“Калі ўжо і гэтым разам выбары акажуцца “недэмакратычнымі”, мы зь імі спынім усялякія размовы”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў суботу ў адказ на пытаньне агенцтва “Інтэрфакс-Захад”.
“Я ўжо казаў у інтэрвію заходнікам: мы праводзім гэтыя выбары ня проста ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і нашымі законамі”, перадае словы Лукашэнкі БЕЛТА. “Мы спрэс парушаем законы, і вядзем выбары па панятках Захаду і ЗША”, — дапаўняе Інтэрфакс.
“Паглядзім, як яны адрэагуюць”, — працягваў ён думку далей. “Гэта беспрэцэдэнтныя выбары па правілах Захаду”.
Не абмінуў Лукашэнка й сваіх палітычных праціўнікаў:
“Як за яго [апазыцянэра] прагаласуюць, калі ён увесь час каціць бочкі на гэтую ўладу?”, — усклікнуў кіраўнік дзяржавы й дадаў, што “апазыцыя ў нас на ўзроўні арытмэтычнай пагрэшнасьці”.
Ён таксама заявіў, што “нам крыкуны ў парлямэнце не патрэбныя, а патрэбныя канструктыўныя людзі”:
“Мы ўжо гэта праходзілі. Узгадайце парлямэнт майго скліканьня, у якім часам даводзілася нават забастоўкі дэпутатаў разганяць. Прыходзілася іх на руках адтуль выносіць і ў машынах адвозіць да жонак”.
Працягваючы тэму апазыцыі, кіраўнік дзяржавы заўважыў: “Усе яны — беспрацоўныя”. “Як ён можа перамагчы, як за беспрацоўнага могуць галасаваць людзі?”.
“Таму ня трэба думаць, што апазыцыя тут рване дужа. Можа быць, і добра было б, калі б хто зь іх перамог, але гэта вырашыць народ”.
Лукашэнка заўважыў, што “гэтыя выбары арганізаваныя як ніколі” й дадаў: “Слава Госпаду, што выбары ідуць спакойна. Гэта кажа пра тое, што нашае грамадзтва здаровае й гэтай уладзе людзі давяраюць”.