Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрабязнасьці ватыканскай аўдыенцыі


Сёньня а 11-й раніцы паводле рымскага часу ў Ватыкане адбудзецца прыватная, як падкрэсьліваюць тамтэйшыя афіцыйныя асобы, аўдыенцыя папы рымскага Бэнэдыкта XVI для Аляксандра Лукашэнкі. Ватыканскія крыніцы паведамілі “Свабодзе” некаторыя падрабязнасьці пратаколу гэтага візыту.


Ля ўваходу ў Апостальскі палац прэзыдэнта будзе сустракаць прэфэкт палаца разам з ганаровымі камэргерамі. Удзельнічаць у прыёме будуць і швайцарскія гвардзейцы. Яны будуць суправаджаць Лукашэнку ў дарозе да папы.

Паведамляецца, што ў аўдыенцыі, акрамя Лукашэнкі, возьмуць удзел міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і амбасадар Беларусі пры Сьвятым Пасадзе Сяргей Алейнік. Арцыбіскуп Кандрусевіч удзелу ў сустрэчы не бярэ. Нічога не паведамляецца пра прысутнасьць на аўдыенцыі малодшага сына беларускага кіраўніка — Міколы. Перакладаць на аўдыенцыі, як звычайна, будзе супрацоўнік Дзяржсакратарыяту Ватыкану, уласны перакладчык папы.

Афіцыйнае паведамленьне прэсавай службы Ватыкану аб сустрэчы будзе зробленая прыкладна а 14-й гадзіне паводле рымскага часу.

Паведамляецца, што аўдыенцыя ў папы працягнецца прыкладна паўгадзіны. На палову 12-й у папы прызначаная сустрэча з аргентынскімі біскупамі, а потым у 12:15 адбудзецца афіцыйны прыём у гонар чальцоў брытанскай каралеўскай сям’і — Чарльза, прынца Ўэльскага, і Камілы, герцагіні Карнуэльскай. Пра гэты візыт Ватыкан абвясьціў яшчэ месяц таму. Паведамляецца, што пасьля гэтай сустрэчы адбудзецца традыцыйная ў такіх выпадках прэсавая канфэрэнцыя. Што тычыцца прэсавай канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам, то пра яе інфармацыі не паступала.

Пакуль што ў італьянскіх СМІ ўвогуле няма больш-менш падрабязных паведамленьняў адносна праграмы візыту беларускага кіраўніка. Няма зьвестак і пра тое, хто з вышэйшых асобаў Італіі — прэзыдэнт або прэм’ер — запрасіў Лукашэнку ў Рым. Менавіта такое афіцыйнае запрашэньне і дае падставу зьвярнуцца ў Ватыкан з просьбай аб аўдыенцыі ў пантыфіка. Гэты звычай увёў яшчэ Ян Павел ІІ.

Як патлумачыў напярэдадні журналістам дырэктар прэсавай службы Ватыкану айцец Фэдэрыка Лямбардзі, сустрэчу Лукашэнкі з Бэнэдыктам XVI трэба разглядаць як сустрэчу двух дзяржаўных кіраўнікоў.

“У Ватыкану зь Менскам існуюць нармальныя дыпляматычныя стасункі. Калі прэзыдэнт краіны, зь якой у нас ёсьць дыпляматычныя зносіны, просіць папу прыняць яго, яму не адмовяць. Гэта было б няветліва”, — сказаў айцец Фэдэрыка Лямбардзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG