Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Патрэбны камітэт па дзяржаўных палітычных рэпрэсіях”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 траўня, пятніцу.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч 37-мы дзень працягвае галадоўку пратэсту. Ад 8 лютага ён і ягоныя паплечнікі Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка знаходзяцца ў турме паводле падазрэньня ў падпале дома міліцыянта. Выказваньні на гэтую тэму:

Віктар Буто, Менск: “Неабходна ўсім апазыцыйным палітыкам, праваабаронцам і іншым тэрмінова ратаваць жыцьцё незаконна затрыманых прадпрымальнікаў, якія працягваюць вельмі небясьпечную для іх галадоўку. Пры наяўнай Канстытуцыі спыніць беззаконьне можа толькі прэзыдэнт Беларусі, да якога не дапускаюць ніякія заявы і скаргі грамадзянаў. Таму тэрмінова трэба падымаць на ногі прэзыдэнта Расеі, Эўрапарлямэнт, Асамблею Аб’яднаных нацый, Кангрэс ЗША і іншыя міжнародныя структуры. З павагай”.

Зіноўеў: “Я думаю, што ахвяры рэжыму і застануцца ахвярамі, калі пасьля дыктатуры яны не аб’яднаюцца і ня змогуць гэтак жа эфэктыўна ўплываць на палітыку пасьля дыктатуры, як службісты рэжыму. Таму патрэбны камітэт па дзяржаўных палітычных рэпрэсіях”.

“Віншую Радыё Свабода зь юбілеем! Шчыра зычу далейшых посьпехаў у справе праўдзівага інфармаваньня беларусаў і тым самым спрыяньня дэмакратызацыі грамадзтва! Здароўя вам і посьпехаў. Вялікая падзяка за глыток Свабоды, што кожны дзень вы нам даяце. Жыве Беларусь”, — такі СМС-допіс мы атрымалі ад нашага слухача Юрыя Кутузава са Смаргоні з нагоды 55-годзьдзя Радыё Свабода. У працяг тэмы — тэлефанаваньне:

Спадар: “Спадару Лукашуку пытаньне: ці будзе пашырацца тэматыка перадач Радыё Свабоды? Разважаньні пра тое, ці паедзе Лукашэнка ў Прагу, ці не, можна было слухаць днямі, а вось як цяперашнія парадкі ў мэдыцыне — зьнішчаюць людзей старэйшага ўзросту, ці пра гібель беларускай мовы, асабліва ў гарадах, ды пра іншыя праблемы гаворыцца яшчэ мала. Бліжэй да рэальнага жыцьця „Падарожжы Свабоды“ ды „Званкі на Свабоду“. Такіх перадач, як „Падарожжы Свабоды“, толькі не пра жахі на вёсцы, а ў іншых сфэрах, павінна быць больш”.

На пытаньне адказвае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

Аляксандар Лукашук
“Дзякуй за заўвагу. Канечне, мы будзем старацца аддаваць увагу і сацыяльным сфэрам. Асабліва цяпер, у час эканамічнага крызісу, які будзе абвастрацца. Цалкам верагодна, што гэтыя сфэры будуць цярпець больш за ўсё. І ў дзяржаве, у якой закрыты, непразрысты бюджэт, дзе вырашаецца, колькі грошай ідзе на ўтрыманьне сілавых міністэрстваў, на розныя прэстыжныя праекты кшталту лядовых палацаў, і колькі ідзе на падтрымку пэнсіянэраў, — гэтыя пытаньні павінны быць прадметам нашага абмеркаваньня. Тут я пагаджаюся. Будзем удзячныя таксама і вам за вашу дапамогу ў стварэньні такіх перадачаў”.

Працягваем праграму яшчэ адным віншаваньнем:

Спадарыня Яўгенія Казлова, Ворша: “Шаноўная Свабода! Віншую вас зь юбілеем!

Беларуская Свабода неабходная народу,
Бо яна — нібы крыніца жыватворнае вадзіцы.
Надае трываласьць, сілы, распраўляе нашы крылы.
Нас лякуе ад маркоты, праганяе адзіноту.
А галоўнае — заўсёды нам дае глыток Свабоды.
Роднай нашай сьпеўнай мовы кожны дзень мы чуем словы.
Наша радыё Liberty не дае душой памерці“.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG