Выбарчы ўчастак № 510 месьціцца ў будынку Менскага радыётэхнічнага каледжу. Тут стала дзяжураць міліцыянт і двое сяброў участковай камісіі. Старшыня камісіі Тамара Парафіяновіч кажа, што датэрміновае галасаваньне ідзе вельмі актыўна:
“У нас галасуюць жыхары раёну, людзі, якія выяжджаюць на лецішчы ў выхадныя дні і вось карыстаюцца магчымасьцю датэрміновага гэтага галасаваньня. Акрамя таго, студэнты — жыхары інтэрнату радыётэхнічнага каледжу, каледжу сувязі, а таксама студэнты БДУ інфарматыкі і радыёэлектронікі. Уласна кажучы, актыўна галасуюць перадусім студэнты. У агульнай колькасьці дзьве траціны — гэта студэнты і адна — жыхары мікрараёну. Дзесьці адсоткаў 45 у нас ужо прагаласавалі”.
У Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваная Галіна Палянская — дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а таксама два сябры дзьвюх камуністычных партый: Юры Васкрасенскі — ад Камуністычнай партыі Беларусі і Сяргей Калякін — ад Партыі камуністаў Беларускай. За некалькі хвілін у скрыню з надпісам “Датэрміновае галасаваньне” бюлетэні апусьцілі каля дзясятку маладых людзей:
Карэспандэнтка: “Вось вы прагаласавалі датэрмінова. Чаму сёньня, а не ў нядзелю, 28 верасьня?”
Студэнт: “Каб выходныя былі свабоднымі, бо ў нядзелю ня будзе часу прыехаць і прагаласаваць”.
Студэнт: “Мы дадому паедзем”.
Карэспандэнтка: “Вы часта езьдзіце?”
Студэнт: “Амаль кожныя выхадныя”.
Карэспандэнтка: “Датэрмінова прагаласавалі чаму?”
Студэнтка: “Таму што”.
Карэспандэнтка: “Калі не сакрэт, за каго?”
Студэнтка: “Так, гэта сакрэт. Я не хачу адказваць на гэтае пытаньне”.
Карэспандэнтка: “А што ў выходны дзень, у нядзелю 28-га, чаму вы не галасуеце?”
Студэнт: “Я паеду дахаты. Я іншагародні”.
Студэнт: “У нядзелю мне будзе нязручна ісьці на выбары”.
Карэспандэнтка: “Ці прасілі вас галасаваць датэрмінова?”
Студэнт: “Ну-у-у-у... Прасілі ўвогуле...”
Карэспандэнтка: “Як шмат вашых сяброў ужо прагаласавалі?”
Студэнт: “Чалавек 30 ужо”.