Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнікі БХД зьвернуцца ў Вярхоўны суд


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Нягледзячы на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць Беларускую хрысьціянска-дэмакратычную партыю, ужо ў панядзелак, 20 красавіка, партыйныя актывісты пачынаюць акцыю “Наш адказ на крызіс”.


Больш як у 30 гарадох, дзе ёсьць Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пройдуць палітычныя, эканамічныя, грамадзкія, дабрачынныя мерапрыемствы. Пра гэта сёньня паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Заснавальнікі партыі вырашылі абскардзіць у Вярхоўным судзе вэрдыкт аб адмове ў рэгістрацыі. Мін’юст у сваім рашэньні найперш спасылаецца на тое, што пададзеныя яму дакумэнты не адпавядаюць дадзеным, якія мае міністэрства.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец назваў такое заключэньне палітычным. Свае словы ён падмацаваў наступнымі аргумэнтамі. Ніхто з заснавальнікаў партыі пісьмова ад свайго ўдзелу ў арганізацыі БХД не адмовіўся. Гэтаксама не змагло міністэрства знайсьці сярод заснавальнікаў сябраў іншых палітычных партыяў. І тады, на думку спадара Севярынца, дзяржаўныя чыноўнікі самі парушылі дзейнае заканадаўства:

“Мін’юст, спрабуючы распытаць людзей праз паўтара-два месяцы пасьля сходаў, з прыцягненьнем КДБ, МУС, ідэалягічных аддзелаў, мясцовых уладаў, з прымяненьнем хлусьні і страху, спрабаваў заблытаць людзей і запалохаць іх. Практычна ўсе факты, прыведзеныя міністэрствам юстыцыі, — гэта інтэрпрэтацыя іхняга апытаньня (падкрэсьлю, неадпаведнага заканадаўству, паколькі яно ажыцьцяўлялася праз запалохваньне і страх).

У людзей пыталіся пра 10—15 акалічнасьцяў сходаў, якія праходзілі паўтара-два месяцы таму. Напрыклад, чалавеку тэлефануюць і пытаюцца: колькі было там людзей? Той адказвае: чалавек 20—25. А паводле пратаколу там было 30. Ну вось і ёсьць неадпаведнасьць. Альбо пытаюцца: колькі чалавек разам з вамі вылучалі ў дэлегаты? Уявіце чалавека, які першы раз удзельнічае ў сходзе. Ён кажа: чалавекі тры, здаецца. А паводле пратаколу — чатыры. Яшчэ адна неадпаведнасьць. І гэтак далей. Гэта — не юрыдычная праца, а палітычная. Гэта не юрыдычнае рашэньне, гэта, зразумела, палітычнае рашэньне”.

Юрыст Юрась Чавусаў лічыць, што асноўная прэтэнзія Міністэрства юстыцыі ня можа быць прызнаная законнай:

Юры Чавусаў
“Таму што ніякіх доказаў, грунтоўных сьведчаньняў пра тое, што сапраўды былі парушэньні, міністэрства не прыводзіць. Высновы тут грунтуюцца выключна на выніках не прадугледжанага заканадаўствам масавага палітычнага апытаньня заснавальнікаў партыі”.

У паведамленьні, якое атрымалі кіраўнікі незарэгістраванай партыі, у прыватнасьці, адзначаецца: некаторыя заснавальнікі недакладна назвалі колькасьць прысутных на рэгіянальных сходах па вылучэньні дэлегатаў на зьезд партыі, не маглі дакладна назваць месца і час правядзеньня сходаў, а таксама дакладныя прозьвішчы дэлегатаў. Частка апытаных наагул адмовілася даваць любыя тлумачэньні. З гэтых фактаў міністэрства зрабіла выснову, што некаторыя з дэлегатаў насамрэч ня бралі ўдзелу ў рэгіянальных сходах.

Устаноўчы зьезд БХД прайшоў 28 лютага. У ім удзельнічалі 206 дэлегатаў. 12 сакавіка заснавальнікі новай партыі перадалі дакумэнты для рэгістрацыі ў Міністэрства юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG