Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Садоўскі прапануе згадаць канкрэтныя прозьвішчы, лічбы і факты


Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

Сёньня Пётра Садоўскі праводзіць паралелі паміж 1990-мі гадамі і сёньняшнімі падзеямі.


– Мая кніжка – гэта не мэмуары былога амбасадара ці члена прэзыдыуму Вярхоўнага Савету (я быў старшынёй камісіі замежных справаў і зьнешнеэканамічных сувязяў). Гэта ўспаміны пра дзяцінства, настаўнікаў, проста добрых людзей, каханьне, сям’ю, пра пэрсанальнага Бога, веру, суседнія народы, культуру, мову. У сёньняшнія крызысныя дні недарэчы ў кароткім фармаце гаварыць пра ўзьнёслае… Як кажуць, не да пацераў, калі хата гарыць…

Таму ўзгадаю толькі адзін невялічкі разьдзел з кніжкі, які называецца “Капітал з мутнай вады перабудовы”.

Пачатак 1990-х гадоў вельмі нагадвае сёньняшні час паводле адной прыметы: пад музыку размоваў пра лібэралізацыю ідзе ўмацаваньне намэнклятуры. Гадоў 15-20 таму нібыта, як кажуць у народзе, бралася на дэмакратыю і дабудову нацыі. Быў нават парлямэнт з прыкметамі апазыцыйнасьці. Аднак шум у вершалінах дрэваў не закрануў эшалёны ўлады і рэальную эканоміку. Зьявілася хіба што тонкая праслойка каапэратараў, працавітых і спрытных, ды сотні дзьве замаскаваных багатых з украдзеным ды перапраўленым за мяжу капіталам. Ёсьць там некаторыя прозьвішчы і лічбы.

А што сёньня? Прапаную слухачам “Свабоды” для абмеркаваньня некалькі пытаньняў.

1. Ці магчыма будаваць малы і сярэдні бізнэс пры аўтарытарызьме без палітычнай базы? Вось лідэры бізнэсу просяць палітычныя партыі ня ўмешвацца ў іхныя страйкі ды маніфэстацыі… Але ці помніць хто, як было тое ў канцы 1980-х? Ці не наступаюць нашыя “премудрые пескари” ад бізнэсу на старыя граблі, наіўна думаючы “умиротворить” адміністрацыю прэзыдэнта, не выстаўляючы палітычных патрабаваньняў, без адкрытай інфармацыі, свабоднай прэсы?

2. Ці маюць працоўныя калектывы прадпрыемстваў, што папалі ў сьпіс для праватызацыі, дэталёвы парадак яе правядзеньня? Якія правы маюць т. зв. мінарытарныя акцыянэры? Ці не зьмянілася тайна статуту АТ або УП? Хто пакупнік? Якая ягоная рэпутацыя? Хто будзе часова кіраваць прадпрыемствам на час ацэнкі маёмасьці? Хто і як будзе яе ацэньваць? Якая тут роля прафсаюзаў? Што чакае членаў калектыву?

3. Ці бясьпечнае “стратэгічнае партнэрства” (гэта выраз Германа Грэфа і нашага кіраўніка дзржавы) з такім расійскім монстрам, як Ашчадны банк, калі агульныя дзяржаўныя даўгі “навешваюцца” на дзяржаўныя банкі і прадпрыемствы? Ці можна патрабаваць безумоўнага выкананьня плянавых паказчыкаў па продажах ад прадпрыемстваў без рэальнай падтрымкі рэальнага сэктару?

Прэзыдэнт кажа:”Савет міністраў і ўсе міністэрствы павінны ператварыцца ў Міністэрства гандлю!”

Але ці заменіць ручное кіраваньне й адміністрацыйны прэс сапраўды лібэральны мэханізм падчас крызісу? Немцы вунь і перадаплату за імпарт робяць, і запасы таннай сыравіны ствараюць, і мыту з падаткамі за новую тэхніку ня плоцяць, і танныя крэдыты на вытворчасьць бяруць, і бонусы банкірам скарачаюць…

Але то ж у прыватнай гаспадарцы. Там плянавых лічбаў няма…

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Пётра Садоўскі хутка адзначыць 70-годзьдзе. Будучы германіст і першы амбасадар незалежнай Беларусі сем гадоў прабыў у сьценах Менскай сувораўскай вучэльні, “дзе сфармаваліся ўсе вартасьці й комплексы інтэлектуала і рамантыка (цытатата зь ягонай кніжкі, выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе”). Няўдалыя спробы стаць вайсковым мэдыкам, фінансістам, філёзафам прывялі да посьпехаў у германістыцы і славянскай філялёгіі”. Спадар Садоўскі вядомы сёньня як кандыдат навук, дэпутат нацыянальнага парлямэнту, дыплямат, аўтар шматлікіх публікацыяў… У пятніцу ён прэзэнтуе аўтабіяграфічныя арабэскі “Мой шыбалет”, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода і выдадзеныя зь яго дапамогай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG