Машыны рухаюцца ад бэнзыну да электрычнасьці
Аўтасалён выразна паказаў тэндэнцыі разьвіцьця сучаснай аўтамабільнай прамысловасьці. Шмат машын, выстаўленых на салёне,-- электрычныя альбо гібрыды. Нават сярод знаёмых нам марак і мадэляў. Сымбаль на капоце Toyota Prius адлюстроўвае тэндэнцыі сёньняшняга дня – машына здольная ехаць і на бэнзыне, і на запасе электраэнэргіі ў батарэях, яна сапраўды зараджаецца ад разэткі. Такія машыны-гібрыды яшчэ цяжка заўважыць на парыскіх вуліцах, але яны ўжо стаяць у фірмовым салёне Таёты на Шамп-зэлізэ.
На салёне былі прадстаўленыя і цалкам электрычныя аўтамабілі для гораду, у тым ліку паліцэйская машына. І нават – першы ў сьвеце спартовы электрамабіль Venturi Fetish. Зараджаецца за 3 гадзіны, разганяецца да 290 кілямэтраў на гадзіну. Каштуе дарагавата – 297 тысяч эўра.
За такія грошы можна купіць новую мадэль аўтамабіля для алігархаў – вялізны кансэрватыўны Bentley Continental flying spur. Гэтая машына (12 цыліндраў, 6 літраў, хуткасьць да 322 кілямэтраў на гадзіну) каштуе “ўсяго” 255 тысяч эўра.
Але вялізныя машыны цяпер не ў пашане. У большасьці канцэпт-караў памеры сьціплыя, часам нават мінімалісцкія, прычыны – эканомія і экалёгія.
Вось яна будучыня гарадзкіх аўтамабіляў. Аднамесны электрамабіль Lumeneo Smera. Важыць 400 кіляграмаў. Аўтаномны ход без падзарадкі -- 150 кіламэтраў. Хуткасьць – да 130 кілямэтраў на гадзіну.
А гэтая гарадзкая машына прадстаўленая кампаніяй Assystem. Яе асаблівасьць – адно кола наперадзе. Ці то спрошчаная машына, ці то ўскладнены матацыкл.
Матацыклы сапраўды ўскладняюцца, наступны канцэпт бадай зьяўляецца рэвалюцыйным прарывам у барацьбе за лепшую аэрадынаміку. Толькі не зразумела, ці доўга матацыкліст зможа ляжаць у такой позе на сваім байку.
Калісьці брытанская фірма Rover пачынала з ровараў. Цяпер аўтагіганты вяртаюцца да іх. На выставе ўпершыню пабачыў ровар “Мэрсэдэнц-Бэнц”. Пакуль толькі ў якасьці прыдатку да аўтамабіля. Кошт гэтага ровару амаль як у некаторых аўто, што бегаюць па нашых дарогах, – каля 2,5 тысяч эўра.
Самы незвычайны з канцэптаў парыскага аўтасалёну – аўтамабіль Solo. Ён рухаецца ад сонечных батарэй і ад кінэтычнай энэргіі, якая выпрацоўваецца кіроўцам і пасажырам. У салёне 4 вялікія пэдалі, якія трэба ціснуць абодвум.
А на фінал фота для аматараў прадукцыі нямецкага аўтапрома. Канцэпт Аўдзі, які ў адрозьненьне ад папярэдне тут прадстаўленых мае ўсе шанцы неўзабаве стаць сэрыйным.
На сёньня завяршаю. Заўтра напішу пра некаторыя сьведчаньні славы і трыюмфу французаў (і не толькі ) на парыскіх вуліцах і плошчах. І беларускую геаграфію на адным з такіх важных манумэнтаў.
Фотаблог з Парыжу. 20 кастрычніка