Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўда: "Так акцыі не праводзяцца"


Дзень Волі 25 сакавіка 2008 году
Дзень Волі 25 сакавіка 2008 году

Сёньня а 6-й вечара каля будынку Акадэміі навук зьбяруцца ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі. Ці ўсіх задаволіла падрыхтоўка да масавай акцыі?

Улады настойваюць, каб удзельнікі шэсьця ішлі на плошчу Бангалор. Але старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, адзін з заяўнікаў акцыі, 24 сакавіка падаў у гарвыканкам заяву. Ён піша, што прайсьці да плошчы Бангалор па вуліцы Сурганава ў прынцыпе немагчыма. Там ідзе рамонт і ўсё раскапана.

Тым часам улады папярэджваюць: калі ўдзельнікі сьвяткаваньня самастойна зьменяць маршрут, праваахоўныя органы ужывуць сілу. Начальнік менскай міліцыі Леанід Фармагей заяўляе:

“Органы аховы парадку не дапусьцяць парушэньня закону і замахаў на бясьпеку жыхароў і гасьцей Беларусі. На міліцыю ўскладзены абавязак абараняць правы грамадзянаў, мір і спакой у нашай краіне. І мы без усялякіх сумненьняў выканаем свой абавязак перад законам і грамадзтвам”.

Выглядае, што сёлета Дзень Волі будзе адзначаецца значна больш сьціпла, чым летась. Палітоляг Уладзімер Роўда гэта пацьвярджае:

“Абсалютна ніякага імпэту не адчуваецца. Акцыі ў нашай краіне ператварыліся ў руцінную зьяву. Апазыцыя праводзіць гэтыя акцыі дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю наяўнасьць, сваю прысутнасьць у грамадзтве. Прадэманстраваць замежным спонсарам найперш, прадэманстраваць грамадзтву. І гэта як пацьвярджэньне, што яна існуе, што яна жыве, нягледзячы на ўсялякія рэпрэсіі”.

Уладзімер Роўда лічыць: “так акцыі не праводзяцца”:

“Калі казаць пра сапраўдныя акцыі з пункту гледжаньня паліталёгіі, то яны павінны біць па балючых кропках рэжыму. Акцыі трэба праводзіць не тады, калі надышоў час нешта сьвяткаваць, такія акцыі таксама неабходныя, але гэта дробязь. Іх трэба праводзіць, калі ўзьнікаюць праблемы, якія моцна хвалююць людзей. Таму і лёзунгі высоўваюцца адпаведныя, найперш сацыяльна-эканамічныя, потым -- палітычныя. І такая акцыя будзе разумецца насельніцтвам як нешта сапраўды важнае і значнае. І плён ад такіх акцыяў будзе, канечне, значна большым”.

За двое сутак да Дня волі прадстаўнічая дэлегацыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў знаходзілася ў Вільні на міжнароднай канфэрэнцыі. Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька кажа, што ён інфармаваў парлямэнтараў васьмі эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікоў МЗС Літвы пра Дзень Волі:

“Гэта будзе ня лішнім, калі да падзеяў у Менску будзе прыцягнутая ўвага на ўзроўні нацыянальных парлямэнтаў, міжнародных арганізацыяў, а таксама выканаўчай улады Літвы. Чым больш увагі, тым больш гарантыяў для ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства”.

Уладзімер Роўда ацэньвае падрыхтоўку да сёньняшняй акцыі наступным чынам:

“Ну, гэта лінія найменшага супраціву. Апазыцыя яе выбрала і рухаецца па гэтай лініі. Адзіны прарыў быў падчас Плошчы. Тады людзі сабраліся і ўпарта стаялі.Але гэта была акцыя, хутчэй, не палітычнага супраціву, а маральнага. А ўсё астатняе – гэта тое, да чаго нашы ўлады ўжо даўно прызвычаіліся. Ніякіх сюрпрызаў яны не чакаюць, нічога дзіўнага для іх ня будзе. І таму для ўлады такія акцыі нават карысныя”.

Заяўнікі акцыі ад Партыі БНФ меркавалі прызначыць збор удзельнікаў у 18:00 на пляцоўцы перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук. Затым яны зьбіраліся прайсьці на Кастрычніцкую плошчу. Гарадзкія ўлады пагадзіліся зь месцам збору, аднак прапанавалі зьмяніць маршрут шэсьця: прайсьці вуліцай Сурганава на плошчу Бангалор. У выніку адзін з заяўнікаў акцыі, Віктар Івашкевіч, на прэсавай канфэрэнцыі 19 сакавіка ў Менску паведаміў, што з маршрутам шэсьця ў Дзень Волі арганізатары маюць намер вызначыцца на месцы збору ўдзельнікаў акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG