Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк: “Беларусы не павінны прызнаваць фальшывыя выбары”


Госьць у эфіры “Свабоды” – заснавальнік Беларускага Народнага фронту, адкрывальнік Курапатаў і лідэр Кансэрватыўна Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк.


Ганна Соўсь: “Зянон Станіслававіч, некалькі дзён засталося да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Вы неаднаразова выступалі з заявамі, у якіх заклікаеце байкатаваць выбары 28 верасьня. Што дасьць байкот?”

Зянон Пазьняк: “Мае заявы ёсьць вынікам праграмнай палітыкі нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якая вось ужо паўгода займаецца рэальнай падрыхтоўкай байкоту і няўдзелу ў галасаваньні. Што дасьць байкот? Добра падрыхтаваны байкот дае магчымасьць спыніць несправядлівыя выбары і нанесьці моцны ўдар па рэжыму. У рэальнасьці, якая складваецца цяпер, байкот галасаваньня павінен паралізаваць магчымасьці маніпуляцыяў па прызнаньні недэмакратычных выбараў за дэмакратычныя. Гэта цяпер галоўнае пытаньне”.

08
Соўсь:
“На Вашу думку, пры якіх умовах беларускай апазыцыі трэба браць удзел у выбарах?”

Пазьняк: “Падстаўная апазыцыя і яе дзеячы будуць браць удзел у любых выбарах і пры любых умовах, калі ім скажуць гэта рабіць тыя, ад каго яны залежаць, у першую чаргу Брусэль і Масква. Ім не патрэбныя мае парады, тым больш, што яны не зьяўляюцца беларускімі палітыкамі, бо не адлюстроўваюць беларускія нацыянальныя інтарэсы. Мы выступаем за ліквідацыю рэжыму Лукашэнкі і яго падстаўной апазыцыі”.

Соўсь: “Адразу пасьля выбараў у Менск прыедзе расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін. Пасьля таго, як Беларусь не прызнала, нягледзячы на заклікі Расеі, незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, многія палітолягі пачалі гаварыць пра пагаршэньне расейска-беларускіх адносінаў і нібыта пра паварот Беларусі ў бок Захаду. Як Вы ацэньваеце цяпер стан і пэрспэктыву дачыненьняў паміж Расеяй і Беларусь?”

Пазьняк: “У прынцыпе не мяняецца нічога. І Лукашэнка, і Пуцін, і ўся камарыльля -- гэта адна група. Іхнія канфлікты і грызьня -- гэта стыль адносінаў у расейскай крымінальнай палітыцы, у выніку якой яны могуць адзін аднаго, як яны кажуць, нават замачыць ці прышыць. Але паўтараю, гэта грызьня ў лягеры саўдзельнікаў. Істотна, толькі тое, што закладнікам гэтай грызьні і канфліктнай палітыкі ёсьць Беларусь і ўвесь беларускі народ. З пункту гледжаньня нашага народнага становішча і трэба ацэньваць усе падзеі вакол. Маскве патрэбная легальная і праруская палата ў Беларусі, каб юрыдычна замацаваць сваю акупацыйную палітыку -- захоп беларускай маёмасьці, увядзеньне войска, ракетаў у Беларусь і гэтак далей.

Калі беларуская грамадзкасьць не падтрымае байкот, і калі людзі пойдуць галасаваць на фальшывыя выбары, то беспрынцыпная Эўропа можа прызнаць іх за дэмакратычныя. Тады перамога для рэжыму і Масквы забясьпечаная
Таму маскоўская дыпляматыя штурхае Эўропу на прызнаньне недэмакратычных выбараў. Лукашэнку патрэбная кішэнная палата, таму ён душыць усе праявы дэмакратыі і гуляе з Эўропай, каб там прызналі ягоны фальшывы парлямэнт. Тым часам Эўропа, убачыўшы агрэсіўнасьць Расеі, хоча на дармачка змусіць рэжым Лукашэнкі зрабіць геапалітычны выбар на карысьць Захаду коштам здачы сваіх утрыманцаў, так званай апазыцыі, і коштам продажу інтарэсаў усяго беларускага народу, прызнаўшы недэмакратычныя выбары за дэмакратычныя. Калі беларуская грамадзкасьць не падтрымае байкот, і калі людзі пойдуць галасаваць на фальшывыя выбары, то беспрынцыпная Эўропа можа прызнаць іх за дэмакратычныя. Тады перамога для рэжыму і Масквы забясьпечаная”.

Соўсь: “Калі міжнародная супольнасьць прызнае выбары ў Палату прадстаўнікоў, нягледзячы на шэраг парушэньняў, што трэба і што можна ў такім выпадку рабіць дэмакратычнай, нацыянальна арыентаванай супольнасьці Беларусі?”

Пазьняк: “Калі прызнаюць фальшывыя выбары, гэта будзе азначаць здачу Беларусі ў лапы прамаскоўскага рэжыму на водкуп Масквы. Падстаўная апазыцыя тады хутчэй за ўсё пераарыентуецца на ўсходняга спонсара і паступова стане адкрыта прамаскоўскай. Беларусы не павінны прызнаваць фальшывыя выбары і фальшывую палату. Неабходна падтрымліваць беларускую вызвольную палітыку Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Гэта адзіная партыя, якая прадстаўляе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Гэта ёсьць факт. Трэба падтрымліваць ініцыятыву "Беларуская салідарнасьць". Трэба будзе -- ствараць групы падтрымку беларускага адраджэньня. Трэба беларусам ва ўсім сьвеце арыентавацца на змаганьне і барацьбу. І галоўнае, на саміх сабе, на сваіх людзей, і на свой народ. Змаганьне з расейскай агрэсіяй можа трываць доўгі час. Моцна народ і моцныя людзі павінны быць да гэтага прыгатаванымі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG