Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш актыўна галасуюць на ўсходзе


У першы дзень датэрміновага галасаваньня на ўчасткі прыйшлі 2,7% выбарцаў. Найбольшая актыўнасьць зафіксавана ў Віцебскай і Гомельскай абласьцях, найменшая — у Берасьцейскай.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік называе наступныя лічбы:

“Берасьцейская —2,3, Віцебская — 3,1, Гомельская — 3,1, Гарадзенская — 2,5, Менская — 3,0, Магілёўская — 2,6, горад Менск — 2,3, рэспубліка — 2,7 у сярэднім”.

На папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся чатыры гады таму, у папярэднім галасаваньні, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, узялі ўдзел 17,39% ад усіх выбарцаў. Юрыст Валянцін Стэфановіч у 2004 годзе займаўся маніторынгам выбарчага працэсу. Ён прагназуе, што лічбы датэрміновага галасаваньня тады і цяпер будуць прыкладна аднолькавымі:

“Як паказвае практыка, самы пік датэрміновага галасаваньня прыпадае на апошнія дні, пятніцу-суботу. І я думаю, што працэнт удзельнікаў датэрміновага галасаваньня будзе такі ж самы, як і чатыры гады таму. А ў нас ён дасягае 20%, а ў некаторых рэгіёнах — нават і 30%. Вельмі часта на закрытых участках выбары заканчваюцца раней, чым наступае дзень асноўнага галасаваньня”.

Тым часам паступаюць паведамленьні, што ў розных рэгіёнах краіны выбарцаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. Незалежны кандыдат у дэпутаты па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44 Леанід Невар паведамляе:

“Сёньня мы з даверанымі асобамі а 7-й раніцы выехалі на галаўныя збудаваньні, дзе знаходзяцца ўсе нашы нафтавыя прадпрыемствы. Хацелі раздаць мае апошнія ўлёткі, якія яшчэ заставаліся. І калі пачалі раздаваць іх ды размаўляць зь людзьмі, даведаліся, што ўжо ўчора цэлыя падразьдзяленьні галасавалі датэрмінова. Людзі кажуць, што ім загадалі прагаласаваць да 26-га, нават не да 28-га. А калі хто не прагаласуе, дык у іх будуць складанасьці на працы. Калі я стаў угаворваць людзей не галасаваць датэрмінова, адна жанчына мне адказала: “У мяне двое дзяцей, і нам трэба есьці”.

Кандыдат у дэпутаты кажа, што пасьля гэтых падзеяў ён накіраваў факсам скаргі — у Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Цэнтральную выбарчую камісію. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа:

“Калі мы на мінулым тыдні праводзілі трэнінгі ўчастковых камісіяў, была дакладная ўстаноўка — патрэбна ствараць умовы для датэрміновага галасаваньня, зрабіць аб’явы, што датэрміновае галасаваньне магчымае. Але ніякага прымусу быць не павінна”.

Юрыст Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на тое, што да 1996 году ў Беларусі, каб прагаласаваць датэрмінова, трэба было прадставіць доказы таго, што ты ня можаш прыйсьці на выбарчы ўчастак у дзень галасаваньня:

“Усё зьнікла ў 1996 годзе, калі праводзіўся другі рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, калі прапаноўваўся прэзыдэнцкі варыянт Канстытуцыі. Вось тады ўпершыню было ўжытае датэрміновае галасаваньне ў той форме, якая існуе і цяпер. А раней, сапраўды, калі чалавек галасаваў датэрмінова, ён мусіў прадставіць талён адмацаваньня. Гэта азначала, што ён ня можа прагаласаваць у асноўны дзень, а можа прагаласаваць датэрмінова, але толькі паводле гэтага талёну”.

За выбарчай кампаніяй па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня на сёньняшні дзень назіраюць 890 міжнародных назіральнікаў з 45 краінаў. Яны прадстаўляюць шэсьць міжнародных арганізацый. Найбольш назіральнікаў — ад АБСЭ і выканкаму СНД, адпаведна 416 і 325.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG