Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год зямлі — выдатная нагода не будаваць АЭС


Валер Дранчук
Валер Дранчук
Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня — адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “TERRA-Канвэнцыя” Валер Дранчук. У родным блізкім краявідзе на Стаўпеччыне ён штогод зьбірае дзіцячыя экалягічныя пленэры “Маляўнічая Бацькаўшчына”, з такой жа назвай ажыцьцяўляе каляндарную мастацкую сэрыю. Штораніцы ў нашым эфіры гучалі развагі Валера Дранчука пра беларускія экалягічныя рэаліі. А напрыканцы ён замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Блізкі краявід, яго стан і магчымасьці абароны ад маразму і запусьценьня”.

І найперш грамадзкі рэдактар тыдня папрасіў разабрацца ў наступнай праблеме: зь якіх сродкаў фармуецца Рэспубліканскі фонд аховы прыроды, якая працэдура разьмеркаваньня прадугледжана сёлета? На што могуць разьлічваць на месцах? Ці прадугледжана фінансаваньне асьветна-адукацыйных, інфармацыйна-выдавецкіх, школьна-выхаваўчых экалягічных праектаў, зноў жа перш-наперш на месцах?

Грошы з Фонду прыроды ідуць і на “Дажынкі”, і на аграгарадкі, і на палярныя дасьледаваньні…

Сёлета ў Рэспубліканскі фонд аховы прыроды заплянавана 470 мільярдаў рублёў, зь якіх пяць адсоткаў пойдзе ў рэзэрвовы фонд прэзыдэнта. Уласна кажучы, ён вырашае — на што канкрэтна і колькі грошай будзе выдаткавана. Урад вызначае толькі парадак выкарыстаньня гэтых сродкаў. Напрыклад, з прэзыдэнцкага рэзэрвовага фонду 110 мільярдаў рублёў прызначаюцца для будаўніцтва аб’екту для апрацоўкі цьвёрдых бытавых адкідаў, глею й асадкаў сьцёкавай вады ў Берасьці.

У “Законе аб рэспубліканскім бюджэце на 2009 год” гаворыцца, што прыярытэтнымі накірункамі зьяўляюцца ахова здароўя, навакольнага асяродзьдзя, жыльлёвыя і камунальныя паслугі, сацыяльная палітыка, пераадоленьне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Даходная частка рэспубліканскага бюджэту заплянавана амаль у 55 трыльёнаў рублёў.

У Фонд аховы прыроды трапляе экалягічны падатак — за выкарыстаньне прыродных рэсурсаў, а таксама частка плацяжоў за выкіды рэчываў, што забруджваюць паветра і ваду. Цікава, што ў яго накіроўваюцца грошы, сплачаныя за імпарт тавараў у плястмасавай тары. Штрафы за шкоду навакольнаму асяродзьдзю — чарговы артыкул даходнай часткі фонду. Яму прызначана і тое, што ўдаецца спагнаць з браканьераў. Дарэчы, экалягічны падатак у 2009 годзе індэксуецца на 17 адсоткаў, але гэта не датычыць плацяжоў за перапрацоўку нафты і нафтапрадуктаў.

2009-ы абвешчаны ўладамі Годам роднай зямлі. Вось што мне ўдалося даведацца з гэтай нагоды ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў:

Спадарыня: “І практычна вельмі вялікія сродкі дадзены для сельскай гаспадаркі — для навядзеньня парадку на зямлі, па зьнішчэньні, перапрацоўцы пэстыцыдаў, цьвёрдых бытавых адкідаў”.

А што яшчэ плянуецца ў сельскай мясцовасьці?

Спадарыня: “Тут проста дадзены лічбы і назвы: мерапрыемствы, прадугледжаныя рэспубліканскім плянам па правядзеньні Году роднай зямлі, у тым ліку па прадухіленьні шкоднага ўзьдзеяньня адкідаў, далей — па рэкультывацыі парушаных земляў, па захаваньні і выкарыстаньні расьліннага і жывёльнага сьвету, асабліва каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў. Тут агульныя словы, канкрэтыкі няма”.

Я пацікавіўся — якія канкрэтна сумы плянуюцца на паляпшэньне экалягічнага стану сельскіх мясьцінаў?

Спадарыня: “Сумы ёсьць, канечне, але я ня ведаю, ці маю права вам называць іх, разумееце. Мы, напрыклад, свае лічбы аддавалі ў Саўмін, а Саўмін кроіў іх і што ён вярнуў, я ня ведаю”.

Прэсавы сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь пацьвердзіла, што нямалая сума заплянаваная на паляпшэньне сытуацыі з адкідамі, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці. Я пацікавіўся — ці заплянаваныя сродкі на прапаганду экалягічных ведаў?

Пенязь: “У нас ёсьць асобныя накірункі экалягічнага выхаваньня і навучаньня, яно таксама, канечне, і ў рэгіёнах ёсьць. Калі гаварыць пра лічбы, мне трэба паглядзець выніковы дакумэнт фонду па выдаткаваньні сродкаў, які я цяпер не магу знайсьці. Я сяджу цяпер над дакладам міністра на выніковую калегію”.

Спадарыня Пенязь сказала, што заплянаваныя ў Фондзе аховы прыроды лічбы мелі карэкціроўку…

БЕЛТА паведаміла днямі, што для правядзеньня Году роднай зямлі Гарадзенскаму абласному камітэту Мінпрыроды вылучана каля двух з паловай мільярдаў рублёў. Значная іх частка — 1,7 мільярда — на прадухіленьне шкоднага ўзьдзеяньня адкідаў на прыроду. З астатняй сумы асноўныя грошы прызначаныя для рэкультывацыі земляў. Заплянаваныя сродкі таксама і на інфармацыйныя экалягічныя мерапрыемствы.

Апроч чыста экалягічных праектаў — такіх , як праграма “Чыстая вада” або па аздараўленьні возера Нарач, грошы з Фонду прыроды выдаткуюцца таксама на правядзеньне рэспубліканскіх дажынак, на аграгарадкі, а яшчэ на “маніторынг палярных раёнаў Зямлі”, на арктычныя і антарктычныя экспэдыцыі і фінансаваньне Рэспубліканскага цэнтру палярных дасьледаваньняў.

Камэнтуе Валер Дранчук:

Чым актуальны гэты сюжэт? Я досыць часта бываю ў раёнах, заходжу ў інспэкцыі прыродных рэсурсаў, не мінаючы і абласныя камітэты, — і чую скаргу на тое, што апошнія гады мясцовыя экалягічныя службы цалкам пазбаўлены вось таго пірага, які называецца Рэспубліканскі фонд аховы прыроды.

Раней, гадоў пяць таму, было інакш: адпаведная частка экалягічных грошай накіроўвалася ў абласны камітэт, у пэўнай долі тут асядала, астатні абласны пірог разьмяркоўваўся па раёнах. Службы на месцах маглі хоць неяк паводзіцца самастойна, разьмяркоўваць гэтыя сродкі: латаць экалягічныя дзіркі, заахвочваць актывістаў, дапамагаць школам і сельскім бібліятэкам — купляць экалягічную літаратуру ці выпісваць “зялёныя” выданьні. Цяпер кажуць: лягчэй памерці, чым выпрасіць тыя грошы, прэзыдэнт, маўляў, усё падгарнуў пад сябе. Цяпер ён сам “латае дзіркі”: то на аграгарадкі пусьціць, то на добраўпарадкаваньне…

Фонд, які складаецца з падаткавых адлічэньняў, штрафаў за парушэнні экалёгіі, ані ж не кантралюецца грамадзтвам і ніяк не падсправаздачны падаткаплацельшчыку. Баюся, што і мінпрыроды тут часткова ўбаку, бо кожная тысяча рублёў кантралюецца мінфінаўскай бюракратыяй. Ня кажучы пра тыя ж раённая інспэкцыя, якія цалкам засталіся без бугальтэрыі, ня могуць нават дапамагчы якому-небудзь школьнаму гуртку ці экалягічнаму клюбу набыць агульны сшытак ці купіць шарыкавую асадку.

Дагэтуль, дарэчы, фонд ня мае і палажэньня аб дзейнасьці, а кіруецца штогод усё новай ды новай інструкцыяй. Спэцыяліст мінпрыроды сп. Трасьцянка на маю просьбу назваць сёлетнюю суму фонду, адказаў, што гэта закрытая інфармацыя.

Беларускую экалёгію “абараняюць” адна партыя і 24 аб’яднаньні — нямала. А карысьці зь іх?

Падчас нашай размовы з Валерам Дранчуком нечакана высьветлілася: нават ён, адзін з самых дасьведчаных у экалягічнай праблематыцы людзей краіны, не валодае інфармацыяй пра тое, колькі менавіта структураў займаюцца сёньня ў Беларусі аховай прыроды, наколькі моцны грамадзкі кантроль за станам блізкага краявіду, ці ёсьць стасункі паміж нефармаламі, так бы мовіць, і дзяржавай, якія значныя кампаніі плянуююца на пэрспэктыву…

Начальнік Упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі паведаміў: зараз у Беларусі зарэгістраваная толькі адна экалягічная партыя:

“Ёсьць Партыя зялёных, яна зарэгістраваная, можна ў нас на сайце паглядзець. Назва, праўда, не зусім такая: “Беларуская партыя “Зялёныя”.

Зарэгістраваная яна яшчэ 17 красавіка 1994 году. Называлася тады Беларуская партыя “Зялёны сьвет”. У 1990-я гады існавалі таксама “Беларуская партыя “Зялёныя” (старшыня спадар Карташ) і Беларуская экалягічная партыя “Зялёныя” (старшыня Міхаіл Фрыдлянд). У 1999 годзе, перад перарэгістрацыяй, яны аб’ядналіся, і партыя стала называцца “БЭЗ”. А “Зялёны сьвет” — “Беларускай партыяй “Зялёныя”. Дарэчы, зарэгістраваная яна ў Гомелі. 13 гадоў яе ачольваў Алег Грамыка, потым па стане здароўя ён папрасіўся ў адстаўку. Старшынём партыі стаў Алег Новікаў, вядомы беларускай грамадзкасьці як фэльетаніст Лёлік Ушкін. Алег Грамыка застаўся ганаровым лідэрам.

Цяпер Алег Новікаў знаходзіцца па-за межамі Беларусі, зьвязацца зь ім не ўдалося. Таму пра партыйныя справы гутару з Алегам Грамыкам.

Што да колькасьці сяброў партыі, спадар Грамыка кажа:

“Калі я перадаваў дакумэнты паўтара года таму, было 1270 сяброў. Цяпер, я думаю, 1270—1300 чалавек”

“Мілінкевіч — гэта наш вылучэнец. Калі ішло вылучэньне на Кангрэс дэмсілаў, Мілінкевіч быў вылучаны нашай партыяй і стаў кандыдатам у прэзыдэнты”.

Што да канкрэтных экалягічных праблемаў, ганаровы старшыня ўзгадвае справы даволі даўнія:

“У Гомелі ёсьць хімічны завод, які выдае шмат шкодных адкідаў — тут вялікія горы фосфагіпсу. Экалёгія Гомелю вельмі пакутуе. Мы шмат займаліся гэтай справай, пікетаваньні ладзілі. Праўда, не давялі да канца, але нейкія крокі ўжо робяцца, каб гіпс гэты пусьціць у справу — дарогі ўкладваць ці завод адкрыць па вытворчасьці гіпсакартону. І яшчэ шмат чаго. Хаця гэта нялёгкая праца”.

Ганаровы старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” распавёў і пра чарнобыльскія справы, аздараўленьне 8 тысяч дзяцей ў Італіі, раздачу гуманітарнай дапамогі зь Італіі і Нямеччыны…

“Мы доўга дамагаліся, каб адкіды Чарнобыльскай АЭС не згружалі на агульны палігон. І яго адкрылі ў Чачэрскім раёне. Гэта таксама была наша справа, за якую мы доўга біліся”.

Што да стасункаў з афіцыйнымі структурамі, Алег Грамыка распавёў:

“Раней у нас былі вельмі добрыя адносіны, калі ў Міністэрстве юстыцыі працаваў спадар Сухінін. Мы зь ім былі ў вельмі добрых адносінах, і празь яго працавалі зь Мінпрыроды. Не магу сказаць, што вельмі добра яны да нас ставіліся. Бо заўсёды, калі мы кудысьці зьвярталіся, нам казалі: ня лезьце не ў сваю справу”.

Што да цяперашніх праблемаў, барацьбы супраць будаўніцтва АЭС — адзін зь лідэраў “зялёных” нічога не казаў. Ніякіх гучных судовых працэсаў партыя не ініцыявала, бо, паводле тлумачэньня спадара Грамыкі, на суды патрэбныя грошы, якіх няма.

Да таго ж, у Міністэрстве юстыцыі зарэгістравана ажно 24 грамадзкія аб’яднаньні экалягічнага накірунку.

Камэнтуе Валер Дранчук:

Як ня скрушна, для мяне гэтая партыя, пра якую сёньня гаворым, — гэта партыя-фантом. Я яе ня бачу і я яе ня чую. Калі кажуць аж пра тысячу чальцоў — дык дзе яны? Ну хоць бы трохі параўнаем — Аб’яднаная грамадзянская партыя: іх лідэраў мы чуем штодня. Мы бачым іх у нейкім апалчэньні, у экстрыме, часам на барыкадах.

Мяне вельмі трывожыць гэткая адсутнасьць і малавыразнасьць.

Партыю, якую ня ведаюць, трэба альбо ратаваць альбо шукаць спосаб знайсьці ёй замену. Бо калі яна мітычна-фантомная, не выконвае сваіх функцый, яна тым самым дапамагае трымацца на плаву рэакцыйным сілам — тым жа руйнавальнікам беларускай прыроды і беларускага краявіду. Яны камфортна сябе пачуваюць. І наадварот, аглядка на літару закона, на прынятыя нормы, на міжнародны аспэкт, як гэта ў выпадку Белавескай пушчы, будаўніцтва Атамнай электрастанцыі, наогул, аглядка на грамадзтва з боку намэнклятуры будзе толькі тады, калі ёсьць адпаведны рух, грамадзкі ці палітычны, але абавязкова альтэрнатыўны, крытычны, аналітычны.

Вось прыклад. Нядаўна наконт будаўніцтва АЭС выказалася беларускае МЗС. Была зроблена аглядка на Орхускую канвэнцыю што да памежных стасункаў зь Літвою. Заўважце, гэта здарылася праз тыдзень пасьля заявы Бэніты Вальднэр і пасьля візыту ў нашу краіну міністра замежных спраў Літвы. Імі і была выказана заклапочанасьь будаўніцтвам. Дык вось, я пра важнасьць палітычных заяў.

Яшчэ адзін нюанс. Калі ад партыі ідзе на прэзыдэнта краіны той альбо іншы кандыдат, мяркую, партыя павінна быць адпаведнага роўню. Калі ж партыя — фантом, знаходзіцца дзесьці ў цяні, на трэцьцеразрадных пазыцыях, дык атрымліваецца і кандыдат такога ж роўню. Тут трэба добра ўсім падумаць.


Экалягічная сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў кіруецца прынцыпам “пакуль гром ня грымне”

Статыстыкі аб актыўнасьці беларускіх грамадзянаў у абароне сваіх экалягічных правоў не вядзецца, распавядае кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Алена Лаеўская:

“Калі казаць чыста прафэсійна пра тое, ці паставіў хто-небудзь пытаньне і падаў зыск пра абарону свайго права на станоўчае навакольнае асяродзьдзе, то я са 100-працэнтнай упэўненасьцю магу сказаць: такога зыску ў Беларусі не было. Але падобныя, якія закранаюць інтарэсы экалягічныя, — такія ёсьць. Іншая праблема, што міністэрства аховы прыроды не вядзе статыстыкі такіх спраў. Хаця наўпрост патрабаваньня гэтага ў падпісанай намі Орхускай канвэнцыі няма, але прынцыпова кажучы паводле канвэнцыі яны мусілі б весьці гэткую статыстыку”.

Паводле спадарыні Лаеўскай, наагул, экалягічная сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў пакуль што вельмі нізкая параўнальна з разьвітымі эўрапейскімі краінамі — моцна працуе прынцып “пакуль гром ня грымне”:

“Нават калі даць 20 тысяч інфармацыйных паведамленьняў, чалавек ня пойдзе абараняць свае правы, пакуль гэта не стане для яго асабіста вельмі важным. Калі з Дружным сытуацыя „набалела“, — людзі пайшлі. Калі зь Севастопальскім паркам „набалела“, — людзі таксама пайшлі. Калі на Паўднёвым Захадзе ў Менску праблемнае будаўніцтва на адной з пляцовак вялося, людзі пайшлі абскарджваць рашэньне Менгарвыканкаму”.

Вольга Захарава — кіраўніца Орхускага цэнтру, якія знаходзіцца на балянсе Міністэрства аховы прыроды. На яе думку, патрэба беларусаў у экалягічна-прававых ведах вельмі высокая, але ў цэнтра бракуе чалавечых рэсурсаў, каб арганізаваць вялікую інфармацыйную кампанію:

“Нават калі я, прыкладам, выступаю на радыё, пакуль даяжджаю ад радыё да офіса, паступае 20 званкоў. „Разгрэбці“ аднаму чалавеку такую колькасьць немагчыма. А ўсплеск цікавасьць адразу вельмі заўважны. Гэта стрымлівае вялікую рэклямную акцыю — хаця сродкі для яе існуюць”…

Тым часам, патрэба ў інфармацыі пра экалягічнае права ў Беларусі — вельмі высокая. Што такое права на чыстае і здаровае навакольнае асяродзьдзе, нават у судах разумеюць не заўсёды, сьведчыць Алена Лаеўская.

“Я сама была сьведкам, калі людзі кажуць у судзе, што будаўніцтва парушае маё права на станоўчае навакольнае асяродзьдзе, а судзьдзя пытаецца: “Дык а што ў вас, нага перастала рухацца ці аднялася рука, ці вока вывалілася з-за таго, што ў Вас будуецца ў Севастопальскім парку нешта? Таму што лічыцца: шкода здароўю — гэта калі здароўе згублена ўжо. І гэта неразуменьне сутнасьці пытаньня — глябальная праблема, глябальная”.

У Орхускага цэнтру ёсьць станоўчы досьвед агульных з грамадзянамі высілкаў на абарону навакольнага асяродзьдзя. Прыкладам, у Барысаве:

“Там зьбіраліся высякаць хвойнік, мы зрабілі шэраг захадаў, склалі пісьмовыя запыты ў патрэбныя інстанцыі… Рашэньне было адменена, экспэртыза была прызнана нядзейснай”…

А вось старажытнай ліпавай алеі ў Горадні пашанцавала менш — яе зьнішчыў “Зеленбуд”, распавядае краязнаўца, экскурсавод, біёляг з адукацыі Ігар Лапеха:

“Паркавая алея даваенная… Гэтым ліпам, іх было 7 штук — гадоў 80 было, можа, 90… . Там быў маёнтак, напрыканцы цяперашняй вуліцы Леніна. Адной цудоўнай раніцай я ішоў там і пабачыў, што пілуюць дрэвы. І я проста стаў пад гэтую пілу. Вось і ўсё”…

Гэткія дзеяньні Гарадзенскі гарадзкі суд палічыў хуліганствам, пакараўшы штрафам у 1 мільён 50 тысяч рублёў. Ігар Лапеха кажа, што паводле заканадаўства, тым часам, відавочна вінаваты “Зелянбуд”:

“Да абласнога суду мне давялося вывучаць закон датычна гэтай сытуацыі, які рэглямэнтуе сьпілоўваньне зялёных насаджэньняў у населеных пунктах. Хоць цяпер я магу даказаць, што высечка тая была незаконная. Падлог там быў відавочны — дрэвы дэкляраваліся як высахлыя, аварыйныя — усе сьмяротныя грахі на гэтыя дрэвы павесілі… Мне, як біёлягу, было відавочна — дый наагул, я ж маю вочы. Ад таго, што на клетцы са львом напішуць слон, ж не паверу ў тое, што гэта слон”…

Абласны суд выслухаў усе доказы незаконнасьці дзеяньняў “Зелянбуду” і адказаў: “прысуд справядлівы, застаецца ў сіле”. Гэтае рашэньне Ігар Лапеха мае абскарджваць у Вярхоўным судзе.

Камэнтуе Валер Дранчук:

Юрыдычны чыньнік у нашай гаворцы — адзін з ключавых. Што да будучыні — адзін з самых або самы патэнцыйна запатрабаваны. Бо ёсьць Орхуская канвэнцыя. Яна прадпісвае Бакам, а значыць, і Беларусі, якая падпісала і ратыфікавала канвэнцыю, забясьпечыць доступ грамадзтва да правасудзьдзя па пытаньнях экалягічнай бясьпекі і навакольнага асяродзьдзя.

Аднак, каб судзіцца, трэба мець вельмі цьвёрдыя пазыцыі і вельмі акрэсьленыя — усё па літары закону. Трэба ведаць і закон, і праблему, якое б пытаньне там ні стаяла: сьпілавалі дрэва ці вырашылі пабудаваць у вашым двары склад ядахімікатаў.

Самае істотнае, што я хачу сказаць у зьвязку зь сюжэтам, — у Беларусі не выконваецца Орхуская канвэнцыя. І юрыдычны складнік найперш. Доступ людзей да правасудзьдзя ў дамаганьні чыстага і бясьпечнага навакольля папросту затаптаны, мэханізмы выкананьня згодна з канвэнцыяй, лічу, пакуль што адсутнічаюць.

Найперш, нічога ня робіцца дзяржавай, каб людзі ведалі законы, свае экалягічныя правы. Ну няхай дзяржава адкрые ў Менску бясплатную юрыдычную кансультацыю — і гэта ўжо будзе канкрэтны істотны крок. Затым паступова у абласных цэнтрах, у іншых гарадах. Вось мая прапанова для галоўнага трымальніка Фонда аховы прыроды.

Глядзіце, было калісьці незалежнае выданьне “Фэміда”, выдатна заявіла сацыяльна-праўнай тэматыкай “Партнэрства” з аднайменным бюлетэнем у кожны пад’езд. Гэта былі першыя парасткі. У тым ліку “зялёныя”. Яны не перанесьлі замаразкаў. Шмат чаго даўно няма, зьнішчана. Таму так холадна і няўтульна сёньня грамадзтву. Але цёпла затое дзяржаве.

На жаль, звычайны чалавек, чалавек ваколіцаў — дзе б ня жыў, у вёсцы ці ў горадзе — ён не заняты ўвесь час тым, што ўсё фіксуе ды кантралюе, крытычна ацэньвае. Беларускае грамадзтва па вялікім рахунку ў сьпячцы. А інтэрвэнт, пра які я ўжо казаў, — у выглядзе інвэстыцый, напрыклад, дзейнічае штодня і штохвіліны. Мушу падкрэсьліць, гэта самы істотны патэнцыйны выкрадальнік нашых краявідаў.

І вось так адбываецца: там урвалі, тут урвалі. Там агалілі, тут агалілі. Дзесьці лужок, дзесьці лясок — і так віток за вітком. Што такое атамная электрастанцыя? Мала сказаць, што гэта тая мадэль вытворчасьці і спажываньня, якую сьвет адносіць да няўстойлівых і шкодных, — гэта яшчэ магутны, гіганцкі віток антрапагену, калі атамную печ запусьцім і спажываная электраэнэргія стане таннай… Дык хіба ня лепш сёньня, літаральна з заўтрашняга дня пачаць па-сапраўднаму эканоміць, рацыянальна абыходзіцца з кіляватамі ды яшчэ частку тых грошай, што мусяць быць кінутыя ў атамную топку, — аддаць на разьвіцьцё альтэрнатыўных, узнаўляльных відаў энэргіі, такіх як вада, вецер, сонца, біямаса… Гэта па-першае.

Па-другое, я прапаную нашаму ўраду, прэзыдэнту, іміджмэйкерам, залежным і незалежным, замежным і дамарошчаным, цікавы экспэрымэнт —
адкінуць атамныя амбіцыі, і пляцоўку пад АЭС ператварыць у поўную процілегласьць, пабудаваць на гэтым месцы здраўніцу еўрапейскага ўзроўню. Гэта будзе самым вялікім і раўназначным падарункам дзяржавы — году роднай зямлі, які на сёлета яна абвесьціла.

Валер Дранчук. З сэрыі “Блізкі краявід”.
Дарога на ўрочышча Язьвіны. Узьдзенскі раён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG