актуалізаваць, абазначыць гэтыя праблемы і вызначыць шляхі іх вырашэньня. Але адказ павінен ісьці ад дзяржаўных органаў Беларусі, датычных беларускай мовы і культуры.
Пакідаючы краіну і зьяўляючыся слаба нацыянальна ідэнтыфікаванымі, беларусы практычна зьнікаюць для Беларусі. Бо яны асымілююцца альбо далучаюцца да іншых суполак — расейцаў, украінцаў, палякаў. І тыя крокі, якія павінна зрабіць беларуская дзяржава, павінны, з аднаго боку, быць зробленыя ў межах сыстэмнай працы з беларускім замежжам. Беларуская дзяржава павінна сказаць дыяспары — “вы нам патрэбныя, і мы дэманструем гэта праз пэўныя крокі”. А з другога боку, павінны быць пэўныя крокі па ўзмацненьні нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі“.
Цыганкоў: “Што павінна стаць прыярытэтным у найбліжэйшым часе ў дзейнасьці „Бацькаўшчыны?“ Ці гэта праект „Карта беларуса“, закон „Аб беларусах замежжа“, ці нешта іншае? На чым варта сканцэнтравацца ў рамках таго дыялёгу з уладай, пра які вы казалі?”
Макоўская: “Па-першае, што да самой Беларусі, то тут — узмацненьне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі праз пашырэньне ўжытку беларускай мовы. Выдатная ідэя — абвяшчэньне наступнага году годам беларускай мовы. Калі дзяржаўныя органы гэта зацьвердзяць, гэта будзе проста супэр.
А з другога боку — гэта шырокае абмеркаваньне і прыняцьце закону “Аб беларусах замежжа”.