Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран вінаваціць Захад у падаграваньні пратэстаў


Міністэрства замежных справаў Ірану абвінаваціла Захад у падтрымцы пратэстаў апазыцыі ў Тэгеране, удзельнікі якіх дамагаюцца перагляду афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 12 чэрвеня.

СЛУХАЦЬ:


Прэсавы прадстаўнік міністэрства Хасан Кашкаві сёньня заявіў:

"Большасьць эўрапейскіх краінаў і Амэрыка ў сваіх заявах замест таго, каб заахвоціць людзей да карыстаньня дэмакратычнымі сродкамі выказваньня думкі, і замест таго, каб аддаць павагу законнасьці, наогул узялі бок бунтаўнікоў і авантурнікаў".

Заява Кашкаві фактычна паўтарае абвінавачаньне вярхоўнага лідэра Ірану аяталы Алі Хамэнэі, які сказаў на мінулым тыдні, што Захад умешваецца ва ўнутраныя іранскія справы, і сьцьвердзіў, што пратэсты апазыцыі беспадстаўныя. Шмат хто з аналітыкаў успрыняў словы Хамэнэі як карт-блянш для расправы ўладаў з дэманстрантамі.

20 чэрвеня ў Тэгеране дайшло да жорсткіх сутычак паміж паліцыяй і ваенізавамым фармаваньнем "Басідж" (нешта накшталт іранскіх "народных дружыньнікаў") з аднаго боку ды прыхільнікамі іранскай апазыцыі з другога.

Паводле паведамленьняў іранскіх уладаў, у сытычках загінула 10 чалавек і больш за 100 было паранена. Паводле непацьверджаных зьвестак ад відавочцаў, ахвяраў было нашмат больш.

Улады прызнаюць, што арыштавалі больш за 450 дэманстрантаў і прыхільнікаў апазыцыі.

Для сьвету сымбалічным вобразам расправы зь іранскімі дэманстрантамі сталася відэа з мабільніка, на якім адзін са сьведкаў зьняў момант сьмерці 27-гадовай іранскай студэнткі Нэды. Куля трапіла Нэдзе, якая з бацькам стаяла на ўскрай вуліцы, дзе адбываліся сутычкі, у сэрца. Дзяўчына памерла за лічаныя хвіліны.

Заходнія палітыкі заклікаюць Іран пералічыць галасы і дазволіць людзям ажыцьцявіць іх канстытуцыйнага права на мірны пратэст.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль учора сказала:

"Я веру, што сумненьняў можна вельмі лёгка пазбавіцца шляхам празрыстага перападліку галасоў, калі трэба, дык з удзелам міжнародных назіральнікаў. Такім чынам можа вярнуць давер. На маю думку, гэта найлепшы і найлягчэйшы шлях, каб праясьніць сытуацыю".

Сёньня гэтак званая Рада вартавых канстытуцыі ў Іране, у кампэтэнцыю якой уваходзіць нагляд за выбарчымі кампаніямі, прызнала, што выбары 12 чэрвеня адбыліся з пэўнымі парушэньнямі. Паводле Рады, у некаторых выбарчых акругах лік аддадзеных галасоў перавысіў лік выбаршчыкаў, якія мелі права галасаваць.

Аднак, сьцьвердзіла Рада, такое здарылася "ўсяго ў 50 гарадах" — хоць лік незаконных бюлетэняў дасягнуў 3 мільёнаў, усё гэта не магло кардынальна паўплываць на канчатковы вынік.

Згодна з афіцыйнымі вынікамі, дзейны прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэжад набраў 63 працэнты галасоў (24 мільёны), а яго апанэнт Мір Хусэйн Мусаві — 34 працэнты (11 мільёнаў).

Сам Мусаві дамагаецца не перападліку галасоў, а новых выбараў. Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў працягваць мірныя пратэсты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG