Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: нам “Усходняга партнэрства” замала


На мінулым тыдні Эўрапейская камісія прадставіла сваю праграму шчыльнейшага супрацоўніцтва з шасьцю постсавецкімі краінамі: Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай, Украінай і Беларусьсю.

Праграма называецца “Ўсходняе партнэрства” і прапануе гэтым краінам, між іншым, падпісаць дамовы аб асацыяцыі і стварыць зоны вольнага гандлю.

Афіцыйная рэакцыя Кіева на “Ўсходняе партнэрства” была даволі стрыманай.

Міністэрства замежных справаў Украіны заявіла менавіта, што Ўкраіна гатовая падтрымаць “Усходняе партнэрства”, калі яно ня будзе альтэрнатывай для паўнапраўнага членства ў Эўразьвязе.

Кіеў відавочна баіцца, што запрапанаваўшы “Усходняе партнэрства”, Брусэль проста закрыў пытаньне далейшага пашырэньня Эўразьвязу або адсунуў яго на нявызначаную пэрспэктыву.

У сваёй рэакцыі на “Ўсходняе партнэрства” Кіеў таксама зьвярнуў увагу, што “амбітныя” рамкі праекту патрабуюць “адэкватных крыніц фінансаваньня”. Заўвага цалкам зразумелая, калі возьмем пад увагу, што праект гаворыць пра суму 600 мільёнаў даляраў, якая мае быць выдзеленая на рэалізацыю мерапрыемстваў “Усходняга партнэрства” да 2013 году. Сума, так бы мовіць, ня надта вялікая і для адной краіны, а іх жа — ажно шэсьць.

У адрозьненьне ад членства ў НАТО, якога ня хоча большасьць украінцаў, ідэя членства ў Эўразьвязе падтрымліваецца больш-менш паловай насельніцтва краіны. І Ўкраіна цяпер мае праэўрапейскага прэзыдэнта ды праэўрапейскі ўрад. Нічога дзіўнага, што Кіеў мае права адчуваць расчараваньне ад таго, што яму прапануецца тое самае, што і для Менску.

Аднак ўкраінскі палітычны экспэрт Аляксандар Сушко, дырэктар Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, сказаў нашаму радыё, што Ўкраіне няма чаго доўга круціць носам, а проста браць тое, што прапануюць:

“У прынцыпе для Ўкраіны гэта да пэўнай ступені крок наперад у разьвіцьці стасункаў з Эўразьвязам — у прыватнасьці ў тым, што Ўкраіна доўгі час выступала за дывэрсыфікацыю Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Безумоўна, Украіна адчувала дыскамфорт ад таго, што ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва да яе быў такі самы падыход, як да краін Афрыкі або Блізкага Ўсходу”.

Віцэ-прэм’ер Украіны Грыгорый Немыр’я, які цяпер знаходзіцца зь візытам у Брусэлі, таксама сказаў нашаму радыё, што Ўкраіна павінна пакарыстацца ініцыятывай “Усходняга партнэрства”:

“Мы лічым, што гэтая ініцыятыва і гэтая палітыка — калі будзе мець адпаведнае інстытуцыянальнае і фінансавае забесьпячэньне — дазволіць стварыць новыя магчымасьці для тых краін-суседзяў Эўразьвязу, якія сапраўды хочуць стаць у будучыні членамі Эўразьвязу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG