Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін пажыцьцёвы прэзыдэнт?


Ілхам Аліеў
Ілхам Аліеў

Заўтра азэрбайджанцы возьмуць удзел у канстытуцыйным рэфэрэндуме, які можа адчыніць дарогу прэзыдэнту Ілхаму Аліеву да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва. Апазыцыя заклікае народ да байкоту гэтага плебісцыту, кажучы, што яго галоўнай мэтай зьяўляецца кансалідацыя ўлады ў руках кіроўнай эліты.

Калі народ скажа “так”, дык рэфэрэндум зьменіць ажно 29 артыкулаў канстытуцыі краіны. Найважнейшая зьмена — выключэньне з асноўнага закону пункту пра тое, што адна асоба ня можа быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны.

Каб рэфэрэндум адбыўся, хопіць удзелу чацьвёртай часткі з блізу 5 мільёнаў выбарцаў Азэрбайджану.

Прэзыдэнт Ілхам Аліеў быў абраны на другі тэрмін у кастрычніку летась, і наступныя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца толькі ў 2013 годзе. Чаму ён робіць рэфэрэндум так хутка?

Магчыма, ён баіцца, што эканамічны ўздым краіны можа нечакана скончыцца пад уплывам сусьветнага эканамічна-фінансавага крызісу, а таму нельга зацягваць правядзеньня так важнага для ягонай сям’і плебісцыту.

Цягам апошніх пяці-шасьці гадоў валавы прадукт Азэрбайджану ўзрастаў у сярэднім на 20 працэнтаў за год. Азэрбайджан — сярод сусьветных лідэраў эканамічнага росту. Менавіта добрая эканамічная сытуацыя ў Азэрбайджане, на думку экспэртаў, прадвырашае пазытыўны для Ілхама Аліева вынік заўтрашняга галасаваньня.

Сямейны клан Аліевых зь перапынкам знаходзіцца пры ўладзе ўжо 40 гадоў. Бацька цяперашняга прэзыдэнта, Гейдар Аліеў, кіраваў савецкім Азэрбайджанам ад 1969 да 1982 году, а потым незалежным Азэрбайджанам ад 1993 да 2003. У 2003 годзе яго зьмяніў сын, Ілхам. А ў Ілхама ёсьць таксама сын, які завецца як і дзед — Гейдар.

Акрамя зьмены артыкулу аб прэзыдэнцтве, на рэфэрэндум вынесеныя і іншыя цікавыя папраўкі. Адна зь іх забараняе журналістам “ісьці сьледам, фатаграфаваць і запісваць” нейкую асобу безь яе папярэдняй згоды. А яшчэ адна папраўка прапануе дазволіць прэзыдэнту і парлямэнту працягваць свае тэрміны падчас ваеннага канфлікту. Крытыкі гэтай апошняй папраўкі кажуць, што яна вельмі недакладная — Азэрбайджан увесь час знаходзіцца ў стане ваеннага канфлікту з Армэніяй за Нагорны Карабах, значыць, Ілхам Аліеў мог бы заставацца пажыцьцёвым прэзыдэнтам і бяз выбараў.

Вэнэцыянская камісія, якая рыхтуе Радзе Эўропы парады ў канстытуцыйных пытаньнях, спрабавала прысарамаціць Баку за рэфэрэндум, прыводзячы аргумэнт, што на сёньняшні дзень “адзінай прэзыдэнцкай рэспублікай у Эўропе, якае ня мае абмежаваньня на колькасьць чарговых прэзыдэнцкіх тэрмінаў, зьяўляецца Беларусь”. Агенцтвы не паведамляюць, ці нехта ў Баку засаромеўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG