Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік Освальда ўпершыню наведаў месца забойства Кэнэдзі


Лі Харві Освальд
Лі Харві Освальд
45 гадоў таму, 24 лістапада 1963 году, у Даласе застрэлілі Лі Харві Освальда. 24-гадовы амэрыканец з Новага Арлеану быў галоўным падазраваным у забойстве прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кэнэдзі, якое здарылася за два дні да таго. Пасьля нэўтралізацыі Освальда адмысловая камісія Ўорэна так і не знайшла пераканаўчых фактаў, якія б засьведчылі, што менавіта ён і ёсьць забойца Кэнэдзі. Адна з прычынаў — таемнасьць асобных момантаў біяграфіі. Перадусім гэта тычыцца менскага пэрыяду, аб які спатыкаюцца дзясяткі дасьледчыкаў. Два гады Освальд быў зьвязаны зь Беларусьсю, у Менску ён знайшоў сабе жонку, тут нарадзілася ягоная першая дачка.

Яшчэ ў часе службы ў марской пяхоце Лі Харві Освальд захапіўся ідэямі марксізму. Пры канцы 1950-х яго апанавала навязьлівая ідэя на сабе адчуць прыгажосьці дзяржавы-экспартэра камуністычных ідэяў. І мара збываецца — у студзені 1960 году, не без рэкамэндацыі адпаведных службаў, яго селяць у Менску, працаўладкоўваюць на Беларускі радыётэлевізійны завод. У гэты ж час у канструктарскім бюро прыладабудаваньня зьявіўся Станіслаў Шушкевіч.
Станіслаў Шушкевіч
Паколькі праца яго была зьвязаная зь перакладамі на ангельскую мову, парткам дае паліглёту грамадзкае даручэньне — навучаць амэрыканца расейскай мове. З тых сустрэчаў спадар Шушкевіч робіць выснову: ня мог Освальд быць забойцам прэзыдэнта. А сёлета экс-сьпікер Вярхоўнага Савету ўпершыню наведаў Далас, дзе 45 гадоў таму забілі Кэнэдзі:

“Я ў Злучаных Штатах шмат разоў быў, але ў Даласе ўпершыню. І зразумеў, што не Лі Харві Освальд забіў Кэнэдзі. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Гэта было добра арганізаванае злачынства. А з пункту гледжаньня ардынарных патрабаваньняў бясьпекі там проста нічога не было арганізавана. Ня ведаю, гэта была змова ці ня змова, але ніяк не магу зразумець — як камісія Кангрэсу магла прыйсьці да высновы, што адзін чалавек учыніў такое вялікае злачынства, сусьветна вядомае!”

Пасьля нядаўняга абраньня прэзыдэнтам ЗША Барака Абамы амэрыканскія расісты ўжо пачалі заяўляць: ён можа зазнаць лёс Кэнэдзі. Найперш не дае ім спакою колер скуры новага прэзыдэнта. Некаторыя сілы лічаць яго абразай беламу насельніцтву Злучаных Штатаў. Але спадар Шушкевіч ня бачыць падставаў для такіх паралеляў:

“Цяпер, калі ідуць такія размовы, я думаю, бясьпека найвышэйшых асобаў у ЗША вельмі добра гарантаваная. Ня толькі па фільмах ведаю. Я сам быў там з афіцыйным візытам, праўда, даўно ўжо, у 1993 годзе. І павінен сказаць, што ўзровень клопату пра бясьпеку вышэйшых асобаў там проста фантастычна высокі. І ня думаю, што настолькі непрафэсійныя спэцслужбы, каб не разгадаць дурныя задумы і г. д. Перакананы, у расістаў няма шанцаў вырашыць гэтае пытаньне якім-небудзь іншым чынам. Бо інакш трэба перастаць паважаць Амэрыку, калі яна не забясьпечыць спакойнага, нармальнага кіраваньня дзяржавай чалавеку, якога абраў амэрыканскі народ”.

Мечыслаў Грыб
Чым больш гучная крымінальная справа, тым больш увагі да сябе яна прыцягвае. Аднак нават кінутыя на расьсьледаваньне такіх злачынстваў найлепшыя “пінкертоны” часта ня здольныя дакапацца да ісьціны. Таму наяўнасьць гучных “вісякоў”, як кажа генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, — справа звыклая для кожнай краіны, уключна зь Беларусьсю. Ад моманту выбуху 4 ліпеня ў Менску хутка міне паўгоду, а вінаватыя па-ранейшаму ня знойдзеныя. Калі ня здолелі зачапіцца па гарачых сьлядох у забойстве Кэнэдзі — разьлічваць на рыскрыцьцё праз 45 гадоў амаль немагчыма:

“Зразумела, што ўсялякае нераскрытае злачынства сьведчыць пра пэўную слабасьць службаў, якія займаюцца яго раскрыцьцём. Гэта тычыцца ня толькі нас, але і любой краіны. Забойства Джона Кэнэдзі так і засталося нераскрытым, хоць у ЗША, як лічыцца, вельмі моцныя спэцслужбы. Вельмі шмат гучных злачынстваў не раскрыта ў Расеі. І ў іншых краінах гэта таксама мае месца. Прыкладам, цягам 15 гадоў у Віцебскай вобласьці маньяк дзейнічаў, у Расеі Чыкаціла жанчын забіваў. Справа зь нераскрытымі злачынствамі — зьява ненармальная, але фактычна яны ёсьць у кожнай краіне, ад іх цалкам пазбавіцца немагчыма. Дзесьці іх больш, дзесьці менш, але яны ёсьць усюды. Ёсьць злачынствы, якія потым сьпісваюцца як мінае пэўны час. А ёсьць тыя, якія ня сьпісваюцца ніколі”.

Паводле менскіх знаёмцаў Освальда, ужо пасьля першага месяца працы Лі Харві пачаў скардзіцца: праца надакучыла сваёй аднастайнасьцю, грошы няма на што траціць. Адна з забаваў — магчымасьць пастраляць у заводзкім ціры. Пазьней дасьледчыкі ўхопяцца за гэты факт біяграфіі: страляў у ціры, меў паляўнічую стрэльбу. Але экспэрты ЦРУ ня ўбачылі ў гэтым нічога на карысьць вэрсіі, што менавіта ён забіў Кэнэдзі.

Марына Прусакова
Неўзабаве манатоннасьць існаваньня Лі Харві парушыла 18-гадовая Марына Прусакова. У Менску яна зьявілася амаль паралельна з Освальдам: працавала фармаколягам у аптэцы 3-га клінічнага шпіталя. Згадвае былая лекарка Тамара Санкоўская:

“У яе так жыцьцё склалася, што маці памерла, яна засталася сіратой з айчымам. Айчым, канечне, быў рады куды-небудзь яе сьпіхнуць, бо ў яго сваіх было двое дзяцей у Ленінградзе. І тады яе ўзяў менскі дзядзька, родны брат яе маці Ільля Прусакоў. Разам зь цёткай Валяй яны ёй дапамагалі, нават калі ўжо замуж выйшлі, таксама працягвалі падтрымліваць. Па сутнасьці, яны былі першыя, хто ўгаворваў, каб яна не зьяжджала ў Амэрыку, бо невядома — куды яны і што іх там чакала. Асабліва ў той час, калі было зразумела — вяртаньня ня можа быць. Ну вось так і атрымалася”.

Цікаўлюся ў спадарыні Санкоўскай — ці была канкурэнцыя за Марыну сярод хлопцаў?

“Так, на яе зьвярталі ўвагу, яна была вельмі прыемная дзяўчынка. Так бы мовіць, карысталася посьпехам. Але Освальд неяк яе хутка „акруціў“. Уласна кажучы, зь ім яе пазнаёмілі знаёмыя хлопцы, якія, калі не памыляюся, у мэдінстытуце вучыліся, вывучалі ангельскую мову і кантактавалі з Освальдам, каб мову ўдасканальваць. Вось так і пачалося яе знаёмства з Алікам, як мы яго паміж сабой называлі… Канечне, усё гэта трагедыя, скалечылі жыцьцё дзяўчынцы. Але што ж цяпер зробіш…”

Зьяўленьне амэрыканца ў сям’і Прусаковых выклікала скандал. Такое сваяцтва ніяк ня мог успрыняць кіраўнік вытворчага ўпраўленьня МУС БССР падпалкоўнік Прусакоў. І калі пасьля вясельля 30 красавіка 1962 году маладыя з гадавалай дачкой Джун пачалі рыхтавацца да ад’езду ў ЗША, Прусакоў спыніў кантакты і з пляменьніцай, і з Алікам. Але многія з тых, каму давялося пазнаёміцца з Освальдамі, дагэтуль згадваюць добрым словам эфэктную маладую пару. Як спадарыня Вольга — зараз яна на пэнсіі, а на пачатку 1960-х працавала ў шпіталі разам з Марынай Прусаковай:

“Яна працавала яшчэ пры мне, у нашай аптэцы. Добрая такая дзяўчына, зусім маладая на той час. Ставіліся да яе вельмі прыязна: заўсёды „Марына-Марыначка“. І муж ейны Лі заходзіў, гэтаксама ўсім падабаўся.
Ня ведаю, як і што было там, у Амэрыцы, а тут ён добры чалавек быў.
Ня ведаю, як і што было там, у Амэрыцы, а тут ён добры чалавек быў. Цяпер, праз столькі гадоў, нічога не зразумееш. Але вось лёс: каб жылі дагэтуль разам — гэта як цудоўна было б! А так ад’ехалі на пагібель. Пасьля таго нічога пра іх ня ведала, толькі чуткі ўсялякія — забіў прэзыдэнта і г. д. Але ж, наколькі я ведаю, ніхто дакладна не ўстанавіў, хто забіў Кэнэдзі. Тады навошта ўсё зноў варушыць, калі столькі гадоў мінула? А паколькі ён тут быў, дык і прызналі, што мог нешта ўчыніць. А насамрэч нехта ўкакошыў, а на яго звалілі. Гэта маё меркаваньне: паколькі быў тут, у Саюзе, значыцца, вораг”.

Апошні раз Марына Прусакова наведала Менск у верасьні 2001 году — якраз у часе тэрарыстычных атакаў. Даведаўшыся пра цяжкую хваробу цёткі, яна прыехала з дачкой Джун, якая ў 1962 годзе нарадзілася ў Менску. З-за тэрактаў Джун ад’ехала раней, а Марына два месяцы даглядала Валянціну Прусакову. Цётка памерла ў лютым 2002-га. Незадоўга да сьмерці я быў у яе, яна расказвала, што пляменьніца жыве за дзьве сотні кілямэтраў ад Даласу з мужам Кэнэтам Портэрам. На фэрме яе наведваюць дзьве дачкі Освальда — Джун і Рэйчал, сын ад Портэра Марк, унукі.

“Так увогуле яна нічога. Прыяжджала сюды з дачкой Джун, яна ад Аліка. Вельмі такая цікавая жанчына…”

Карэспандэнт: “Падобная да бацькі?”

“Так, падобная. У Марыны ўвогуле ўжо шэсьць унукаў — пяць хлопчыкаў і адна дзяўчынка Клеапатра. Але ж што? Ні яна, ні Марынка сюды ўжо ніколі не прыедуць. Безумоўна, ужо прызвычаіліся да Амэрыкі. Дарэчы, пра Аліка яна — амаль маўчаньне. На момант прыезду працавала ў краме, Кэнэт ужо на пэнсіі. Сутыкнуўшыся з нашымі рэаліямі, казала: маўляў, і ў Амэрыцы шмат чыноўнікаў, якія, скажам, няправільна сябе паводзяць, але тут яшчэ больш. Калі пачала хадзіць па інстанцыях, каб яшчэ пажыць тут трохі, дык пакуль яе ганялі з кабінэту ў кабінэт, кажа, нават крэсла ніхто не прапанаваў. Прыйдзеш і стаіш, як дурань. Казала, што ў іх, як бы ні было, але калі прыходзіш, дык адразу крэсла прапануюць, пацікавяцца: чым можна дапамагчы? Тры дні хадзіла — і вось такая сваволя”.

Той прыезд Марыны Прусаковай-Освальд у Беларусь, напэўна, ужо апошні: пасьля сьмерці любімай цёткі Марыну зь Менскам больш нічога ня зьвязвае.

Амаль нішто цяпер не нагадвае пра колішнюю прысутнасьць у Беларусі Лі Харві Освальда.
Амаль нішто цяпер не нагадвае і пра колішнюю прысутнасьць у Беларусі Лі Харві Освальда. Былы супрацоўнік аддзелу кадраў цяперашняга заводу “Гарызонт” Вячаслаў Цімафееў — адзін зь нямногіх, хто яшчэ памятае Освальда. Аднак за мінулыя амаль паўстагодзьдзя матэрыяльная памяць ужо зацерлася:

“Таго цэху, дзе ён колісь працаваў, ужо даўно няма. Пасьля яго быў утвораны зусім іншы цэх, а цяпер і гэтага няма. Былы цір гадоў восем як зачынены, а падвал зараз аддадзены пад склад. Дый людзей з таго пэрыяду на прадпрыемстве не засталося, расказваюць пра яго толькі па чутках. Быў, праўда, у Освальда сябра Павал Галавачоў. Яны сябравалі, разам гулялі, на танцы хадзілі. Зусім маладыя былі. Але нікога з тых, хто працаваў зь ім раней, у нас ужо не засталося”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG