Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: "знайшлі “страшылку” – кандыдатаў ад апазыцыі"


Штодня мы расказваем пра барацьбу ў розных рэгіёнах Беларусі за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Берасьце. Тут адбылася “ўцечка” ўладнага пляну папярэджаньня актыўнасьці дэмакратаў падчас выбараў
Шклоў. Вылучэнец АДС Рыгор Кастусёў перамог у барацьбе адразу з дзьвюма “вэртыкальнымі” раёнкамі – тамтэйшай, і суседняй – бялыніцкай
Браслаў. Мясцовы БРСМ змагаецца за цяперашняга “палатніка” Ўладзімера Скавародку, бясплатна раздаючы на кірмашы моркву й бульбу
Факт
У праваахоўны цэнтар “Вясна” перададзены дакумэнт, які сьведчыць пра падрыхтоўку ўладамі прэвэнтыўных мераў папярэджаньня магчымых правакацыйных дзеяньняў перад і ў час парлямэнцкіх выбараў. Дакумэнт мае назву “Забеспячэньне аховы правапарадку і дарожнай бясьпекі ў часе падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў у дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”; зацьверджаны начальнікам УУС Берасьцейскага аблвыканкаму. Апроч прэвэнтыўных мераў, у дакумэнце пазначана “праца са спэцапаратам, арыентаваную на выяўленьне асобаў, схільных да супрацьпраўных дзеяньняў у часе падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў”, сумесныя высілкі ў даглядзе за багажом аўтамабіляў з мэтай выявіць незаконную перавозку друкаванай агітацыйнай прадукцыі і шмат чаго іншага.

На думку кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Шыманскага, на мэце усіх гэтых мераў - перашкодзіць агітацыйнай перадвыбарнай працы:

“Гэта звычайная практыка нашых уладаў апошніх гадоў – пад надуманымі прычынамі перад значнымі палітычнымі падзеямі у краіне абвінавачваць актыўных людзей у якім-небудзь брыдкаслоўі. Я да гэтага падрыхтаваны, я прадбачыў гэткае разьвіцьцё падзеяў. Проста каб у выпадку чаго дзейнасьць маёй ініцыятыўнай групы не была паралізаваная цалкам”.
Здарэньне
Шклоўская выбарчая камісія задаволіла скаргу апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рыгора Кастусёва. Нагодай для скаргі стаўся артыкул у бялыніцкай раёнцы “Зара над Друцьцю” аб сустрэчы з выбарцамі Кастусёва й ягонага апанэнта па акрузе старшыні Шклоўскага райвыканкаму Валера Іванова. Паводле скаржніка, аўтар артыкулу Васіль Дзеравяшка ў зьняважлівай форме пераказаў сутнасьць ягонага выступу. Акрамя таго, старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ паскардзіўся й на газэту Шклоўскага райвыканкаму “Ўдарны фронт”.
Пра рашэньне камісіі апавядае Рыгор Кастусёў:
“Бялыніцкай раённай газэце прынесьці мне выбачэньні. Яны падрыхтуюць артыкул, я яго прачытаю й калі скажу “дабро”, тады яны яго змогуць апублікаваць. І плюс да гэтага яны павінны апублікаваць рэпартаж аб маёй сустрэчы з выбарцамі ў Бялыніцкім раёне. Шклоўскай раённай газэце “Ўдарны фронт” даручана апублікаваць рэпартаж аб маёй сустрэчы з выбарцамі ў Шклоўскім раёне, бо рэпартаж аб Іванове пасьля яго сыходу ў адпачынак быў двойчы ва “Ўдарным фронце”, а гэта парушэньне заканадаўства. Усе кандыдаты павінны знаходзіцца ў роўных правах”.
Цытата
На Гомельшчыне праўладныя кандыдаты ў дэпутаты пачалі публічна крытыкаваць сваіх апазыцыйных апанэнтаў.
Старшыня Ельскага райвыканкаму Сяргей Канопліч, які сёлета вырашыў памяняць “вэртыкальнае” крэсла на парлямэнцкае, у апублікаванай мясцовай афіцыйнай газэтай “Народны голас” праграме скрытыкаваў вылучэнца АДС Мікалая Гаўрыленку зь Лельчыцаў.
“Мой апанэнт, – піша Канопліч, – ідзе на выбары ад так званых “аб’яднаных дэмакратычных сілаў”. Гэтыя “сілы” прыйлі да ўлады ў Грузіі і на Ўкраіне. Давайце зададзім сабе пытаньне: мы хочам, каб у нас у краіне адбывалася тое, што адбываецца там? Мы хочам рэзкага абвастрэньня адносінаў з братняй Расеяй? Мы хочам, каб нашыя дзеці і ўнукі гінулі ў гарачых кропках, абараняючы чужыя інтарэсы?”.
Камэнтуе Мікалай Гаўрыленка:
““Такой лухты й такога вялікага абману я ніколі ня чуў. Праваліўшы сацыяльную палітыку, уладныя чыноўнікі памкнуліся ў дэпутаты. Яны знайшлі “страшылку” – кандыдатаў ад апазыцыі. Я заўсёды падтрымліваў суверэнітэт і незалежнасьць нашай дзяржавы. Дзякуючы незалежнасьці й суверэнітэту, наша Беларусь ня ўцягнутая ў ваенныя канфлікты.
Я выступаў і буду выступаць толькі за добразычлівыя стасункі нашай Беларусі з усімі дзяржавамі сьвету, і найперш з суседзямі – Украінай, Літвой, Латвіей, Польшчай і Расеяй. З усімі трэба сябраваць”.
Сытуацыя
У Браславе мясцовы райкам БРСМ поўны рашучасьці зноў забясьпечыць дэпутацкае месца цяперашняму “палатніку” Ўладзіміру Скавародку. Першы сакратар Галіна Паніч пераконвае, што моладзь узварушыць “балота агітацыі”:
“Раён наш малаколькасны і Богам забыты. Таму, самі разумееце, што выбары некаторым у цяжар. Іншыя ўвогуле нэгатыўна да іх ставяцца. Каб вось такую сытуацыю разрадзіць і крыху страсянуцца ды ўзрушыцца, у нас сёньня стартуе першая акцыя”.
Са словаў кіраўніцы Браслаўскага БРСМу, мінакам на вуліцы будуць прапанаваныя розныя “фанцікі ды банцікі” з напамінкам пра дзень выбараў. А найбольш крэатыўная на думку Галіны Паніч, акцыя адбудзецца на мясцовым кірмашы. Тлумачыць суразмоўца:
“Усім наведнікам рынку будзем прапаноўваць на талерках моркву і бульбу. Прасіць людзей, каб гэту гародніну яны стараліся закінуць у урну і тым самым спраўдзілі свой намер удзельнічаць у выбарах. Хто пацэліць – атрымае сьмешны прыз: балёнчыкі і асадку”.
Дарэчы, дзеля эканоміі моркву і бульбу для выбарцаў БРСМаўцы разразаюць на кавалачкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG