Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта не байкот, гэта -- пратэст”


Сёньня 5 кандыдатаў ад АГП, якія балятаваліся на выбарах у Палату прадстаўнікоў па менскіх акругах, заявілі пра сыход з выбарчай кампаніі на знак пратэсту супраць адмовы друкарняў апублікаваць іх агітацыйныя матэрыялы.


Трое сяброў Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Станіслаў Багданкевіч, Аляксандар Дабравольскі, Валянціна Палевікова, а таксама адна зь лідэраў моладзевага крыла АГП “Маладыя дэмакраты” Ганна Ягорава і актывістка партыі Кацярына Маласаева заявілі, што здымаюць свае кандыдатуры з выбарчай гонкі. Прычына — адмова друкарняў апублікаваць іх агітацыйныя матэрыялы. У выніку ім няма з чым ісьці да выбарцаў.

Сваю заяву ў менскую Чкалаўскую выбарчую акругу нумар 96 цытуе Станіслаў Багданкевіч:

“Парлямэнцкія выбары ўладай, ЦВК пераўтвораныя ў фарс. Да пачатку папярэдняга галасаваньня засталося тры дні, аднак ніякіх інфармацыйна-агітацыйных матэрыялаў мне і іншым кандыдатам ад АГП не ўдалося вырабіць з-за адмовы друкарняў з санкцыі ЦВК прыняць замову”.

Сытуацыю з улёткамі С. Багданкевіч ацаніў як беззаконьне. Таксама ён нагадаў пра адмову ўладаў уключыць у склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў апазыцыі, што, на ягоную думку, сьведчыць пра падрыхтоўку да фальсыфікацыі выбараў.

“Гэта не байкот, гэта -- пратэст”, — так ахарактарызаваў падзею старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Пры гэтым ён заклікаў іншых кандыдатаў ад партыі і апазыцыйнай кааліцыі працягваць удзел у кампаніі:

“Гэта не рэакцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэта рэакцыя канкрэтных кандыдатаў ад АГП, якія трапілі ў канкрэтную сытуацыю. Таму ні Людміле Гразновай, якая надрукавала сваю агітацыйную прадукцыю, ні Віктару Гарбачову, ні Яраславу Раманчуку мы такіх рэкамэндацый на зьняцьцё не давалі, і наадварот, заахвочваем, каб яны выканалі нашы абавязкі ў рамках кааліцыі і прайшлі гэты шлях настолькі далёка, наколькі можна”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька таксама дагэтуль ня мае агітацыйнай прадукцыі, але вырашана, што ён працягне ўдзел у выбарчай кампаніі, бо на ім ляжаць асаблівыя абавязкі як на сустаршыні АДС.

“Акруга, па якой я іду, можа быць нядрэнным палігонам, каб мы прадэманстравалі, што гэтыя выбары несапраўдныя, ня могуць быць легітымнымі і што там ёсьць фальсыфікацыі”.

Тым часам Менская гарадзкая арганізацыя БНФ сёньня ўхваліла рашэньне ў падтрымку зьняцьця ўсіх кандыдатаў ад партыі 23 верасьня, за выключэньнем кобрынскага актывіста партыі Алеся Меха. Адзін з кандыдатаў ад БНФ Станіслаў Суднік зь Ліды ўжо выканаў рашэньне Сойму партыі і зьняўся з выбараў.

21 верасьня Палітрада АДС будзе разглядаць праблемы далейшага ўдзелу апазыцыі ў выбарчай кампаніі. Паводле А. Лябедзькі, увага будзе сфакусаваная на кантролі за выбарчым працэсам і прад’яўленьні доказаў фальсыфікацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG