Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта праверка сябе на права называцца фронтаўцам”


Сёньня трэці дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. У галадоўцы ўдзельнічаюць шэсьць чалавек.

СЛУХАЦЬ:


Нагадаем, што акцыя праходзіць ва ўправе партыі БНФ.

Чатыры зь іх — гэта маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Андрусь Цянюта і Мікола Дземідзенка. Яны галадуюць ад самага пачатку. Учора ўвечары да іх далучыўся паплечнік зь Берасьця Яўген Скрабец, сёньня — праваабаронца зь Менску Эніра Браніцкая.

У невялічкім пакоі, які вызвалілі для галадоўнікаў ва ўправе, цесна. Тут, акрамя саміх галадоўнікаў, — іхныя сябры, калегі-журналісты, былыя палітвязьні, апазыцыйныя палітыкі. Кожны крок трэба рабіць асьцярожна, каб не наступіць на спальнік альбо не зачапіць кагосьці.

Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Андрэй Цянюта

Яўген Скрабец, які тут з учорашняга дня, ужо асвоіўся. Ён кажа, што ахвотных далучыцца да гэтай акцыі ў Берасьці шмат. Але амаль ніхто зь іх ня мае магчымасьці прыехаць надоўга ў Менск:

“Гэтым часам я магу дазволіць сабе прыехаць і падтрымаць галадоўку сваіх паплечнікаў. У мяне проста цяпер больш вольнага часу, чым у сяброў, якія працуюць альбо вучацца. Я прыехаў, каб падтрымаць агульную ідэю па вызваленьні палітвязьняў, тым больш, што адзін зь іх, Мікалай Аўтуховіч, абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Гэта мая першая галадоўка. І гэта праверка самога сябе на права называцца фронтаўцам.


Карэспандэнт: “А вы вызначыліся з тэрмінам галадаваньня?”

“Гэта — мая першая галадоўка. Я пляную правесьці яе разам са сваімі паплечнікамі да апошняга дня. І таму я абвяшчаю яе бестэрміновай. Але як павядзе сябе мой арганізм, я ня ведаю ў гэтых умовах”.


Эніра Браніцкаякажа, што далучаецца да галадоўкі толькі на адзін дзень:

Эніра Браніцкая
“Сёньня я разам зь імі. Я сёньня ўстрымаюся ад прыёму ежы і вады. Але ж трэба і працаваць. Будзем пра іх пісаць, будзем штодня рабіць міжнародную рассылку. Будзем рабіць маніторынг гэтай галадоўкі”.

Лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку дзьверы ў пакой адчыніла дзяжурная па ўправе — рукі ў палітыка былі занятыя бутэлькамі з вадою.
Анатоль Лябедзька
Скарыстаўшы момант, я пацікавіўся: ці будзе ён таксама галадаваць? Спадар Лябедзька адказвае, што асабіста ня вельмі ўспрымае так званыя сымбалічныя галадаваньні:

“Саму ідэю і галадоўку на дадзеным этапе я падтрымліваю, таму што сытуацыя крызісная. Але да галадовак я стаўлюся адмоўна. Лічу іх толькі выключным дзеяньнем, калі ўсё астатняе ўжо вычарпана. І вось па тых, хто цяпер у турме, я думаю, сытуацыя ўжо блізкая да гэтага”.

Ці сапраўды Мікалай Аўтуховіч ужо тры тыдні не ўжывае ежы?

Кажа ягоны адвакат Павал Сапелка:

“Я ў сілу сваёй інфармаванасьці магу сказаць: сапраўды галадуе”.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдызалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG