Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы будуюць АЭС, каб беларусы сваю будаваць перадумалі


Ігналінская АЭС на мяжы зь Беларусьсю
Ігналінская АЭС на мяжы зь Беларусьсю
Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас абмеркаваў з камісарам Эўрапейскага зьвязу па энэргетыцы Андрысам Піебалгсам пытаньні энэргектычнай бясьпекі Літвы.

Падчас гутаркі па тэлефоне, таксама былі абмеркаваныя пляны будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі паблізу літоўскай мяжы. Спадар Ушацкас папрасіў уключыць гэтае пытаньне ў парадак дня ЭЗ і Беларусі.

Паводле эўракамісара Піебалгса, няма ніякіх сумневаў, што для разьвіцьця стасункаў з Эўразьвязам Беларусь павінна будзе зьвярнуць увагу на пазыцыю ЭЗ адносна будаўніцтва АЭС каля яго мяжы. Спадар Піебалгс прапанаваў літоўскаму боку сканцэнтраваць увагу на будаўніцтве ўласнай новай АЭС, якая магла б таксама вырашаць энэргетычныя праблемы Беларусі.

Гэтыя і іншыя пытаньні плянуецца абмеркаваць прыканцы студзеня ў Брусэлі, а потым у сакавіку ў Вільні падчас пасяджэньня на вышэйшым узроўні ў пытаньні стварэньня агульнага балтыйскага энэргарынку.

Нагадаем, 8 студзеня ў Празе Вігаўдас Ушацкас абмеркаваў пытаньне энэргабясьпекі Літвы з Эўракамісарам па зьнешніх сувязях Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.

На сустрэчы з Бэнітай Фэрэра-Вальднэр спадар Ушацкас адзначыў, што палітыкі і грамадзкасьць Літвы выказваюць вялікую занепакоенасьць праектам пабудовы беларускай АЭС “з-за пытаньняў бясьпекі АЭС і яе ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе”.

Вігаўдас Ушацкас прапанаваў правесьці спэцыяльныя кансультацыі паміж Эўракамісіяй і Беларусьсю і падняць пытаньні пра выкананьне міжнародных канвэнцый у галіне атамнай бясьпекі ды забесьпячэньне празрыстага і адкрытага працэсу па ацэнцы ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

У прэсавай службе літоўскага міністэрства замежных спраў нагадваюць, што “Эўразьвяз ужо ня першы раз адзначаў, што далейшае разьвіцьцё стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю будзе залежаць ад таго як Беларусь будзе выконваць міжнародныя абавязкі”.

29 сьнежня Вігаўдас Ушацкас наведаў зь візытам Менск. Падчас сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі Беларусі ён таксама выказаў занепакоенасьць плянамі будаўніцтва беларускай АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG