Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраньне ўсьляпую


Датэрміновае галасаваньне праходзіць з тыповымі парушэньнямі. Аб гэтым паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч.

У ліку парушэньняў В.Стэфановіч адзначыў немагчымасьць атрыманьня назіральнікамі якой-небудзь інфармацыі ад членаў участковых выбарчых камісій. "Нашым назіральнікам не паведамляюць, колькі бюлетэняў было дастаўлена на выбарчыя ўчасткі, колькі чалавек уключана ў сьпісы для галасаваньня, колькі прагаласавала ў першы дзень датэрміновага галасаваньня. Здаралася, што скрыні для датэрміновага галасаваньня былі апячатаныя "ўсьляпую" — скрыня перад апячатваньнем не была адчыненая і прад'яўленая для агляду членам участковай выбарчай камісіі", — паведаміў Стэфановіч.

Паводле яго, інфармацыю аб колькасьці грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова, праваабаронцы могуць атрымліваць толькі з афіцыйных паведамленьняў ЦВК.

Апрача таго, назіральнікі фіксуюць факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, паведаміў В.Стэфановіч. "Шмат сігналаў аб тым, што студэнтаў "добраахвотна-прымусова" просяць прагаласаваць датэрмінова. Такія настойлівыя "просьбы" матывуюць рознымі падставамі: маўляў, жыльцам інтэрнатаў, якія прагаласуюць датэрмінова, у суботу, 27 верасьня, будзе прадстаўлены выхадны дзень для таго, каб зьезьдзіць дадому. Гаворку вядуць аб "гонары факультэтаў", аб тым, што ў выніку датэрміновага галасаваньня факультэтам будзе лепш. Чыстай вады папулізм", — пракамэнтаваў В.Стэфановіч.

Ён зазначыў, што аналягічная сытуацыя назіралася ў ходзе парлямэнцкіх выбараў 2004 году і прэзыдэнцкіх — 2006-га.

Цяпер рыхтуецца чарговы прамежкавы даклад аб выяўленых парушэньнях. Канчатковую выснову наконт сумленнасьці і празрыстасьці выбарчай кампаніі праваабаронцы абнародуюць пасьля асноўнага дня галасаваньня (28 верасьня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG