Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаву патрэбны адбіткі пальцаў большасьці беларусаў


Уладзімер Навумаў
Уладзімер Навумаў

Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў распавёў пра вынікі барацьбы са злачыннасьцю ў 2008 годзе.

“Я зьвярнуўся з прапановай у Раду бясьпекі — зьмяніць закон, каб можна было браць адбіткі пальцаў у любога ваеннаабавязанага грамадзяніна,” — пра гэта заявіў міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках 2008-га году.

Карэспандэнт “Свабоды” спытаў міністра пра ягоную асабістую адказнасьць за парушэньні закону падчас сьледзтва ў справе выбуху на праспэкце Пераможцаў. Міліцыянты прымушаюць людзей здаваць адбіткі пальцаў насуперак закону і спасылаюцца на загад міністра Навумава. “Ці гэта так?” – было пытаньне спадару Навумаву. У адказ прагучала, што здаваць адбіткі пальцаў – гэта нармальная зьява, маўляў, усе супрацоўнікі міліцыі гэта робяць без праблемаў, чаго іншыя супроць?

Міністар Уладзімер Навумаў спадзяецца, што пасьля зьмены адпаведнага закону ўдасца сабраць адбіткі пальцаў у значна большай колькасьці беларусаў і гэта дапаможа раскрыць справу аб выбуху на сьвяце Незалежнасьці, якая дагэтуль не раскрытая.

Нагадаем, праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту ўжо накіравалі ў пракуратуру ліст з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, паводле чыйго загаду нібыта з парушэньнем закону ў грамадзянаў бяруць адбіткі пальцаў.

Злачынцаў — менш, у тым ліку сярод міліцыянтаў

Паводле дадзеных міністра, за год было зьдзейсьнена 158 тысяч злачынстваў, між тым як пазалетась гэты паказчык складаў 177 тысяч. Зьменшылася і колькасьць цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойстваў.

Магчыма, да гэтага прычынілася і павышаная патрабавальнасьць да саміх міліцыянтаў. 103 міліцыянты летась былі асуджаныя за розныя злачынствы, 5 тысяч супрацоўнікаў пакараныя ў службовым парадку за розныя парушэньні. 150 міліцыянтаў, затрыманых за рулём аўтамабіляў у нецьвярозым стане, звольненыя за гэта зь міліцыі, паведаміў журналістам Уладзімер Навумаў.

Падрабязнасьці з прэсавай канфэрэнцыі — пазьней у эфіры і на сайце “Свабоды”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG