Дэтэктыўны характар працэдура запісу набыла пасьля таго, як у студыю зайшоў дырэктар “Тэлерадыёкампаніі “Гомель” Віктар Котаў і ўбачыў, што давераныя асобы кандыдата Жукоўскага паралельна запісвалі яго выступ на ўласную відэакамэру.
Гаворыць кандыдат у дэпутаты спадар Жукоўскі:
“Мы першапачаткова дамовіліся з супрацоўнікамі тэлевізіі, нас спакойна запусьцілі. Зьнялі пробныя кадры, а пасьля запісалі ўвесь мой выступ. Адначасова здымалі й мае людзі. Была на гэта вусная згода супрацоўнікаў тэлевізіі. І як толькі скончыўся запіс, у студыю ўварваўся дырэктар “Тэлерадыёкампаніі “Гомель” Котаў і стаў крычаць: “Чаго вы тут знаходзіцеся? Вы хочаце ўзарваць нас!” І панесьліся абвінавачваньні ў несусьветным. Выклікалі міліцыю, прыехала ажно восем чалавек - і мяне затрымалі. Яны сарвалі мне сустрэчу з выбарцамі, прызначаную на 12 гадзін”.
У Цэнтральным РАУСе кандыдат у дэпутаты Кастусь Жукоўскі й яго давераныя асобы Алесь Сівакоў і Сяргей Трыфанаў амаль дзьве гадзіны давалі тлумачэньні з прычыны інцыдэнту. Яны адзначылі, што з боку дырэктара была лаянка й пагрозы фізычнай расправы.
Тлумачэньні ў міліцыі даваў і кіраўнік “Тэлерадыёкампаніі “Гомель” Віктар Котаў.