Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ну, паехаў Лукашэнка адпачываць. Іншыя ж таксама езьдзяць”


У “Званках на Свабоду” слухачы выказваюць сваё стаўленьне да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію. Сустаршыня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін адказвае на пытаньне, чым можна дапамагчы новай арганізацыі, а намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч — пра пляны апазыцыі на той выпадак, калі людзі ня выйдуць на акцыю ў Дзень Волі 25 сакавіка.


Нашыя слухачы працягваюць выказваць сваё стаўленьне да таго, што Аляксандар Лукашэнка адпачывае на сэрбскім гарналыжным курорце Капаонік, а таксама, паводле паведамленьняў тамтэйшых мэдыяў, удзельнічае ў бізнэс-форуме:

Спадарыня: “Апошнім часам паднялі такі вэрхал, што Лукашэнка паехаў адпачываць! Ды адхісьніцеся вы ад гэтага Лукашэнкі. Колькі можна яго тэрарызаваць, колькі можна яго крытыкаваць, абражаць, прыніжаць? Ну, паехаў, іншыя ж таксама езьдзяць. Украінскі паехаў, і таксама такі стан краіны, крызіс, у іх яшчэ большы крызіс, і палітычны, і з газам там. І то людзі нічога ня кажуць. А то, Божа мой, паднялі скандал, самі сябе ганьбіце, сьмяецца з вас Захад. Так ужо ўзьненавідзелі, што аж за чалавека яго ня лічыце, аж шкада яго!”

Спадар: “Беларуская мадэль кіраўніцтва — гэта адпачынак прэзыдэнта зь сем'ямі сыноў і чэлядзьдзю пад выглядам рабочага візыту ў Сэрбію. 13 год у прэзыдэнцкім крэсьле праседзеў, але ашчадзіць на адпачынак грошай ня здолеў. Ведай, Беларусь і сьвет, у чым тут справы: прэзыдэнт рашыў пажыць за кошт дзяржавы”.

Галіна, Магілёў: “Сёньня на вуліцы непадалёк ад мяне пасьлізнулася і ўпала пажылая жанчына. Я падышла і дапамагла ёй падняцца, спыталася, чаму ідзе пешшу, а ня едзе на аўтобусе. Яна сказала, што да пэнсіі засталося 7 тысяч да 12 сакавіка. На аўтобус няма грошай. Ёй 78 год. Хацела дайсьці да крамы “Эўраопт”, дзе трошкі таньней. У той час, як пажылыя людзі эканомяць на гарадзкім транспарце, Лукашэнка, пазбавіўшы іх ільгот, ні пра што ня думаючы, як хлопчык-падлетак, з кайфам нясецца з гор лыжнага курорта ў Сэрбіі.”.

28 лютага ў Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Пытаньне ад нашага слухача:

Вадзім Шаргей: “У мяне пытаньне да кіраўнікоў стваранай партыі Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Калі вы будзеце падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі? А таксама ці магу я, просты сьмяротны грамадзянін, чым-небудзь дапамагчы вашай партыі?”

Адказвае сустаршыня Партыі БХД Аляксей Шэін:

“Падаваць дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі мы зьбіраемся ў бліжэйшыя некалькі дзён. Што тычыцца дапамогі ад звычайнага чалавека, то яна можа быць самая розная. Я веру, што Бог кожнаму даў свае таленты і здольнасьці. Таму — дапамагаць сваімі талентамі і здольнасьцямі. Нехта мае машыну — можна арганізаваць вандроўкі па рэгіёнах, нехта ўмее пісаць — можа напісаць артыкул. Усе, хто хоча дапамагчы, могуць скантактавацца ці праз сайт bchd.info, ці праз мабільны тэлефон — 651 26 65”.

Сёлета на Дзень волі 25 сакавіка Партыя БНФ ладзіць акцыю пратэсту. Арганізатары кажуць, што дэманстранты будуць патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньня новых свабодных выбараў парлямэнту і прэзыдэнта, стварэньня ўраду народнага даверу, які павінен распрацаваць праграму пераадоленьня эканамічнага крызісу ў Беларусі.

Мікола: “У мяне такое пытаньне да Віктара Івашкевіча: калі ня выйдуць людзі 25 сакавіка, што яны будуць рабіць з апазыцыяй?”

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Будзем заклікаць выйсьці 26 красавіка, а пасьля — восеньню, а пасьля — увесну. Крызіс будзе бліжэйшыя 2 гады толькі пагаршацца. Будзе нарастаць і незадаволенасьць людзей. Апазыцыя, канкрэтна БНФ, павінна падымаць сьцяг і казаць: “Людзі, усе, хто незадаволены, далучайцеся да нас і разам будзем змагацца за нашыя правы”. І трымаць гэты сьцяг, бо за адзін дзень гэта не вырашаецца, а толькі пасьля доўгай працы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG