Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данчык: мяне перамога Абамы вельмі ўзрушыла


Грамадзяне ЗША з аптымізмам і надзеяй успрынялі перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах першага ў гісторыі чарнаскурага кандыдата. Наш калега Данчык перадае зь Нью Ёрку.

“Настрой у Нью-Ёрку ў выніку перамогі Барака Абамы проста сьвяточны. Гукі вуліцы ўчора каля поўначы нагадвалі хутчэй ня дзень выбараў, а навагоднюю ноч. Машыны сыгналілі, людзі выгуквалі лёзунгі кампаніі Абамы "Так, мы можам", у небе выбухалі фаервэркі. За такімі праявамі радасьці я назіраў са сваіх вокнаў у раёне East Village, а ў цэнтры – на 42-й вуліцы і Times Square – гэта было нават з большым размахам.

Мяне як амэрыканца перамога Абамы вельмі ўзрушыла. Учорашні дзень стаў знамянальным у гісторыі краіны, якая дагэтуль толькі тэарэтычна хвалілася магчымасьцю дасягненьняў для ўсіх. Я кажу тэарэтычна, бо ўсё ж прэзыдэнтам дагэтуль ніколі не была жанчына, ніколі ня быў прадстаўнік нацыянальнай меншасьці, ніколі не была асоба, прозьвішча якой канчалася на галосную літару... Перамога Абамы даказала, што цяпер гэтая тэарэтычная роўнасьць і аднолькавыя магчымасьці сталі рэальнасьцю.

Што да перамогі Дэмакратычнай партыі, дык я думаю, што гэта праява глыбокай стомленасьці амэрыканскага народу ад палітыкі надзвычай непапулярнага прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага, якая прывяла да працяглай вайны ў Іраку, да зьніжэньня прэстыжу Амэрыкі ў сьвеце, да краху эканомікі, неверагоднага дэфіцыту бюджэту і г.д.

Большасьць амэрыканцаў проста прагаласавала за зьмену курсу, бо рэспубліканскі шлях паказаў сябе штораз больш тупіковым. Ну а ці спраўдзяцца надзеі на новы шлях, увасобленыя ў новым прэзыдэнце, пакажа час”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG