Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна пераходзяць да вольнага гандлю?


Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі
Прэм’ер-міністры Ўкраіны і Беларусі Юлія Цімашэнка і Сяргей Сідорскі ў пятніцу дамовіліся зьняць перашкоды ва ўзаемным гандлі, у тым ліку — спыніць усе антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні і скасаваць абмежавальныя мыты. Фактычна гаворка ідзе пра вольны гандаль паміж дзяржавамі ва ўмовах эканамічнага крызісу. У Кіеве прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, апрача перамоваў зь Юліяй Цімашэнкай, сустракаўся з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, старшынём Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Літвіном і лідэрам Партыі рэгіёнаў Віктарам Януковічам.

СЛУХАЦЬ:


У часе візыту Сяргея Сідорскага ў Кіеў быў падпісаны мэмарандум паміж МЗС Беларусі і Міністэрствам эканомікі Украіны ў сфэры прымяненьня адмысловых антыдэмпінгавых і кампэнсацыйных захадаў ва ўзаемным гандлі. Дакумэнт мае зусім скасаваць гэтыя захады з двух бакоў. Гэта закране, напрыклад, пастаўкі беларускіх шын ва Ўкраіну і ўкраінскай карамелі ў Беларусі, а таксама шэраг іншых таварных груп.

Апрача таго, Украіна пагаджаецца зьняць абмежаваньні, якія існуюць цяпер на пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, а Беларусь вызначае для ўкраінскіх вытворцаў нацыянальны рэжым у гандлі, касуючы цяперашняе 10-працэнтнае імпартнае мыта.

Сяргей Сідорскі: “Мы дамовіліся аб тым, што ва ўзаемным гандлі мы здымаем усе перашкоды паміж Беларусьсю і Ўкраінай з мэтай свабоднага перамяшчэньня ўсіх таварных груп”.

Бакі дамовіліся з наступнага тыдня аднавіць пастаўкі ўкраінскай электраэнэргіі, прыпыненыя ў 2007 годзе, а таксама супрацоўнічаць у справе далейшага транзыту ўкраінскай электрычнасьці.

Як прызналі прэм’еры абедзьвюх краін, карэктывы ва ўзаемны гандаль уносіць эканамічны крызіс. За першы квартал гэтага году таваразварот паміж краінамі ўпаў на 58 працэнтаў, а беларускі экспарт — яшчэ болей, на 64 працэнты ў параўнаньні зь мінулым годам.

Дамоўленасьці сапраўды рэвалюцыйныя, мяркуе менскі эканаміст Леанід Злотнікаў. Але ён мае сумневы, ці будуць яны трывалымі:

Леанід Злотнікаў
“Гэта двухбаковы працэс. Будуць адкрывацца і рынкі для ўкраінскіх тавараў на нашай тэрыторыі. А ўкраінскія тавары больш танныя, чым беларускія, асабліва тавары харчовай групы. Падаецца, што доўга гэта не праіснуе. Нашыя прамыславікі і аграрыі зноў пачнуць лабіраваць, патрабаваць закрыць рынак”.

Апрача іншага, беларускі ўрад выказаў жаданьне знайсьці ва Ўкраіне пакупнікоў малочнай прадукцыі. Размовы на гэтую тэму вяліся яшчэ ў лютым-сакавіку, але цяпер гэтая тэма актуалізавалася ў сувязі з расейска-беларускай малочнай вайной.

Аляксей Кароль
Увогуле гандлёвы прарыў у адносінах Беларусі з Украінай у значнай ступені абумоўлены тым, што Менск цяпер, як і Кіеў, мае не найлепшыя адносіны з Масквою. Гэта як бы супольны выклік Расеі, мяркуе палітоляг Аляксей Кароль:

“Тут з боку Беларусі ёсьць і іншы палітычны аспэкт. Уладкаваньне стасункаў з кіраўнічай элітай Украіны як знак таго, што ў Беларусі ідзе лібэралізацыя. Гэты знак робіцца праз Украіну на Захад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG