Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя сустрэнецца з кіраўніком МЗС Польшчы


Сёньня ў Варшаве міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сустрэнецца з дэлегацыяй беларускай апазыцыі.


Асабістыя запрашэньні на сустрэчу атрымалі Вінцук Вячорка, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Аляксандар Мілінкевіч і Павал Севярынец. Нагадаем, гэтая сустрэча адбудзецца пасьля таго, як Рада Эўразьвязу ў Люксэмбургу абмеркавала сытуацыю ў Беларусі. Там жа было прынятае рашэньне прыпыніць на паўгода санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Лідэр стваранага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч адносна мэтаў сустрэчы з польскім міністрам замежных спраў заявіў:

“Я думаю, што праца, якую распачаў Эўразьвяз, толькі пачынаецца. Бо размова ідзе пра дыялёг і пакрокавае збліжэньне Беларусі і Эўразьвязу. У эканамічнай сфэры перш за ўсё. І тут толькі пачатак працы. Безумоўна, трэба распрацаваць крокі, якія павінны зрабіць беларускі бок і эўрапейскі бок. І паколькі Польшча — найбольш актыўная краіна ў гэтай працы, то такія кансультацыі надзвычай важныя”.

Учора, наведваючы мэмарыял “Яма” ў Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў у размове з журналістамі, што для дыялёгу з Эўразьвязам зьнятыя ўсялякія перашкоды. Камэнтуючы гэта, Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

“Ён перабольшвае. Бо першы крок зроблены, і яго віталі ў Эўропе. І апазыцыя таксама вітала вызваленьне палітвязьняў — гэта вельмі важны крок. Але далей трэба зрабіць многае. Гэта і вольныя мэдыі, і выбарчая практыка, і прымяненьне заканадаўства павінна быць іншым. Ёсьць 14 маладых людзей на так званай хіміі, якія выступалі ў падтрымку прадпрымальнікаў. Ёсьць 18 студэнтаў, якія ў Польшчы вучацца і ня могуць прыехаць, супраць якіх крымінальныя справы. Многа яшчэ крокаў трэба рабіць. А эўрапейскі бок таксама — гэта зьмяншэньне кошту візаў для беларускіх грамадзянаў, гэта прэфэрэнцыі ў гандлі, эканамічнае супрацоўніцтва і інвэстыцыі. Вельмі многа працы. Гэта толькі пачатак кансультацый”.


Паводле старшыні Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, адна з тэмаў размовы — мінулыя выбары ў Беларусі. Пакуль магчымасьці абмеркаваць гэтую тэму з польскім бокам не было.

“Гэта будзе яшчэ і размова і са структурамі ЭЗ празь міністра замежных спраў краіны, далёка не апошняй па сваёй вазе.

Гэта якраз сьведчыць пра тое, што ёсьць цікавасьць да меркаваньня аб’яднаных дэмсілаў. Эўрапейскі бок трымаецца таго, што любыя рашэньні, якія будуць прымацца адносна Беларусі, будуць прымацца з улікам таго, што думаюць пра гэта дэмсілы”.

Павал Севярынец нагадаў, што Радаслаў Сікорскі перад выбарамі ў Беларусі меў сустрэчу зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым:


“У эўрапейскай дэмакратычнай сыстэме, калі робяць памылку кіроўныя палітыкі, то заўсёды знаходзіцца нейкі апазыцыйны палітык, які абавязкова пакажа на гэтую памылку, і сытуацыю выправяць.

Таму і Сікорскаму падказалі, што ягоны візыт да беларускіх уладаў у Белавескую пушчу быў ня вельмі карэктным. І таму гэтая сустрэча — гэта спроба пэўным чынам выправіцца, атрымаць ацэнку беларускіх дэмакратаў адносна сытуацыі і, магчыма, скарэктаваць тую палітыку расчыненьня дзьвярэй перад прадстаўнікамі рэжыму, якую пачалі міністры Эўразьвязу”.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG