Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: прагрэс мусіць быць незваротным


Прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ выступіла з заявай адносна палітычных зьняволеных у Беларусі.

Адзначыўшы вызваленьне палітычных вязьняў у жніўні 2008 г. і некаторыя іншыя пазытыўныя крокі афіцыйнага Менску (дазвол на распаўсюд дзьвюх незалежных газэт, рэгістрацыю руху “За свабоду”, дэкляраваньне гатоўнасьці супрацоўнічаць з БДІПЧ у справе паляпшэньня выбарчага заканадаўства), амэрыканскае прадстаўніцтва пры АБСЭ адзначыла, што гэтыя крокі маюць абмежаваны характар. ЗША заклікаюць беларускія ўлады зрабіць пазытыўны працэс “незваротным”.

Прадстаўніцтва падзяліла занепакоенасьць Эўразьвязу адносна арышту Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі і запатрабавала, каб судовы працэс быў справядлівым і адкрытым. У заяве выказваецца занепакоенасьць у сувязі з прымяненьнем сілы пад час акцыяў апазыцыі 14 і 16 лютага, а таксама ўзгадваецца прымусовы прызыў у войска Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зьміцера Хведарука.

“Прагрэс у галіне павагі правоў чалавека і дэмакратыі прывядзе да паляпшэньня адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю,” – гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЗША у АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG