Сёньня раніцай галадоўнікі прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёну, каб атрымаць пастанову аб сваім пакараньні.
Гаворыць Уладзімер Кацора:
“Як я казаў на прэсавай канфэрэнцыі, хацелася б, у тым ліку, паглядзець у вочы судзьдзі Марыне Дамненцы, якая выносіла несправядлівыя пакараньні.
Сёньня паглядзеў. І ў гэтых вачах, на дзіва, ня ўбачыў ніякага сораму. Было такое незразумелае, ветлівае стаўленьне. Яна сама павяла нас да сакратаркі, і тая дала магчымасьць пазнаёміцца са справай”.
З пастановаў судзьдзі Дамненкі пакараныя галадоўнікі, нарэшце, даведаліся, што менавіта яны парушылі падчас акцыі памяці генэрала Захаранкі. Фатаграфію экс-міністра ўнутраных спраў судзьдзя кваліфікавала як плякат. Разам з пісьмовым зваротам ва ўправу міліцыі фатаграфія сьведчыла пра “публічнае выказваньне грамадзка-палітычных інтарэсаў групай грамадзянаў”.
“У пратаколе па маёй асабістай справе, — дадаў Уладзімер Кацора, — зафіксавана: калі я рабіў адвод складу суду, таксама зрабіў заяву, што абвяшчаю галадоўку, але не напісана, што сухую”.
З пастановамі суду й адмысловай заявай Уладзімер Кацора й Васіль Палякоў накіраваліся ў абласную пракуратуру.
“Ідзем у пракуратуру з нашай заявай, каб яны прынесьлі пратэст на дзеяньні міліцыі й пастановы суду Цэнтральнага раёну. Тым больш што нядаўна быў чарговы Дзень работнікаў пракуратуры. І з гэтай нагоды “Гомельская праўда” зьмясьціла вялікі матэрыял пад загалоўкам “Гарант стабільнасьці й законнасьці”. Ну, пойдзем па законнасьць да гэтага гаранта”.
Пра вынік паходу ў пракуратуру апавёў галадоўнік, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:
“У пракуратуры мы перадалі скаргу Віталю Сахарчуку. Гэта — загадчык аддзелу выкананьня заканадаўства й нагляду за законнасьцю прававых актаў. Ён сказаў, што зарэгіструе заяву й перадасьць на рэзалюцыю намесьніку пракурора вобласьці. У заяве мы патрабуем як мага хутчэй, з улікам сухой галадоўкі, прынесьці пратэст на рашэньне суду Цэнтральнага раёну”.
Спадар Палякоў пацьвердзіў, што асабіста ён будзе працягваць галадоўку салідарнасьці датуль, пакуль яе трымае Ўладзімер Кацора.
Тым часам грамадзкія актывісты распаўсюджваюць у абласным цэнтры ўлёткі пра галадоўку пратэсту супраць пакараньня гомельскіх актывістаў за акцыю памяці зьніклага генэрала Захаранкі.