Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Старажытная Русь


Удзельнічае гісторык Алег Трусаў, эфір 5 лютага 2009 году

Вячаслаў Ракіцкі
“Старажытная Русь (Древняя Русь) — адзіная радзіма ўсходнеславянскіх народаў. Старажытная Русь — першая дзяржава ўсходніх славян, адзіная старажытанаруская дзяржава”. Такое вызначэньне ўтрымлівалася ў падручніку для вышэйшых навучальных установаў “Гісторыя БССР”. Менск. 1981 год.

Гэтае вызначэньне, якое далі сталінскія гісторыкі, працягвае існаваць і ў сучаснай Беларусі.


Вячаслаў Ракіцкі: Калі ў савецкіх падручніках упершыню ўзьнікае падобнае вызначэньне?

Алег Трусаў
Трусаў: Даволі позна: у канцы 1940 — 1950-х гадоў. Тады сталінскія гісторыкі кардынальна перагледзелі канцэпцыю гісторыі ўсходніх славян і практычна вярнуліся на пазыцыі “западнорусізма”“. Тады і былі прыдуманыя такія вызначэньні, як “Старажытная Русь”, “старажытнаруская дзяржава”, “старажытнаруская народнасьць”.

Ракіцкі: Ніводны міт не паўстае на голым месцы. Дзе вытокі гэтага міту?

Трусаў: Вытокі сягаюць ў расейскую гістарыяграфію ХУІІІ і асабліва ХІХ стагодзьдзяў. Менавіта тады была распрацаваная канцэпцыя “вялікароскага племені”, якое складалася зь Вялікай Русі (Расея), Малой Русі (Украіна) і Белай Русі ці славянскай Літвы (Беларусь).

Ракіцкі: А якія рэальныя падставы для ўзьнікненьня такога міту былі яшчэ ў старажытныя часы?

Трусаў: У самыя старажытныя часы існавала спачатку назва “Русь”, а потым ужо розныя яе варыянты, у тым ліку і “Полацкая Русь”.

Ракіцкі: Ужо даўно сур’ёзная навука не адмаўляе беларусам і ўкраінцам называцца самастойнымі нацыямі, хоць такі пэрыяд быў. На якім этапе гісторыі іх сталі прызнаваць? І як да гэтага паставіліся ахоўнікі ідэі старажытнай Русі?

Трусаў: Сытуацыя пачала кардынальна мяняцца ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі на ўсёй тэрыторыі Расейскай імпэрыі пачынаецца вызвольны рух народаў, змаганьне за сваю мову, гісторыю, культуру. Беларусы таксама ўзялі чынны ўдзел у гэтай барацьбе. І пры канцы ХІХ стагодзьдзя прагрэсіўныя расейскія этнографы, а ўсьлед за імі географы, гісторыкі прызналі існаваньне і беларусаў, і ўкраінцаў як асобных народаў са сваімі мовай і гісторыяй. Аднак перавага ў культурным сэнсе ўсё роўна аддавалася вялікаросам. Тым ня меней, перапіс 1897 году упершыню дазволіў задаваць пытаньні ў нацыянальнай праблеме і вызначаць беларусаў і ўкраінцаў як народы. Тады ж упершыню былі дакладна вызначаныя этнаграфічныя межы расьсяленьня ў Імпэрыі ўсіх усходнеславянскіх народаў. Менавіта ў гэты час стаў шырока ўжывацца тэрмін “Кіеўская Русь”, а Кіеў атрымаў назоў “маці гарадоў рускіх”. Тым ня меней, помнік, прысьвечаны 1000-годзьдзю Русі (Расеі) быў пастаўлены ня ў Кіеве. а ў Ноўгарадзе. Цікава, што скульптар Мікешын — беларус паводле паходжаньня.

Ракіцкі: Цягам гісторыі Беларусь па-рознаму называлі. Нядаўна ў “Беларускай Атлянтыдзе” мы разглядалі міт “Літва” ў дачыненьні да Беларусі. Сёньня мы гаворым пра Русь. Калі ўзьнік гэты тэрмін увогуле? І калі ён стаў ужывацца датычна Беларусі?

Трусаў: Значна раней за “Літву”. Летапісныя бізантыйскія аналы называюць 839 год. Тады варагі са Швэцыі прыехалі ў Бізантыю і сказалі імпэратару, што яны паслы кагана (значыць, кіраўніка) Русі. Іншыя крыніцы русьсю называюць нападнікаў на берагі Чорнага мора і Касьпію. Русьсю называлі аб’яднаныя атрады варагаў і славян. У 911 годзе зьяўляецца згадка пра гэтак званыя рускія гарады, сярод іх называецца і Полацак. А вось Масквы тады не было. Яна ўпершыню згадваецца пад 1147 годам.

Ракіцкі: У навуковым і ня толькі ўжываньні знаходзяцца тэрміны з рознымі прыметнікамі ў дадатак да назову Русь — у тым ліку Чорная і Белая Русь. Затым — і народы сталі называць вызначэньнямі, вытворнымі ад той жа Русі — вялікаросы, маларосы, беларусы. Чаму?

Трусаў: Першае дзяржаўнае ўтварэньне ўсходніх славян са сталіцай у Кіеве было створана з дапамогай варагаў. Пазьней, калі варагі былі асіміляваныя славянамі, Кіеўская Русь распалася на шэраг незалежных дзяржаваў, якія ў сваіх назвах мелі слова Русь. Прыкладам, Наўгародзкая Русь, Полацкая Русь. А назва Белая Русь упершыню зьяўляецца ў ХІІІ стагодзьдзі. Дарэчы, у нямецкіх крыніцах.

Ракіцкі: Як ставіліся да гэтага беларускія гісторыкі? Абвяргалі? Карысталіся такімі вызначэньнямі? Прыкладам, вядомы гісторык Абэцэдарскі, а я памятаю гэта са сваіх студэнцкіх часоў, сьцьвярджаў, што ў ХІУ — ХУІ стагодзьдзях самі беларусы называлі сябе “рускімі”, а землі свае — “Русьсю”. А вы кажаце пра Белую Русь яшчэ ў ХІІІ стагодзьдзі…

Трусаў: Белая і іншыя Русі спачатку былі больш тэрытарыяльнымі, геаграфічнымі вызначэньнямі, чым вызначэньнямі этнічных супольнасьцяў. І толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім славянскі этнас, а гэта будучыя беларусы і ўкраінцы, атрымалі назву “русіны”, альбо “рускія”. І ў Статуце ВКЛ запісана, што літарамі рускімі, а ня іншымі, пісары павінны пісаць. Гэта і ёсьць старажытная беларуская мова. Масковія ж доўгі час не называла сябе Русьсю. Упершыню Масковія стала называць сябе рускай дзяржавай толькі ў другой палове ХУІ стагодзьдзя, калі стала прэтэндаваць на спадчыну Кіеву. Наша вызначэньне Русі значна раней зьявілася. Што тычыцца беларускіх гісторыкаў, дык яны ўпершыню тэрмін “Русь” пачалі актыўна ўжываць у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Так, у падручніку Ўсевалада Ігнатоўскага 1926 году гаворка ідзе пра Полацкую Русь як землі будучай Беларусі. Мітрафан Доўнар-Запольскі ўвогуле лічыў, што назоў “Беларусь” узьнік значна раней, чым назовы “Русь Вялікая”, “Русь Малая”, “Чорная Русь”.

Ракіцкі: З тэрмінам “Русь”, здаецца, разабраліся. А як і калі ўзьнікае міт пра “древнерусскую” народнасьць?

Трусаў:
Тэрмін “древнерусская народность” быў створаны для таго, каб абгрунтаваць татальную русыфікацыю беларусаў і ўкраінцаў.
А вось гэты міт — чыста сталінскі. Ён не існаваў у “западноруссістов”. Тэрмін “древнерусская народность” быў створаны для таго, каб абгрунтаваць татальную русыфікацыю беларусаў і ўкраінцаў. Спачатку была нейкая “Древняя Русь”, потым Русь распалася. А народнасьць “древнерусская”, калі верыць Абэцэдарскаму, дажыла аж да ХУ стагодзьдзя, і ўжо потым на яе грунце ствараюцца рускія, украінцы і беларусы. Прычым, ствараюцца адначасна, але чамусьці рускія становяцца старэйшым братам. Беларускія землі сталі называць заходнімі землямі старажытнай Русі.

Ракіцкі: А чаму заходнімі, а не паўночнымі? Кіеў жа быў не на ўсходзе ад Беларусі, а на поўдні.

Трусаў: Усё правільна. Вось тут і тырчаць вушы сталінскіх гісторыкаў, бо сядзелі яны ня ў Кіеве, а ў Маскве. Таму тое, што на захад ад Масквы, назвалі заходнімі землямі Старажытнай Русі. А самае сьмешнае, што да гэтых зямель яны аднесьлі і наша Смаленскае Княства, хаця і пісалі, што Смаленск — “істінно русскій город”.

Ракіцкі: Як паўплываў міт пра адзіную старажытнарускую народнасьць на самасьвядомасьць беларусаў?

Трусаў: Надзвычай адмоўна. Калі паглядзець навуковую, і асабліва папулярную літаратуру, дык беларусам пакідалі толькі каўтун і лапці. Усё астатняе ў іх адабралі. Так, помнікі архітэктуры ХІ — ХІІ стагодзьдзяў, улучна з полацкімі Сафіяй і Спаса-Эфрасіньеўскай царквой, сталі “старажытнарускімі”. А рускія помнікі — проста рускімі. Далей. Нашы замкі — гэта замкі літоўскіх фэадалаў, а касьцёлы — польскія. Такім чынам, у нас нічога, акрамя каўтуна і лапцяў, няма. Вось так прыніжалася гістарычная вартасьць нацыі.

Ракіцкі: І ў пэрспэктыве гэтая нацыя растваралася ў больш моцнай, рускай?

А на зьмену старажытнарускай народнасьці павінен быў прыйсьці адзіны савецкі расейскамоўны народ.
Трусаў
: Так. А на зьмену старажытнарускай народнасьці павінен быў прыйсьці адзіны савецкі расейскамоўны народ.

Ракіцкі: Калі пачаўся перагляд гэтага міту? Хто быў першым у крытыцы ці нават адмаўленьні яго?

Трусаў: Па-першае, супраць гэтага міту выступалі заўжды прадстаўнікі нашай дыяспары за мяжой, зь якімі ваяваў Абэцэдарскі. Потым ужо ў нашай краіне на першыя ролі выходзяць браты Анатоль і Валянцін Грыцкевічы. Валянцін Грыцкевіч выдаў кнігу, у якой разграміў усе гэтыя сталінскія міты. Вялікі ўнёсак у разбурэньне гэтай канцэпцыі зрабіў Мікола Ермаловіч. А як разваліўся Савецкі Саюз, дык і канцэпцыя загадала доўга жыць. Асабліва пасьля паўставаньня канцэпцыяў незалежных украінскіх гісторыкаў.

Ракіцкі: Адначасна зь беларусамі гэты міт разбураўся і ў іншых славянскіх народаў?

Трусаў: І ў Расеі ў тым ліку.Цяпер ужо расейская гістарыяграфія патрабуе забыць пра Кіеў як маці ўсіх гарадоў. Цяпер ужо такой маці стала Ладага — горад-дзяржава, заснаваны варагамі на Балтыйскім моры ў УІІІ стагодзьдзі. І ўжо там сьвяткуюць вытокі Расеі.

Ракіцкі: Але ж, здавалася б, расейцам можа быць выгадна працягваць гэты міт…

Трусаў: У некаторых выданьнях ён і працягваецца, асабліва калі ідзе вайна за панаваньне ва Ўкраіне. Калі мы пачытаем публікацыі шавіністычных расейскіх гісторыкаў, мы заўважым, што яны гэты міт працягваюць ужываць. Што тычыцца Ўкраіны, дык там дзяржава цалкам гэты міт адрынула. Ні ў адным падручніку па гісторыі вы там яго ня знойдзеце. І, дарэчы, у Беларусі таксама многія гісторыкі адрынулі гэты міт.

Ракіцкі: Дык на якім узроўні міт працягвае жыць у Беларусі сёньня? Хто і чаму падтрымлівае яго існаваньне?

Трусаў: Найперш падтрымліваюць гэты міт тыя людзі, якія так нічому і не навучыліся. Гэта людзі паважнага жыцьцёвага веку, якія ўсё жыцьцё пражылі, азіраючыся на ўсход.

Ракіцкі: І нарэшце — ці будзе калі-небудзь пастаўленая кропка ў гэтым міце? Хто яе паставіць? Калі ўжо беларусаў спыняць называць “тымі ж рускімі толькі са знакам якасьці”. Для тых, хто забыўся, нагадаю, што гэта словы першага беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя некалькі гадоў таму, у ХХІ стагодзьдзі.

Трусаў: Дарэчы, мне асабіста гэтае вызначэньне вельмі падабаецца. Ствараецца новы міт пра старэйшага брата з коранем у Полацку. Гэты міт зусім някепскі для беларусаў з улікам таго, што мы сталі рускімі называцца значна раней, чым нашы суседзі на ўсходзе.

Ракіцкі: А можа, беларусы ўвогуле першаславяне?

Трусаў: Сёлета гэта даказала наша археоляг Валянціна Вяргей. Яна знайшла першыя славянскія паселішчы на поўдні Беларусі, якія датуюцца У — УІ стагодзьдзямі нашай эры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG