Грамадзкі рэдактар Леанід Гаравы — з самага сьнежнага ды марознага раёну Беларусі, Гарадоцкага. Днямі спадар Леанід адзначыў юбілей — 50-годзьдзе. Ён сябра БСДП (Грамада), адзін са стваральнікаў “Руху за Свабоду”. Абіраўся дэпутатам райсавету. 23 гады займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю, пакуль ня быў звольнены з пасады дырэктара школы па палітычных матывах. Ягонае хобі — пошук усяго, што зьвязана зь легендарнай паэмай “Тарас на Парнасе”. І вось гэтага інтэлігентнага чалавека падчас мінулай выбарчай кампаніі абвінавацілі за нібыта грубае ўмяшаньне ў працу сябраў участковай камісіі. Спадар Гаравы быў двойчы аштрафаваны. Не выпадкова ён замовіў свабодаўцам падрыхтаваць перадачу на тэму “Штрафная практыка беларускага правасудзьдзя”. |
Да прыкладу, у Беларусі самая вялікая сума за адміністрацыйнае правапарушэньне сягае да 600 даляраў, а ў суседняй Расей — толькі да 200. Што тычыцца Эўропы, дык там шмат дзе памер штрафаў непасрэдна залежыць ад заробку парушальніка.
Ігар Лапеха, Надзея Крапівіна і Эдвард Дмухоўскі прасілі рабочых не пілаваць даваенныя прысады ў цэнтры Горадні. Усе сайты тады абышлі здымкі: узброеныя аўтаматамі Калашнікава міліцыянты цягнуць за каршэнь Ігара Лапеху, які адмовіўся сядаць у “варанок”. Суд вырашыў, што ўсе трое перашкаджалі пілаваць дрэвы і прызначыў штрафы. Лапеху — мільён 50 тысяч рублёў, Крапівінай — 875 тысяч і Дмухоўскаму — 175, сумарна на той момант гэта атрымалася дакладна тысяча даляраў. Дарэчы, Надзея Крапівіна — беспрацоўная, на ўтрыманьні маці, але суд гэта зусім не зьбянтэжыла. Гаворыць Ігар Лапеха:
— Мы з судовым прыставам дамовіліся, што будуць вылічваць па дваццаць працэнтаў з заробку ў мяне, вылічваць дзевяць месяцаў па сто дваццаць тысяч.
Дарэчы, пасьля гэтага здарэньня дрэвы ў гістарычнай забудове зноўку пілавалі. Атрымліваецца, прыпыніць працэс не ўдалося?
— Нават у тым месцы ўдалося, алея там з двух бакоў завулку. З аднаго боку ўладальнік — каледж, а з другога — унівэрсытэт. Фактычна ўнівэрсытэт прыпыніў высечку на сваёй тэрыторыі, там нібы больш інтэлігентныя людзі. Гэтая тэма атрымала рэзананс ў сродках масавай інфармацыі, у апошнім нумары газэты “Вечерний Гродно” інтэрвію з новым кіраўніком Ленінскага раёну Горадні і ў загалоўку гаворыцца “аб сьсечаных ліпах”. Карацей, чыноўнікі апраўдваюцца, чаго яны ня любяць рабіць.
У Беларусі на канцэртах можна выкарыстоўваць толькі чырвона-зялёны сьцяг з арнамэнтам, а бел-чырвона-белы — ужо страшэннае парушэньне грамадзкага парадку. Гэта зазнаў на сабе кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін.
— Я заплаціў штраф 1 мільён 750 тысяч рублёў, які даў мне суд Ленінскага раёну Горадні за выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга на канцэрце польскага гурту “Лёмбард”. Я лічу, што занадта вялікі штраф за выкарыстаньне былой дзяржаўнай сымболікі. І ўвогуле памеры штрафаў у Беларусі не суадносяцца з ўзроўнем жыцьця. Па некаторых артыкулах беларусы плацяць штрафы і пяць мільёнаў, і сем, і восем. Ёсьць прыклад, калі за ўдзел у масавых акцыях штраф чатыры мільёны, хаця чалавек нідзе не працуе і ня мае даходаў.
Трэба зазначыць, што сьцяг на канцэрце Юры Істомін трымаў разам зь Віктарам Сазонавым, кіраўніком абласной арганізацыі БСДГ. Дык вось Сазонаву далі крыху меншы штраф — мільён 50 тысяч. Разам на той момант атрымалася больш за 1300 даляраў. Юры Істомін працягвае:
— Гэта бязглузьдзіца, што з году ў год у бюджэце Гарадзенскай вобласьці ёсьць асобны радок: “даходы ад штрафаў”. Атрымліваецца, Савет дэпутатаў прадугледжвае адказнасьць за выкананьне гэтага артыкула выканаўчымі органамі. Проста прымушаюць фактычна мясцовыя ўлады, каб гэты артыкул бюджэту выконваўся.
Журналіст Іван Роман зазначае: могуць аштрафаваць нават за выпадкова страчаны пашпарт — і так непрыемнасьць, а цябе яшчэ за гэта й дадаткова караюць.
— За тое, што пашпарт згубіў, ці скралі штрафуюць, у мяне была такая гісторыя… У чалавека скралі пашпарт, ён гэта тлумачыць у адміністрацыйнай камісіі, а яму штраф даюць.
Падпасьці пад пакараньне грашыма сёньня можа практычна кожны беларус. Прычым тыя, хто накладае штрафы, часта нават ня лічаць патрэбным хаваць — яны выконваюць даведзены ім плян па папаўненьні дзяржаўнай казны.
Варта толькі запытацца пра штрафы ў любога знаёмага альбо незнаёмага чалавека, як суразмоўцы пачынаюць згадваць адпаведныя структуры: падатковую інспэкцыю, ДАІ, пажарных інспэктараў і нават такія службы, пра якія шараговы абывацель увогуле, можа, ніколі й ня чуў.
Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч згадвае, як з адной з такіх службаў яму давялося пазнаёміцца проста на беразе возера каля вёскі Вароны, куды ён прыехаў адпачываць зь сям’ёй:
— Загараем, купаемся… Тут раптам прылятае “уазік”, зь яго хлопцы ў камуфляжнай форма з аўтаматамі: “А ці ведаеце вы, што ставіць машыны бліжэй як за 30 мэтраў ад вады нельга? Гэта такая пастанова Міністэрства рыбнай гаспадаркі”. А на беразе ў той час было некалькі соцень машын, і да ўсіх яны падыходзілі, на ўсіх складалі пратаколы. Штраф — пяць базавых велічынь.
Яшчэ адзін штраф, які Сяргей Парсюкевіч згадвае са сьмехам, далі яму супрацоўнікі ДАІ. Прычым не за перавышэньне хуткасьці і не за няправільную паркоўку, а за наклейку на заднім шкле ягонай машыны:
— Звычайная наклейка “BY”, чорнымі літарамі, адно што па белым полі ідзе чырвоная паласа. Атрымліваецца нацыянальны беларускі сьцяг. І дзьве базавых штрафу мне за гэта далі. Прычым вы ж паглядзіце, якія наклейкі на машыны цяпер лепяць: “Не прыціскайся, мы незнаёмыя”, або “Блытаю пэдалі”. І нічога. А вось калі ты наклеіў “Пагоню” або бел-чырвон-белы сьцяг — гэта значыць адназначна парушальнік“.
Тым часам службоўцы вынаходзяць новыя шляхі й мэтады, каб узяць штраф — не з таго, дык з іншага грамадзяніна. Аршанец Ігар Казьмярчак, да прыкладу, мусіў заплаціць за тое, што лузгаў семкі:
— Я звычайна не выкідаю шалупіньне пад ногі, а ў кішэню складаю. Семкі я еў ужо некалькі дзён, і ўрэшце некуды трэба было тое сьмецьце выкінуць. А ніводнай сьметніцы. Я тады пад слуп усё горкай высыпаў, каб было бачна — ня проста насьмеціў, а знарок акуратненька ўсё выклаў. І тут з-за рага выскоквае міліцыянт і прадстаўляецца: “Экалягічная міліцыя”. Ён тады ўвесь дзень за тым рагом туляўся, усё адсочваў, хто плюне, хто талёнчык выкіне ці недапалак. Відаць, штрафаваць нас было прасьцей, чымсьці сьметніцу паставіць!
Паводле яшчэ аднаго жыхара Воршы, праваабаронцы Алега Граблеўскага, беларуская сыстэма штрафаваньня накіраваная зусім не на выпраўленьне грамадзянаў — у яе цалкам іншыя мэты:
Штрафы ў Беларусі — гэта ўнівэрсальны сродак папаўненьня бюджэту.
Да грамадзкага пратэсту, мажліва, сёньня здатны ня кожны. Але абсалютна кожны можа патрапіць пад штрафныя санкцыі, усяго толькі выйшаўшы, прыкладам, да сябра ў суседні дом і забыўшы пачапіць славуты флікер.
І Леанід Гаравы, на замову якога падрыхтаваная гэтая перадача, і нашыя суразмоўцы лічаць, што найперш вялікія штрафы уведзеныя ў Беларусі ня дзеля прафіляктыкі правапарушэньняў, а найперш — каб папоўніць бюджэт. Два тыдні таму старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала паведаміў, што хутка ў Беларусі будзе узаконена “зьдзелка з правасудзьдзем”: за пэўную суму — да 60 тысяч даляраў — можна будзе, так бы мовіць, адкупіцца ад турмы за некаторыя злачынствы. А зь іншага боку, высокапастаўленыя асобы, якія былі асуджаныя раней с фармулёўкай (цытую:) “злоўжываньне ўладай, што пацягнула за сабой страту дзяржаве ў буйным памеры, зьдзейсьненым з-за асабістай зацікаўленасьці” — памілаваныя ўжо кіраўніком дзяржавы менавіта праз мэханізм вяртаньня скрадзенага. Хоць спэцыялісты папраўляюць — часткі скрадзенага…
Першым прэцэдэнтам была гучная справа Галіны Жураўковай, прэзыдэнцкага “заўгасу”, якую зьвінавацілі ў нанясеньні страты дзяржаве ў кругленькую суму — 3 мільёны даляраў. Паўтара мільёны быццам бы вярнула дзяржаве. Суд прыгаварыў яе да чатырох гадоў пазбаўленьня волі, але адседжваць тэрмін не давялося — указам прэзыдэнта спадарыню Жураўкову памілавалі.
Летась у Менску і вобласьці былі памілаваныя 15 чалавек, крымінальныя справы якіх вялі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і Камітэт дзяржкантролю. Сярод іх такія высокапастаўленыя асобы, як экс-старшыня канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі, генэральны дырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі, генэральны дырэктар “Менск-Лады” Ўладзіслаў Туркін.
Праваабаронца, экс-судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла заўважае:
— Прычым, робіцца гэта ўсё у закрытым рэжыме, грамадзянская супольнасьць не кантралюе сытуацыю. І каго мілуе прэзыдэнт — вядома толькі яму самому і тым, каго ён мілуе. І па тых справах, якія вы назвалі — гэта сапраўды людзі, якія займалі высокае службовае становішча, набілі сабе кішэні за кошт гэтага становішча, і якія здолелі адкупіцца. Там няма ніводнага чалавека сярэдняга ўзроўню, сярэдняга клясу. Гэта, як правіла, ня простыя чыноўнікі, а блізкія да самога прэзыдэнта чыноўнікі.
Намесьнік начальніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менску і Менскай вобласьці Генадзь Стасевіч паведаміў: у камісіі па памілаваньні знаходзяцца яшчэ 42 прашэньні ад асобаў, якія просяць памілаваць іх за эканамічныя злачынствы.
Зараз у Беларусі ідзе падрыхтоўка да ўзаконьваньня так званай “зьдзелкі з правасудзьдзем”. Рыхтуюцца зьмены ў заканадаўства. А пакуль да казнакрадаў можа прымяняцца артыкул 88 прым. Крымінальнага кодэксу, калі абвінавачаны гатовы кампэнсаваць страту. Так, да прыкладу, генэральны дырэктар Гандлёвага дома “Ждановічы” Яўген Шыгалаў абяцаў дабраахвотна заплаціць 85 мільёнаў рублёў. Яшчэ ў чэрвені яго вызвалілі з-пад варты пад заклад у 10 мільёнаў рублёў.
Камэнтуе экс-старшыня Канстытуцыйнага Суду прафэсар Валер Фадзееў:
— Што да справы Шыгалава, гэта зьвязана з тым, што на самой справе размова ідзе сапраўды пра астранамічныя сумы. Ёсьць у чалавека грошы — ён вырашыў сваю праблему. Хаця, на мой погляд, там ёсьць праблемы і ў кваліфікацыі гэтых парушэньняў. Як гэта расцэньваць? Гэта яшчэ раз пацьвярджае: хто багаты — той зможа вырашыць праблему”.
Па словах старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы, “зьдзелка з правасудзьдзем” будзе прызначацца ў памерах ад 300 да тысячы базавых велічынь (60 тысяч даляраў). Экс-старшыня Канстытуцыйнага Суду Валеры Фадзееў перакананы:
— Гэта трэба называць сваімі словамі — адкупіцца ад суду. І тут ёсьць пэўная праблема — будзе няроўнасьць. Багаты зможа адкупіцца, пайсьці на гэту зьдзелку, а просты чалавек ня зможа.
Багаты зможа адкупіцца, а просты чалавек — не.
— У нас у асноўным грамадзтва беднае. Падобны захад будзе разьлічаны на тых, хто можа адкупіцца рэальна ад крымінальнага пакараньня. Яна набудзе характар “адкупнога” для людзей з заможным фінансавым становішчам.
Па інфармацыі старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы, калі б у мінулым годзе можна было ажыцьцявіць “зьдзелку з правасудзьдзем”, за кратамі не апынуліся б 1700 чалавек.