Палітоляг Дзяніс Мельянцоў зьвяртае ўвагу: беларуская палітычная апазыцыя неаднаразова падкрэсьлівала сваё жаданьне ўдзельнічаць у перамовах улады і Эўропы як трэці бок. Але Брусэль усё часьцей не зьвяртае на гэта ўвагі, адзначае аналітык:
«Відавочна, што падвышаецца ўзровень афіцыйных сустрэчаў беларускіх уладаў з эўрапейцамі. І паніжаюцца ўзровень і частата сустрэчаў палітычнай апазыцыі з тымі ж прадстаўнікамі Эўропы. Калі мы паглядзім на апошнія сустрэчы, прынамсі, візыт Саляны, то бачым, што ён сустракаўся з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі. Але не сустракаўся з дэлегатамі ад АДС. І гэта было падкрэсьлена нават».
Спадар Мельянцоў так тлумачыць, чаму зьмяняюцца прыярытэты Эўропы:
«Матывацыя эўрапейцаў адрадзіць палітычныя кантакты з Беларусьсю палягае ў тым, што дэмакратызацыя Беларусі праз падтрымку палітычнай апазыцыі не атрымалася. Стала відавочна, што апазыцыя ня здольная самастойна альбо ў саюзе зь нейкай часткай намэнклятуры прыйсьці да ўлады. То бок трэба было шукаць нейкія іншыя мэханізмы ўздзеяньня на беларускую сытуацыю. І менавіта такім мэханізмам стала нарошчваньне дачыненьняў менавіта з уладамі».
Дэлегацыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая прыбыла ў Менск, ачольвае кіраўнік Асамблеі Жуан Суарыш. Здаецца, у апазыцыі зьяўляецца добры шанец данесьці да найвышэйшага ўзроўню сваю пазыцыю. Аднак Анатоль Лябедзька, якога Суарыш запрасіў на сьняданьне, накіраваўся ў Страсбур разам з Аляксандрам Казуліным. Чаму? Лябедзька тлумачыць:
«Канечне, Эўрапарлямэнт выглядае значна больш уплывовым за Парлямэнцкую асамблеюАБСЭ. Рашэньні, якія прымае Эўрапарлямэнт, могуць датычыцца розных праграмаў, прынамсі «Усходняга партнэрства». Гэта і ўплыў і на Эўракамісію. Парляменцкая Асамблея АБСЭ – гэта ўсё ж такі дыскусійны клюб. Яна прымала рашэньне яшчэ ў 2000 годзе, каб даць паўнавартасны статус Палаце прадстаўнікоў . І былі амбіцыі паўплываць на гэтых людзей, даць ім урокі дэмакратыі. І думалі, што пасьля гэтага ўсё зьменіцца. Прайшло восем гадоў. І якія зьмены? Абсалютна ніякіх».
Дзяніс Мельянцоў кажа, што апазыцыя ўсё больш і больш выціскаецца з палітычнага поля. І яна з-за гэтага вымушаная, так бы мовіць, зьмяніць прафэсію:
«Эўрапралямэнт таксама ў прынцыпе можна назваць дыскусійным клюбам. Таму што рашэньні ў зьнешныяй палітыцы Эўразьвязу ён таксама не прымае. Цяпер відавочна, што менаівта лідэры апазыцыйных партыяў імкнуцца ператварыцца з палітыкаў альбо грамадзкіх дзеячоў у экспэрты, стаць пасярэднікамі ў перамовах паміж Захадам і Беларусьсю. Яны хочуць паўплываць на вынікі гэтых перамоваў. Нічога іншага ім больш не застаецца».