Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Сьнягір судзіцца за элітную кватэру


Міхаіл Сьнягір
Міхаіл Сьнягір

У Заводзкім судзе Менску разглядаецца пазоў былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра адносна элітнай кватэры ў Менску.


Адначасова суд разглядае і сустрэчны пазоў былога гаспадара кватэры, які па-ранейшаму лічыць сябе ўласьнікам.

СЛУХАЦЬ:


Справа Міхаіла Сьнегіра, якая разглядаецца ў Заводзкім судзе Менску — гэта не крымінальная справа паводле абвінавачаньня былога пракурора Менскай вобласьці ў карупцыі, а працяг справы вакол кватэры на вуліцы Ціміразева ў Менску. Спадар Сьнягір настойвае на тым, што набыў кватэру законна. У сваім пазове, які зараз пачалі разглядаць у Заводзкім судзе Менску, былы пракурор просіць прызнаць, што ён даплаціў за кватэру яшчэ каля 180 тысяч даляраў да ранейшых 70, і, такім чынам, 5-пакаёўка з падземным гаражом абышлася яму амаль у 250 тысяч даляраў. Каб зрабіць гэтую пакупку, спадар Сьнягір прадаў былую кватэру і застаўся ў Менску без жытла. “У мяне нічога няма, акрамя лецішча і гаража. Нават няма аўтамабіля!” — даводзіў судзьдзю Алегу Каляду экс-пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір на апошнім паседжаньні ў мінулую пятніцу.

Журналістаў, якія прыйшлі на працэс, асабліва цікавіла, як будзе трымацца Міхаіл Сьнягір, які ўжо болей за тры месяцы знаходзіцца за кратамі. Журналістка Натальля Шарай згадвае:

“Выглядаў ён дрэнна. Нейкі зьбялелы, квёлы, у спартовым строі. Размаўляў спачатку вельмі ціха, а каб падняцца, падцягваўся на руках, узяўшыся за пруты жалезнай клеткі”.

Міхаіл Сьнягір не пажадаў, каб яго фатаграфавалі, заявіўшы: “Досыць гэтага шоў”, — кажа журналістка Натальля Шарай.

Адначасова ў грамадзянскім працэсе разглядаецца і пазоў прадпрымальніка Ўладзімера Сідаровіча, які па-ранейшаму лічыць сябе ўласьнікам гэтай кватэры. Паводле спадара Сідаровіча, зьдзелку Міхаіла Сьнегіра адносна набыцьця кватэры трэба прызнаць незаконнай.

Пра спрэчную кватэру стала шырока вядома са слоў Аляксандра Лукашэнкі, які на антыкарупцыйнай нарадзе ўвосень мінулага году зьдзівіўся прыбыткам Міхаіла Сьнегіра і выказаў сумнеў у законнасьці набыцьця кватэры. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у змаганьні за кватэру з Уладзімерам Сідаровічам Міхаілу Сьнегіру нібыта дапамагалі былы намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў ды судзьдзі зь Ленінскага суду Менску Алена Ільіна, Валер Есьман ды Тацяна Паўлічук. Пазьней Мікалая Купрыянава звольнілі з працы, але крымінальнай справы супроць яго не заводзілі. Звольнілі і судзьдзю Алену Ільіну. Адносна судзьдзяў Есьмана і Паўлічук вядзецца праверка, кажуць у пракуратуры.

Сама меней да 30 сакавіка адкладзены разгляд пазову Міхаіла Сьнегіра і сустрэчнага пазову прадпрымальніка Ўладзімера Сідаровіча, паведамілі “Свабодзе” ў Заводзкім судзе. Перапынак дадзены на тое, каб прадстаўнік Міхаіла Сьнегіра сабраў доказы таго, што матэрыяльны стан ягонага падабароннага нібыта вельмі дрэнны. “Уся сям’я жыве на 500 тысяч у месяц”, — казаў пры разглядзе пазову Міхаіл Сьнягір.

Ад выніку працэсу ў Заводзкім судзе шмат што будзе залежаць на крымінальным працэсе над былым пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром, які пачнецца прыкладна празь месяц. Гэтак мяркуюць назіральнікі за гэтай гучнай справай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG