Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэзары Галіньскі: “Белсат”: кухаркі і прыбіральшчыцы”


Цэзары Галіньскі
Цэзары Галіньскі

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – польскі журналіст Цэзары Галіньскі. Сёньня ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра падзеі на тэлеканале “Белсат”.


– Як чалавеку, які зьвязаны зь “Белсатам” ад першага дня выхаду гэта канала ў этэр, мне вельмі няёмка выказваць хоць нейкія ўласныя меркаваньні наконт апошніх навінаў з Варшавы. Але думаю, што магу падзяліцца са слухачамі “Свабоды” адным анэкдотам, а дакладней – сапраўднай гісторыяй, якая адбылася са мной на самым пачатку дзейнасьці “Белсату”.

Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў.

Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода.

Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ — газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале Белсат. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве…

Восьмая гадзіна раніцы, сяджу адзін у рэдакцыі. Чакаю журналістаў, зь якімі будзем рыхтаваць і выпускаць ў этэр сёньняшні выпуск. У гэты час сваю працу скончвае „pani sprzątaczka” – значыцца – прыбіральшчыца. Бачу, кабеціну штосьці хвалюе, штосьці яна хоча сказаць, але сьмеласці не хапае.

Але ўрэшце рэшт, ня вытрымала: “Proszę pana, – кажа. – Czy tu jest ta RUSKA telewizja?” – пытаецца.

Я ледзь з крэсла не зваліўся. Аднак падумаў, трэба скарыстацца момантам і данесьці праўду ў народ. Растлумачыў, што тэлебачанне ня рускае, але беларускае, намаляваў геапалітычную карціну...

Пані слухала уважліва. Але ўсё ж такі рысу падвяла яна. – “А я лічу, – сказала аўтарытэтна, - што ў Польшчы трэба польскае тэлебачаньне!”

Супраць такога аргумэнту я быў бездапаможны. Засталося толькі ветліва развітацца.

Яшчэ таварыш Ленін казаў, што дзяржавай можа кіраваць кухарка. Пакуль можна толькі здагадвацца, як суадносіцца з магчымымі рашэньнямі польскіх тэленачалнікаў і міністэрскіх чыноўнікаў гэты своеасаблівы vox populi, пачуты з вуснаў варшаўскай прыбіральшчыцы...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG