Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саляна даў сыгнал грамадзянскай супольнасьці


Хавіер Саляна, Аляксандар Казулін, Жанна Літвіна
Хавіер Саляна, Аляксандар Казулін, Жанна Літвіна
Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна свае перамовы ў Менску пачаў з сустрэчы з прадстаўнікамі няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў.



На сустрэчу, якая праходзіла ў менскім гатэлі “Crowne Plaza”, былі запрошаныя Алег Гулак, Павал Данэйка, Жанна Літвіна, Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Алена Танкачова і Аляксандар Ярашук.

Аляксандар Мілінкевіч
Кіраўнік руху “За свабоду”Аляксандар Мілінкевіч падзяліўся са “Свабодай”сваімі ўражаньнямі:

“Вельмі вялікая ўвага цяпер у Брусэлі да падзеяў на Беларусі. Там вераць, што Беларусь стане ўдзельнікам праграмы “Ўсходняе партнэрства”. І гэта вельмі вялікі шанец для нашай краіны.

Хавіер Саляна сказаў таксама: вы хочаце лепшага для сваёй краіны, і мы таксама хочам ёй таго ж. Саляна казаў, што надае вялікую ўвагу грамадзянскай супольнасьці і вольным мэдыям. І падкрэсьліў: вельмі важна наладзіць шчыльны абмен інфармацыяй зь імі, каб ацэньваць сытуацыю на Беларусі аб’ектыўна“.

Юрыст, праваабаронца Алена Танкачова лічыць: высокі эўрапейскі чыноўнік зусім не выпадкова пачаў свае сустрэчы ў Менску менавіта з грамадзянскай супольнасьці:

Эўропа бачыць разьвіцьцё дачыненьняў зь Беларусьсю з улікам і пры актыўным удзеле суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці.
“Для мяне гэта выразны палітычны сыгнал да таго, што Эўропа бачыць разьвіцьцё дачыненьняў зь Беларусьсю з улікам і пры актыўным удзеле суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці. І яна чакае ад грамадзянскай супольнасьці супрацоўніцтва, разуменьня сытуацыі і добрага бачаньня будучыні. А гэта дае добрыя надзеі.

Мы павінны навучыцца, мабыць, бачыць крыху шырэй. Мы прывыклі рэагаваць на сытуацыю кожнага дня. І ў гэтым працэсе мы загрузьлі. Сёньня, падобна, надышоў час іншага бачаньня. Сёньня трэба разумець, куды мы хочам прыйсьці праз 5-10 гадоў, і з дапамогай Эўропы будаваць гэтую плятформу. На гэтым трэба сканцэнтравацца тым, хто называе сябе публічнымі палітыкамі, і тым суб’ектам грамадзянскай супольнасьці, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці і эўрапейскай будучыні краіны”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак распавёў “Свабодзе”, што спадар Саляна папрасіў суразмоўцаў выкласьці сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі.

“Агульны мэсыдж быў такі — у краіне шмат праблем з правамі чалавека. Яны застаюцца. Але іх вырашэньне бачна праз дыялёг, які павінен быць прынцыповым, сур’ёзным, канкрэтным. З канкрэтнымі прапановамі і наконт таго, што трэба вырашаць, і наконт таго, якая карысьць ад гэтага будзе краіне.

Пра санкцыі мы не гаварылі. Але зразумела, што працяг дыялёгу — гэта шлях бяз санкцыяў. Мы гаварылі больш пра тое, што найбольш эфэктыўным інструмэнтам у гэтай сытуацыі павінен быць пернік. А санкцыі — гэта ўжо як крайні мэтад“.

Папярэдне плянавалася, што Хавіер Саляна сустрэнецца і з кіраўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў. Аднак, як паведаміў “Свабодзе” Анатоль Лябедзька, ні яму асабіста, ні яго партнэрам па Аб’яднаных дэмсілах запрашэньне не паступала:

“Мажліва, каб ня вельмі раздражняць афіцыйны Менск і не націскаць на палітычны аспэкт сустрэчы. «Грамадзянская супольнасьць» гучыць больш нэўтральна і ня так раздражняе Аляксандра Рыгоравіча, які апошнім часам занадта ўзбуджаны і нэрвова рэагуе”.



Хавіер Саляна прыляцеў ў Менск учора каля 11-й гадзіны вечара рэйсавым самалётам зь Вены. У аэрапорце яго сустракаў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валер Варанецкі. Спадар Саляна і асобы, якія яго суправаджаюць у гэтай паездцы, пасяліліся ў гатэлі “Crowne Plaza” каля стадыёну “Дынама”. Раней гатэль называўся “Беларусь”, потым “Сьвіслач”, а пасьля вялікай рэканструкцыі, зробленай турэцкімі будаўнікамі, атрымаў цяперашнюю назву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG